Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Кудасава прэзэнтавала “Лісьце маіх рук”


Севярын Квяткоўскі, Менск Прэзэнтацыя першай кнігі маладой паэткі Насты Кудасавай скончылася ў сераду ўвечары ў Менску. Зборнік вершаў завецца “Лісьце маіх рук”. Імпрэза ладзілася ў будынку філфаку БДУ. Прывітаць паэтку прыйшлі літаратары Ўладзімер Арлоў, Віктар Жыбуль, Джэці, Серж Мінскевіч, Натальля Кучмель, Вольга Гапеева, Дзьмітры Плян ды іншыя. Вёў імпрэзу паэт і пэрформэр Зьміцер Вішнёў. Многія з прысутных называюць Насту Кудасаву новай зоркай беларускай паэзіі.

Навучальная аўдыторыя запоўненая цалкам. Студэнцкія парты, як у амфітэатры ўздымаюцца дагары. Тут сядзяць прыхільнікі творчасьці Насты Кудасавай. Сама гаспадыня ўрачыстасьці сядзіць за выкладчыцкім сталом, на якім ляжаць букеты з кветкамі. Побач – вядоўца імпрэзы Зьміцер Вішнёў:

(Вішнёў: ) “Вельмі файна, калі аўтар выходзіць да чытача з добрай кнігай, з добрай паэзіяй. Што першая кніга, яна ня кепская, а, можа быць, самая найлепшая. Наста, даруй (сьмех у залі). Гэта, вядома, жарт. Мяркую, Наста напіша яшчэ вельмі шмат. У яе будуць выходзіць вельмі файныя кнігі”.

Першым з гасьцей і калегаў-творцаў выступіў Уладзімер Арлоў, які заінтрыгаваў усіх фразай пра тое, што моцна памыліўся ў Насьце Кудасавай. Пісьменьнік распавёў гісторыю пра тое, як калісьці адна дзяўчына захаплялася ягонымі творамі, брала аўтографы, а пасьля на пэўны час зьнікла з далягляду. А ўсплыло ейнае прозьвішча ў якасьці судзьдзі аднаго зь менскіх раёнаў. Судзьдзі, якая дала досыць жосткія пакараньні сябрам Уладзімера Арлова: людзям, якія бралі ўдзел у шэсьці на Дзень Волі. А праз пэўны час Уладзімер Арлоў атрымаў ліст ад дзяўчыны з Рагачову – Насты Кудасавай. Дзяўчына пісала пра Беларусь, пра незалежнасьць, пісала “Жыве Беларусь”. І пісьменьнік падумаў, што вось, гісторыя можа зноў паўтарыцца:

(Арлоў: ) “Сёньня я магу сказаць, што я ў Насьце памыліўся (сьмех у залі, воплескі). За прамінулыя гады яна, як мы бачым, ня толькі ператварылася з рагачоўскай школьніцы ў сталічную прыгажуню, але зрабілася таленавітай паэткай. І цяпер ужо, прачытаўшы гэтую кнігу, які-небудзь вучань 8 клясу, магчыма, у гэтыя хвіліны піша да Насты свой ліст пра “Жыве Беларусь!”.

Перад сваім выступам Наста Кудасава падзякавала ўсім людзям, які маральна і матэрыяльна дапамаглі ёй з выхадам кніжкі, а таксама ўсім тым, хто натхняў яе на творчасьць:

(Кудасава: ) “Ніводзін верш не зьявіўся сам па сабе. Гэта заўсёды асоба, заўсёды добрая. Я ведаю шмат добрых людзей.

Зборнік паэзіі “Лісьце маіх рук” выйшаў у выдавецтве Ігара Логвінава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG