Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць зь небывалым ураджаем яблыкаў?


Ігар Карней, Менск Ураджай яблыкаў стаў сёлета вялікай праблемай для ўладальнікаў садоў. Нават за мінімальны кошт нарыхтоўчыя арганізацыі ня ў стане набыць столькі яблыкаў, колькі людзі хочуць прадаць. Таму і аддаюць прыватнікі ураджай фактычна за бясцэнак камэрсантам, якія скупляюць садавіну ўдвая таньней, чым нарыхтоўчыя канторы — 30 рублёў за кілё (у эквіваленце крыху болей, чым цэнт за кіляграм). Між тым, кошт імпартных яблыкаў у крамах 3—4 тысячы рублёў за кіляграм.

Практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі небывалы ўраджай яблыкаў. Нават некалькі яблыняў здольныя задаволіць патрэбы сям’і ня толькі на сэзон, але і на ўсю зіму. А што рабіць, калі засыпаны яблыкамі цэлы сад?

Пэнсіянэрка з-пад Маладэчна спадарыня Людміла наракае: здаць лішкі ў нарыхтоўчыя канторы практычна нерэальна з-за канкурэнцыі. Вінныя заводы, якія спэцыялізуюцца на прадукаваньні так званага “чарніла”, таксама заваленыя сыравінай. Харчовыя крамы для продажу яблыкаў таксама не бяруць, хоць на прылаўках поўна замежнай прадукцыі за 3—4 тысячы рублёў за кіляграм. Таму, каб яблыкі канчаткова не згнілі, даводзіцца амаль задарма аддаваць іх камэрсантам.

(Людміла: ) “Камэрсанты зьбіраюць, але за мізэрны кошт — за мех яблык даюць 900 рублёў. Гэта выходзіць, што кілё яблыкаў — 30 рублёў. Такога яшчэ ніколі не было. Ураджай вялізны, пакупнікоў мала, няма ніякага збыту. А насельніцтва якое? У асноўным старыя людзі, куды яны гэтыя яблыкі павязуць? І вось валяюцца, гніюць. Хоць бы чалавек мог на хлеб іх памяняць — пэнсіянэр перадусім. Дзяржава павінна нешта вырашаць, бо гэта ж здараецца ўжо ня першы год. Купляем яблыкі за 3,5 тысячы, прывозяць з Польшчы, а свае гніюць — тыя, якія нашаму арганізму пасуюць. Прывезеныя нейкія як з воску, а гэта ж свае, прыгожыя яблыкі ў гэтым годзе — вялікія, сакавітыя. Але мы іх не зьямо, таму што яны ўжо згнілі”.

У філіяле арганізацыі спажывецкай каапэрацыі Менскага раёну пацьвердзілі: патрэбы ў яблыках для продажу праз крамы практычна няма. Таму пераважная большасьць ураджаю ідзе на перапрацоўку для вінаматэрыялаў.

(Супрацоўнік арганізацыі: ) “Прымаем за 70 рублёў апад — той, які потым ідзе на віно, на перапрацоўку. Дык вось, апад я прымаю збольшага без абмежаваньняў, а лепшыя яблыкі, для крамаў (ад 300 да 500 рублёў) — толькі згодна з заяўкай. Калі трэба, бяру, а няма патрэбы — не прымаю. Таму пераважна на кірмашах гандлюем, альбо некаторым крамам пастаўляем, але зусім нязначна. Астатнія вырашаюць гэтую праблему самастойна. Але на кірмашах, я ведаю, прыватнікі прадаюць свае яблыкі за 1000—1500 рублёў”.

У асартымэнце практычна кожнай харчовай крамы вялізны выбар натуральных сокаў, вырабленых у Расеі, Малдове, Украіне, Літве. Затое няма чым пахваліцца мясцовым кансэрвавым заводам, прадукцыя якіх, традыцыйна разьлітая ў трохлітровыя слоікі, нават візуальна саступае канкурэнтам. Паводле нават афіцыйнай статыстыкі, колькасьць завезеных сокаў нашмат перавышае аб’ём выціснутых на беларускіх перапрацоўчых заводах.

Аднак, як кажуць спэцыялісты, з такім ураджаем, як сёлета, Беларусь сама магла б стаць сур’ёзным экспартэрам яблычных сокаў. У рамках ухваленай прэзыдэнтам праграмы “Садоўніцтва” заплянаванае рэфармаваньне кансэрвавай галіны, але толькі ў наступныя тры-пяць гадоў.

Пакуль жа большая частка яблычнага ўраджаю ідзе на корм свойскай жывёле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG