Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга “Слуцкія паясы” знаёміць з вывезенымі шэдэўрамі


Радыё Свабода, Менск У Беларусі пабачыла сьвет новая кніга “Слуцкія паясы”. Гэта выданьне ўтрымлівае расповеды пра ўнікальныя вырабы й фотаздымкі, які мастак Георгій Ліхтаровіч зрабіў у музэях Расеі, Украіны, Польшчы ды Літвы.

Першы наклад кнігі “Слуцкія паясы” – паўтысячы асобнікаў. Пра навінку ўжо даведаліся ў Слуцку і, са словаў дырэктара краязнаўчага музэя Натальлі Серак, у горадзе спадзяюцца на хуткую прэзэнтацыю выданьня. Суразмоўца скардзіцца, што ў экспазыцыі на сёньня няма ніводнага поясу й мала даведнікаў:

(Серак: ) “Літаратура ў нас для ўнутрымузэйнага карыстаньня”.

(Карэспандэнт: ) “А ці часта цікавяцца гісторыяй слуцкіх паясоў студэнты і навучэнцы?”.

(Серак: ) Так. Тады даём ім карыстацца нашай літаратурай, нашымі даведкамі і лекцыямі”.

Спадарыня Натальля паведаміла, што некаторы час музэй Санкт-Пецярбургу здаваў у арэнду Слуцку пояс мясцовай мануфактуры Радзівілаў. Але, кажа захавальніца экспазыцыі, каштоўнасьць экспанату цяпер настолькі высокая, што расейцы ізноў вывезьлі яго за межы Беларусі. Беларускі фотамастак Георгій Ліхтаровіч -- пра сустрэчы з шэдэўрамі ткацтва:

(Ліхтаровіч: ) “У Маскве неверагодная калекцыя слуцкіх паясоў. Яны ж дазволілі нам здымаць толькі тое, што адлюстравана ў публікацыях іхных супрацоўнікаў. Багацьце не выстаўлена, яно – у сховішчах. Калі мы першыя запыты рабілі, то яны адмаўляліся, казалі: “Нічога ў нас няма”. І толькі на ўзроўні асабістых кантактаў неяк дабіліся мы да гэтых паясоў”.

Паводле ўліку ўсясьветных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА, цяпер у сьвеце захоўваецца больш як сто слуцкіх паясоў. Стваральнікі новай кнігі, як удакладняе Георгій Ліхтаровіч, адшукалі толькі частку іх:

(Ліхтаровіч: ) “Тое, што здымаў і ўвайшло ў кнігу – каля 30 паясоў. Гэта ў асноўным у Расеі – Санкт-Пецярбург і Масква. Ва Украіне – у Львове. У Літве – у Вільні і ў Коўні. Сумна, што ўсё гэта знаходзіцца за межамі Беларусі, а ў нас – толькі лічаныя адзінкі і ў такім стане, што шкада глядзець”.

Георгій Ліхтаровіч паведаміў, што пачатак выданьню “Слуцкія паясы” быў нададзены яшчэ 30 гадоў таму, калі музыкі ансамбля “Песьняры” стваралі сцэнічныя ўборы для выкананьня песьні “Слуцкія ткачыхі” на словы Максіма Багдановіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG