Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятнаццатыя суткі доўжыцца галадоўка пратэстантаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск 37 вернікаў-пратэстантаў працягваюць галадоўку ў будынку царквы “Новае жыцьцё”. Яшчэ 159 пратэстантаў трымаюць пост на знак салідарнасьці з галадоўнікамі. Вернікі патрабуюць, каб гарадзкія ўлады прызналі іхны храм культавым будынкам і далі магчымасьць ладзіць там набажэнствы. Яны чакаюць адказу з Вышэйшага гаспадарчага суду на заяву — яны прасілі адмяніць рашэньне, згодна зь якім будынак перададзены ў маёмасьць Менгарвыканкаму.

37 галадоўнікаў, большасьць зь якіх галадаюць 15-я суткі, ня маюць намеру спыняць удзел у акцыі. Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў, што вернікі ўжо днямі могуць атрымаць адказ на заяву аб адмене судовага рашэньня, паводле якога на рахунак царквы пералічылі 35 мільёнаў рублёў і перавялі будынак у гарадзкую маёмасьць.

Апроч таго, вернікі зьвярнуліся ў пракуратуру на тэлеканал СТВ з патрабаваньнем прыцягнуць карэспадэнтаў каналу да крымінальнай адказнасьці. Гаворыць Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Тэлеканал СТВ у сваіх выпусках абразіў вернікаў нашай царквы і наагул усіх пратэстантаў. З рэпартажаў СТВ вынікае, што мы нейкая група вар’ятаў. Яны нават казалі, што мы — нейкая незразумелая вера. Казалі, што мы махляры, якія існуюць за кошт нейкіх заходніх грошай, што мы маем адміністрацыйныя і фінансавыя цэнтры на Захадзе. Вернікі вельмі балюча ўспрынялі гэты сюжэт. Мы чакалі, што пракуратура зрэагуе на гэтыя рэчы, але няма ніякай рэакцыі. Таму мы самі ініцыявалі гэты працэс”.

Верніца Таіса Каўшырка галадае 13-я суткі. Яна паведаміла, што адчувае наступствы галадоўкі, але пакуль не зьбіраецца спыняць удзелу ў акцыі.

(Каўшырка: ) “Добра сябе адчуваю… Ну, трохі слабасьць… Трымацца буду, як здароўе дазволіць. Пакуль, як кажуць, стаім на нагах, рухаемся патроху, молімся, Біблію чытаем. Дапамагае”.

Вера Шчарбакова трымае галадоўку ад першага дня:

(Шчарбакова: ) “У мяне былі ўсялякія праблемы са здароўем. Бог умацоўвае мяне, і я хачу да канца быць тут. Ёсьць праблемы з горлам, з кішэчнікам, але гэта ўсё пройдзе. Думаю, што потым папраўлюся і ўсё будзе добра”.

Вольга Крышнёва захапляецца флярыстыкай. Яна зьбірае вакол будынку царквы кветкі й сушыць іх на батарэях, каб потым выкарыстаць у сваіх кампазыцыях.

(Крышнёва: ) “Сланечнікі дэкаратыўныя ў мяне тут. Я іх зьбіраю, каб потым рабіць кампазыцыі. Я займаюся флярыстыкай, гэта маё захапленьне. Галадоўка галадоўкай, але ўсё роўна бачу прыгажосьць. Не магу міма прайсьці”.

Гаворыць Алена Паплаўская:

(Паплаўская: ) “Прайшло два тыдні ад пачатку галадоўкі. Канечне, настрой удзельнікаў акцыі зьмяніўся ў лепшы бок. Зьявілася надзея, што, можа, нашу заяву разгледзяць станоўча і нарэшце нам пакінуць наш будынак. У нас тут нядзельная школа для дзяцей. Мы тут зьбіраемся, і тут наш дом”.

Вернікі паведамілі “Свабодзе”, што сочаць за сваім здароўем. Іх наведваюць мэдыкі-пратэстанты. Вернікі рыхтуюцца да мітынгу, які пачнецца 21 кастрычніка а 6-й вечара на плошчы ў парку Дружбы народаў.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG