Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра мясцовую ўладу можна сказаць адным словам: “Крадуць!”


Валянцін Жданко, Менск Агляд лістоў на Свабоду

На працягу амаль усіх дванаццаці гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі сацыёлягі фіксуюць адну зьяву: высокі асабісты рэйтынг прэзыдэнта спалучаецца зь недаверам большасьці насельніцтва да мясцовай улады, да тых шматлікіх чыноўнікаў, якіх Аляксандар Лукашэнка асабіста прызначае. Чаму так адбываецца?

Вось як спрабуе адказаць на гэтае пытаньне наш слухач Леанід Пецюкевіч з Гарадзенскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову.

“Калі Лукашэнку хто-небудзь і адолее, дык гэта будуць зусім не апазыцыя і не Захад, а сама вэртыкаль улады, рознага кшталту начальнікі. Лукашэнку нашы людзі ў асноўным вераць, бачаць, што ён стараецца зрабіць жыцьцё лепшым. І сёе-тое яму ўдаецца. А вось пра мясцовую ўладу можна сказаць толькі адным словам: “Крадуць”. Прычым, крадуць бязбожна.

Усе бачаць “царскія сёлы” вакол вялікіх і малых гарадоў. Хто будуецца? Начальнікі. Афармляюць маёнткі на сваіх дзяцей, унукаў, цешчаў. Але і гэтага мала. Усе ведаюць, як узьляцелі цэны на кватэры ў Менску. Чаму так вырас попыт? У любым агенцтве нерухомасьці вам скажуць, што асноўныя іх пакупнікі — не бяздомныя менчукі й не багатыя расейцы, а якраз людзі зь беларускай правінцыі. Што гэта за людзі? Можа, калгасьнікі ці настаўнікі? Здагадайцеся, хто з жыхароў беларускага райцэнтру можа выкласьці сто тысяч даляраў за кватэру ў Менску? Афармляюць нерухомасьць яны, вядома, не на сябе, а на падстаўных асобаў. Але таямніцай гэта ні для каго не зьяўляецца.

Афіцыйныя заробкі нават самых высокіх раённых начальнікаў — 700—800 даляраў. А жывуць яны як мільянэры. Як да іх могуць ставіцца людзі, якія жывуць ад зарплаты да зарплаты, ледзь сточваючы канцы з канцамі? Шкада, што няма чалавека, які б расказаў і паказаў усё гэта Лукашэнку. Бо ніякая апазыцыя не дыскрэдытуе ўладу ў вачах людзей так, як робяць гэта вэртыкальныя чыноўнікі, якія страцілі ўсялякі сорам”.

Думаю, спадар Пецюкевіч, дарэмна вы лічыце, што прэзыдэнт у гэтай справе малаінфармаваны. Новыя катэджныя пасёлкі ў ваколіцах Менску добра відаць з акна прэзыдэнцкага лімузіна. А даведацца імёны сапраўдных гаспадароў, на чые грошы будуюцца палацы коштам каля мільёна даляраў кожны, для шматлікіх беларускіх спэцслужбаў ня ёсьць надта складанай задачай.

Не сумняюся, што на стол Аляксандра Лукашэнкі кладуцца сотні адпаведных дакумэнтаў, у якіх фігуруюць імёны вельмі многіх ягоных падначаленых, якія займаюць высокія пасады на ўсіх узроўнях уладнай вэртыкалі. Іншая рэч, які працяг маюць гэтыя гісторыі.

Ёсьць выпадкі, калі высокапастаўленыя чыноўнікі ў выніку пазбаўляюцца элітнай нерухомасьці й асуджаюцца на працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня (так было, напрыклад, з колішнім кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым). Але ёсьць і іншыя прыклады — калі прэзыдэнт сам даваў дазвол на катэджнае будаўніцтва ў прэстыжным раёне побач з уласнай рэзыдэнцыяй некаторым высокім начальнікам са свайго блізкага атачэньня.

У гэтыя дні ў розных рэгіёнах Беларусі адбываецца адразу некалькі галадовак пратэсту. На гэтыя акцыі адклікнуўся наш слухач Канстанцін Жаўнерык зь Ліды. Ён піша:

“Такое ўражаньне, што наша апазыцыя на тое толькі й здольная, што абвяшчаць галадоўкі. І каго яна імі хоча напалохаць? Уладу? Альбо беларускі народ? Ды многія людзі ў Беларусі без усялякіх галадовак ходзяць паўгалодныя — пры цяперашніх цэнах. А ўладзе ўсе гэтыя галадоўкі абыякавыя, пра іх і не даведаесься, калі ня ўключыш “Свабоду”.

Я разумею: можа, людзей давялі да такога стану, што яны гатовыя на ўсё. Але чамусьці гэтыя галадоўкі канчаюцца неяк аднолькава падазрона: людзі не трапляюць у крытычным стане ў рэанімацыю, а проста спыняюць галадаваньне, нічога не дамогшыся.

Гэтую б энэргію ды ў іншых мэтах. Апазыцыя павінна не галадаць, а ісьці ў народ, арганізоўваць людзей, весьці растлумачальную працу, ствараць падпольныя гурткі, распаўсюджваць праклямацыі… Няхай яна павучыцца ў бальшавікоў, няхай перачытаюць Леніна, а не кіруюцца факсамі Пазьняка, дасланымі з-за мяжы. Уладу з дапамогай галадовак яшчэ ніхто не заваёўваў”.

Ведаю, спадар Жаўнерык, што такое ж меркаваньне адносна эфэктыўнасьці й мэтазгоднасьці палітычных галадовак у многіх актывістаў і кіраўнікоў цяперашняй беларускай апазыцыі. І, дарэчы: масавыя галадоўкі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, арганізаваныя зусім не палітычнай апазыцыяй. Вернікі-пратэстанты ў Менску дамагаюцца вяртаньня свайго культавага будынку, а актывісты незалежнага прафсаюзу ў Бабруйску патрабуюць рэгістрацыі сваёй суполкі.

Асобны выпадак — распачатая ў мінулую пятніцу галадоўка Аляксандра Казуліна (да якой, як днямі стала вядома, далучыўся яшчэ адзін палітзьняволены, Сяргей Скрабец). Але якім яшчэ спосабам можа выказаць свой пратэст палітвязень, былы кандыдат на прэзыдэнта, кінуты ў турму на пяць з паловай гадоў за тое, што ўзначальваў мірнае шэсьце пратэсту? І якой яшчэ палітычнай, арганізатарскай дзейнасьцю ён можа займацца ў няволі?

Аўтар наступнага ліста — Ірына Аўгуль зь вёскі Завідзіненты Астравецкага раёну. Слухачка піша:

“Беларускі мэнталітэт, на маю думку, мае адну яскравую асаблівасьць. Калі даць беларусам свабоду, дык яны будуць стаяць у разгубленасьці, ня ведаючы, што зь ёй рабіць. І пэрспэктываў на бліжэйшыя сто год я ня бачу. Аднак, пры ўсім гэтым, я ўсё часьцей чую аб праявах вальнадумства. Гэта цешыць. Я вельмі ганаруся і па-добраму зайздрошчу тым маладым людзям, якія прынцыпова размаўляюць толькі на беларускай мове. Я сама нарадзілася ў вёсцы і з маленства чула беларускую мову. І мне сорамна за тое, што я яе дасканала ня ведаю — а значыць, ня ведаю гісторыі й культуры сваёй радзімы. Але ў гэтым ня толькі мая віна.

Хачу сказаць вялікі дзякуй табе, Радыё Свабода, за тое, што з часам, як стала цябе слухаць (а гэта не такі ўжо вялікі тэрмін — гады два), у маёй сьвядомасьці адбыўся пераварот, зьмяніліся многія каштоўнасьці. Таксама на мяне вялікі ўплыў аказала адна выпадковая (хаця я чамусьці ўпэўненая, што не выпадковая) сустрэча.

Мяне падвозіў адзін незнаёмы мне чалавек. З дынаміка даносілася беларускамоўная песьня — адна, потым другая, трэцяя…І ўсе — аб свабодзе. Здаецца, гэта было нешта з рэпэртуару Лявона Вольскага. А над лабавым шклом машыны былі прымацаваныя некалькі значкоў з гербам “Пагоня”. Скажаце, што ж тут дзіўнага? Ды справа ў тым, што чалавек гэты быў у міліцэйскай форме. Машына, праўда, была не службовая, а яго асабістая.

…Я ўпэўнена, што менавіта песьнямі аб свабодзе можна хутчэй дастукацца да сэрцаў людзей, абудзіць іх ад сна. Думаю, Радыё Свабода павінна гэта ўлічваць — і даваць у эфіры болей песень — сапраўдных, глыбока кранальных, здольных аб’ядноўваць”.

Цікавае назіраньне, спадарыня Аўгуль. Час ад часу мы атрымліваем такія ж просьбы й прапановы і ад іншых нашых слухачоў. Стараемся іх улічваць. Хоць сутыкаемся з адной істотнай перашкодай: якасьць радыёпрыёму на кароткіх хвалях зусім не спрыяе таму, каб слухачы ўспрымалі й атрымлівалі задавальненьне ад трансьляцыі музыкі й сьпеваў.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Паўла Чахольскага з Полацку. Слухач піша:

“Працую я грузчыкам у краме. Кожныя тры месяцы наша бухгальтэрыя праводзіць пераразьлік, і кожны раз з зарплаты вылічваюць грошы. Напрыклад, у сакавіку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, вылічылі больш за 80 тысяч. Наступны пераразьлік — ужо 120 тысяч. Цяпер кажуць, што трэба вылічваць ужо прыкладна 300 тысяч. А зарплата ў мяне — 285 тысяч рублёў.

Ня ведаю, адкуль толькі бяруцца гэтыя лічбы. Я нічога не краду, працую сумленна,і не разумею, за што павінен выплачваць гэткія грошы. Ці не маглі б вы мне параіць, куды можна зьвярнуцца? Увогуле, хочацца ведаць свае правы і навошта патрэбныя гэтыя пераразьлікі. Кантракт я падпісваў, хоць і не хацеў. Хацелася б таксама пазмагацца за свае правы. Можа, нешта зьменіцца”.

Напэўна, спадар Чахольскі, размова ідзе пра налічэньне падаткаў, якія вы павінны плаціць са свайго заробку. Гэтыя адлічэньні ў Беларусі даволі істотныя, і розьніца паміж налічанай зарплатай, і той сумай, якую выдаюць работніку на рукі, бывае значнай. У кожным разе, вы маеце права мець дакладную і вычарпальную інфармацыю пра ўсе вылічэньні з заробленых вамі сумаў. Такія зьвесткі абавязаная даць адміністрацыя, бухгальтэрыя. У выпадку нейкіх супярэчнасьцяў і непаразуменьняў да гэтага можна падключыць і прафсаюзную арганізацыю. Іншая рэч, наколькі яна ў вас самастойная, і ці адважваецца пярэчыць адміністрацыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG