Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Патаранскі: “Сэрца Бога – Беларусь”


Валянціна Аксак, Менск Увечары 20 кастрычніка ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя новае кнігі паэта, драматурга, былога выкладчыка зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Сяргея Патаранскага. У анатацыі да кнігі “Сэрца Бога – Беларусь” напісана: “На геаграфічнай мапе Беларусь сваімі абрысамі нагадвае вялікае сэрца. У выбраных вершах Сяргея Патаранскага яскрава чуюцца лірычныя рытмы і трагічныя збоі гэтага сэрца”.

Вечарына распачалася ў поўнай цемры, якую пранізаў голас паэта.

(Патаранскі: ) “Даўно сплыў хмель з твае сьвятое галавы, мастак вялікай Праўды і паэт славуты, і даўна ты з народам крэўным не на “вы”, з душы якога скінуў раўнадушша путы…”

Першы паэтычны зборнік Сяргея Патаранскага “Залаты вецер” выйшаў у 1998 годзе ў бібліятэчцы часопісу “Маладосьць”. З таго часу ляжаць нявыдадзенымі дзьве кнігі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Кніжка, прэзэнтаваная сёньня – гэта выбранае з усяго паэтычнага наробку.

(Патаранскі: ) “Гэта сапраўды выбраны кантэкст з таго аграмаднага праекту, які, па сутнасьці зьяўляецца панацэяй у паэзіі для мяне асабіста, – гэта “Беларусінд”. Гэта аграмадны паэтычны ансамбль, над якім я ўжо працую не адзін год”.

У кнізе “Сэрца Бога– Беларусь” аўтар піша пра Бога амаль у кожным вершы. І гаворыць, што робіць гэта сьвядома дзеля таго, каб падкрэсьліць высокае прызваньне паэзіі.

(Патаранскі: ) “Сэрца Бога – Беларусь ёсьць ад веку, – Ёю жыў і ў Ёй памру Чалавекам.

І хай скажуць, мроіў Бог Палястынай, толькі сэрцу абярог быць павінна

Беларусь, якая ў снах Бога шчасна, а для нас – відочна так. Пэўна, ясна”.

А вось як адгукнулася новую кнігу Сяргея Патаранскага адна з прысутных на вечарыне паэтка Натальля Кучмель:

(Кучмель: ) “Бывае паэзія гучная і паэзія ціхая. Ён ня ўмее пісаць ціхую. А што да гучнай, то, здаецца, няблага атрымліваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG