Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаты дзень галадоўкі пратэстантаў


Любоў Лунёва, Менск Дзевяць удзельнікаў акцыі знаходзяцца ў будынку царквы “Новае жыцьцё” кругласутачна. Яшчэ каля сотні трымаюць пост на знак салідарнасьці з галадоўнікамі. Вернікі патрабуюць, каб гарадзкія ўлады прызналі іхны храм культавым будынкам і дазволілі адпраўляць там набажэнствы. Дзьве галадоўніцы – у шпіталі.

Сёньня пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка атрымаў зь Менскага гаспадарчага суду папярэджаньне пра адказнасьць за невыкананьне судовага рашэньня, паводле якога вернікі мусяць вызваліць будынак царквы. Суд папярэдзіў пастара, што яго аштрафуюць на 200 базавых велічыняў — гэта 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў (больш за 3 тысячы даляраў). Апроч таго, вернікі мусяць кампэнсаваць судовыя выдаткі — 310 000 рублёў.

Нягледзячы на гэта, пратэстанты не пакідаюць будынку царквы й працягваюць галадоўку. Тацяну Варанцову, якая 16 дзён трымала галадоўку, хуткая дапамога адвезла ў 1-ы клінічны шпіталь. Днём раней, на дзевятнаццаты дзень галадоўкі, туды адвезьлі Натальлю Іванову. Тацяну Варанцову суправаджала Алена Паплаўская. Яна апавяла мэдыкам, што ўсяго галадаюць каля сотні чалавек і пацікавілася, наколькі сур’ёзныя праблемы са здароўем у Тацяны. Рэакцыя лекараў яе зьдзівіла. Гаворыць Алена Паплаўская:

(Паплаўская: ) “Калі я зьвярнулася да мэдыкаў і спытала, што зь ёй будзе далей, то яны пачалі размаўляць са мной раздражнёным тонам. Яны казалі, каб мы хутчэй вырашалі нашу праблему, бо ім няма куды класьці ўсіх галадоўнікаў. Ім казалі, што галадоўнікаў каля сотні — ну, відаць, у іх ад гэтага зьяўляюцца праблемы”.



Кальвініст Уладзімер Мацкевіч ад першага дня трымае галадоўку разам з пратэстантамі “Новага жыцьця”. Да галадоўнікаў далучыліся некалькі пастараў зь іншых рэлігійных суполак. Уладзімер Мацкевіч лічыць, што нават станоўчае вырашэньне пытаньня царквы “Новае жыцьцё” ня спыніць ліквідацыі пратэстанцкіх суполак.

(Мацкевіч: ) “Марна таксама чакаць, што ў хуткім часе зьменіцца стаўленьне да пратэстанцкіх цэркваў. Барацьба за правы чалавека, і асобных арганізацыяў, і цэркваў, і дэнамінацыяў — гэта не кампанія, гэта пастаянная, так бы мовіць, рэфармацыя, пастаянны працэс. У вольнай краіне свае правы людзі змогуць абараняць з дапамогай закону й з дапамогай самой дзяржавы — а ня так, як сёньня, калі людзі вымушаныя ісьці на крайнія меры”.



Вернікі кажуць, што будуць галадаць, пакуль ня прыйдзе адказ з Вышэйшага гаспадарчага суду на іхную заяву. Яны прасілі адмяніць судовае рашэньне, згодна зь якім будынак “Новага жыцьця” пераходзіць у маёмасьць гарадзкіх уладаў. Паводле заканадаўства, заява мае быць разгледжаная цягам месяца. Верагодна, што адказ можа прыйсьці праз тры тыдні. За гэты час пастара могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, бо судовае рашэньне ўжо ўступіла ў сілу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG