Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мяжэнны: “Нашы могуць “запальваць” пад любую музыку”


Ігар Карней, Менск На папулярным забаўляльным сайце YouTube.com амаль месяц адным зь лідэраў праглядаў зьяўляецца відэаролік пад назвай “Dance from Belarus-Minsk!” (“Танцы зь Беларусі, Менску!”). У роліку кампанія нападпітку ў інтэ’еры сьціплай сталоўкі адзначае сьвята. Аб’ектыў відэакамэры зафіксаваў дзікія танцы, якія адных замежных наведнікаў сайту ад душы павесялілі, а іншых шакавалі. Між тым, для беларусаў нічога дзіўнага ў тых кадрах няма — амаль кожнае вясельле ці юбілей завяршаюцца падобным масавым “шэйкам”.

Паводле лічыльніка YouTube.com, “Танцы зь Беларусі” прагледзелі больш за 460 тысяч наведнікаў. Аўтарства кліпу пазначанае спасылкай на сайт paxa-minsk.livejournal.com. На жаль, на згаданай старонцы ніякай кантактнай інфармацыі, нават адрасу электроннай пошты, не пазначана. Таму пошук героя пераносіцца на неакрэсьлены час.

Што да зьместу прапанаванага на прагляд відэароліка, то там збольшага звыклая для беларусаў карцінка. Вясёлая кампанія рознаўзроставых людзей, якая, мяркуючы па ўсім, узяла ўжо ня першую музычную паўзу пасьля некалькіх тостаў, захоплена танчыць у суправаджэньні рэстараннага ВІА пад рэпэртуар “Ласкового мая”. Асобныя танцоры пры гэтым упадаюць у сапраўдны транс і не спыняюць рытму, нават калі пачынаюцца павольныя кампазыцыі.

Аляксандар Мяжэнны, кіраўнік школы танцу, пастаноўшчык танцавальных нумароў для папулярных беларускіх выканаўцаў, кажа, што шок замежных наведнікаў ад прагляду роліка зразумець можна. Паводле Мяжэннага, самі заходнікі наўрад ці здольныя разьняволіцца да такой ступені.

(Мяжэнны: ) “Калі народ, выпіўшы, расслабляецца, на людзей настолькі цікава паглядзець! “Дзьвіжуха” ідзе поўная, тармазоў няма — маю на ўвазе ў эмацыйным пляне. Таму народ элемэнтарна паказвае тую плястыку, якая, па вялікім рахунку, закладзеная прыродай. І калі людзі самі па сабе тыпажныя, то ў выніку атрымліваецца вельмі цікавае, кляснае відовішча. То бок бяз дурняў — маўляў, выпіў і разышоўся. А проста народ расслабляецца, ня думае пра тое, як на яго глядзіць сусед. Што да плястыкі, то куча кліпаў пабудаваная на тым, што людзі танчаць як могуць. І ў выніку атрымліваецца выдатны відэашэраг. Так што, у прынцыпе, нічога дзіўнага. Наш народ таленавіты й “запальваць” можа пад любую музыку”.

Вядомы фатограф Анатоль Кляшчук за сваю кар’еру напераздымаў шмат вясельляў, юбілеяў і іншых імпрэзаў, якія амаль заўсёды завяршаюцца масавым “ламаньнем”. Кажа, што такія манеры цалкам у характары беларусаў на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў.

(Кляшчук: ) “Па-першае, у нас яшчэ ад вайны жанчына з жанчынай танчылі. Чаму? Мужыкоў не было. А пазьней пачалі выходзіць у круг, да прыкладу, на вясельлі ня хлопец зь дзеўкай, а жанчыны, мужчыны, моладзь — усе ў адзін круг становяцца і, як кажуць, шэйк выдаюць, “ламаюцца”. Дык вось гэтае ламаньне — гэта яшчэ нібыта адчуваньне таго, што ўсе разам, дык і ня страшна. Бо так весялей, у кампаніі. Можа, яшчэ й таму так бывае, што ў гэтых танцах мы не набылі самой танцавальнай культуры, калі танчаць мужчына з жанчынай. А пайшло вось так хаатычна і сталася традыцыяй, і, як падаецца, на працягу гадоў трыццаці-сарака гэта ідзе. І стала нормаю. Для нас норма, а для кагосьці — дзіва”.

Сайт YouTube.com заснаваны ў 2005 годзе дзеля абмену відэафайламі. Аўдыторыя старонкі складае больш за 70 мільёнаў чалавек. Беларусы, мяркуючы па ўсім, зьбіраюцца замацаваць свой дэбют на папулярным рэсурсе. Днямі для абмеркаваньня выкладзеныя відэа пад назвай “Сэксуальныя танцы дзяўчат зь Менску”, а таксама выява начной ілюмінацыі будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Гл.таксама: Відэаролік зь беларускімі танцамі на сайце YouTube.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG