Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У што я веру”. Гавораць слухачы “Свабоды”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “У што я веру”. Гэтаксама на гэтае пытаньне адказвалі суразмоўцы “Начной Свабоды”.

Наш даўні слухач Анастас Семяновіч праз тэлефон-аўтаадказьнік Свабоды расказаў пра свае перакананьні. (Анастас Семяновіч:) “На пытаньне, у што я веру. Я вельмі ўпэўнены, што хутка прыйдзе канец “лукашыстам”, і родная Беларусь прыступіць да сапраўднай рынкавай эканомікі. Жыцьцё з кожным годам будзе паляпшацца на справе, а не на паперы. Праз гадоў пяць яна будзе лепшай дзяржавай у Эўропе, гэта значыць, па ўзроўню жыцьця.

Я вельмі веру Вам, дарагія сябры і сяброўкі. І сваіх родных і сяброў пераканаў, што трэба рэгулярна слухаць Радыё Свабода, каб быць у курсе ўсіх спраў. Пераконваць людзей вельмі проста: трэба задаваць ім пытаньні, няхай яны адкажуць, а потым пераканаць, у чым яны ня маюць рацыі, бо слухаюць “лукашыстаў”, якія вельмі добра хлусяць.

Я перакананы, што няма такога пытаньня, якое нельга вырашыць. Праўда, пры “лукашыстах” гэта вельмі складана, таму што канстытуцыі і закона для іх не існуе. Іх анархіі скора прыйдзе канец”.

У гэтым перакананы слухач “Свабоды” Анастас Семяновіч.

Сярод тых, хто тэлефануюць на наш аўтаадказьнік ёсьць і слухачы, якія праз удзел у перадачы “У што я веру”, хочуць выказаць сваё крытычнае стаўленьне да беларускай апазыцыі.

(Слухач: ) “Я веру, што Мілінкевіч, Казулін з Калякіным і многія іншыя апазыцыянэры – гэта нацыяналісты, як і ўкраінскія разам зь Юшчанкам, якія адабраюць Бандэру, які ў час Вялікай Айчыннай вайны растрэльвалі мірных жыхароў ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі. Ня бачыць нашай апазыцыі ўлады, як сваіх вушэй. Вось у што мы верым.”

Іван Русак з Навагрудку ў сваім лісьце на “Свабоду” піша: “На працягу ўсяго жыцьця чалавек павінен ў штосьці верыць. Зь верай мы перамагалі ворага і зь верай аднаўлялі гарады. “Вера бяз спраў мёртвая”, гаворыць нам Біблія. У дзяцінстве я верыў у гераізм і адвагу Паўліка Марозава, Мікалая Гастэлы і чатыры разы Героя Савецкага Саюзу Івана Кажадуба, бо які хлапчук не жадае быць падобным на свайго любімага героя. Марыў пра прафэсію лётчыка і верыў, што я ім стану. Верыў, што ў 1980 годзе, як было нам абяцана, наступіць “прывід камунізму”, і што будзе “з рога ўсяго многа”. Я верыў у перамены, свабоду і незалежнасьць сваёй рэспублікі. А цяпер я, як Зянон Пазьняк у Амэрыцы, веру толькі ў Бога”.

Іван Здановіч з Пружанаў, што на Берасьцейшчыне, піша, што “адчуў сябе беларусам яшчэ ў юнацтве. Таму невыпадкова стаў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. 42 гады аддаў школе, зь іх 28 -- дырэктарскай працы. Заўсёды і ўсюды карыстаўся і карыстаюся беларускай мовай. Заўсёды верыў, што будзем мець сваю дзяржаву, свой урад, сваю школу. Веру і яшчэ раз веру, што антыбеларускі рэжым пойдзе ў нябыт, што Беларусь застанецца незалежнай, што да ўлады прыйдуць нацыянальна сьвядомыя людзі, для якіх лёс беларускага народу, яго мовы, культуры, гістарычнай спадчыны будзе даражэй за ўсё на сьвеце”, у гэтым перакананы Іван Здановіч з Пружанаў.

Слухач спадар Бялькевіч з Салігорску, які ў сваім лісьце не напісаў свайго імя, а толькі ініцыялы Л.Ф., верыць, што “нашы разумныя і пісьменныя чыноўнікі не падтрымліваюць Лукашэнку. Інакш бы не было ані званкоў, ані лістоў на Свабоду”. Слухач перакананы, што беларускія афіцэры не пакладуць пад танкі сваіх падначаленых, абараняючы Расею.

“Веру, што нашы людзі стануць больш разумныя, і атрымаюць магчымасьць апранацца ў нармальных крамах, а не ў “Сэканд хэндзе”. Мы выбіраем мясцовую ўладу. Наша жыцьцё залежыць ў асноўным ад мясцовага начальства. Ані Лукашэнка, ані яго атачэньне ня могуць цалкам пракантраляваць, што робіцца ў нас у горадзе, вёсцы, пасёлку. Калі ў выканкаме будзе сядзець, а дакладней працаваць чыноўнік з чалавечым тварам, а не зьвярынай мордай, то і рэжымны клімат будзе больш мяккі”, у гэтым перакананы спадар Бялькевіч з Салігорску.

На гэтым тыдні на пытаньне, “У што я веру”, адказвалі і госьці “Начной Свабоды”. Гаворыць пісьменьніца з Наваполацку, заснавальніца каталіцкага часопісу "Авэ Марыя" Ірына Жарнасек.

(Жарнасек: ) “Па-першае, трэба сказаць, што я веру ў Бога. Але па вялікім рахунку я веру ў перамогу Дабра над Злом. І абавязкова веру ў тое, што Зло будзе пакарана. Яно абавязкова будзе пакарана. Калі не цяпер, калі мы не ўбачым нейкія падзеі пры жыцьці... Жыцьцё чалавека вымяраецца не гадзінамі, не гадамі, якія яму адведзеныя. Жыцьцё чалавека, па вялікім рахунку вечнасьцю вымяраецца. І я проста веру, я проста пераканана, што Зло будзе пакарана. І мне нават часам дзіўна, калі людзі, якія пачынаюць адкрыта служыць Злу, ня думаюць пра гэта. У такім выпадку мне іх проста шкада”.

Госьць “Начной Свабоды”, адзін зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт " Павал Красоўскі гэтак гаворыць пра сваю веру.

(Красоўскі: ) “Верыць у нешта, марыць аб нечым – гэта вельмі складана, бо не заўсёды мары нашы збываюцца. Я веру ў тое, што ў бліжэйшыя часы народ Беларусі стане разумнейшы. Я вельмі спадзяюся на гэта”.

А вось ува што верыць гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, зь якім на гэтым тыдні адбылася он-лайн канфэрэнцыя на сайце Свабоды, і які быў госьцем нашага начнога эфіру.

(Харэўскі: ) “Я веру ў тое, што будзе заўтрашні дзень. Я веру ў тое, што колькі б не тапталі наш беларускі пустыр, усё адно ўзыйдуць новыя фарбы на гэтым вытаптаным пустыры. І зьдзівяць нас і ўразяць сваім хараством. Я ў гэта сьвята веру і ў гэтым перакананы, што заўтрашні дзень будзе лепшы за сёньняшні. І ўпэўнены таксама ў сваіх сябрах. Упэўнены ў сваіх бацьках. Упэўнены ў тым, што тое, што я раблю, не марнае. Таму што са свайго досьведу магу з пэўнасьцю сказаць. што тыя зярняты, што я пасеяў, як выкладчык гадоў 15-20 таму, яны ўзыходзяць, і мне трывожна за сваіх студэнтаў. Але разам з тым, многія зь іх сёньня даюць падставу для гонару, у тым ліку і Зьміцер Дашкевіч”.

Наступны госьць Начной Свабоды – беларускі паэт са Швэцыі Дзьмітры Плакс.

(Плакс: ) “Мне падаецца, што верыць можна толькі ў Бога. А ва ўсім астатнім трэба сумнявацца”.

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG