Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Сахараў: “Патрапіўшы на Выспу Свабоды, лепей зразумею Беларусь”


Радыё Свабода Сяржук Сахараў – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Паспрабую акрэсьліць самыя галоўныя аб’екты веры ў маім жыцьці. Карацей: Бог – і давайце ня будзем рабіць выгляд, што можна па-сапраўднаму верыць у штосьці іншае. Зусім не гатовы да дыскусіяў з абазнанымі тэолягамі, таму проста пішу: “Веру ў Бога”. Я не адношу сябе да людзей рэлігійных, але тым не менш разумею, што Вялікая сіла рухае гэтым сьветам. Асабіста я гэтую сілу называю Богам. Сказаць нешта больш уцямнае на гэты конт у мяне ніколі не атрымлівалася. Ды яно, напэўна, і ня трэба. Як той казаў, веру – і баста! Каханьне – і гэта пасьля ўсяго, што здарылася… “Ёсьць людзі, чые арбіты так падобныя да тваіх, што зь імі немагчымая сустрэча. Прыгожа, праўда?..” На гэтую СМС-ку сваёй сяброўкі я не адказаў: вырашыў не гуляцца зь лёсам. Хто яго ведае: можа, і праўда. Паказальна: шмат хто зь сяброў кажа, што асьцерагаецца казаць каханкам: “Я цябе кахаю”. Берагуць словы... У мяне трохі іншыя ідэі адносна такой вэрбальнай эканоміі: галоўнае – пунктуальнасьць. Душой чую – блізка ўжо… Faith No More – гэты пункт у мяне замест патаснага “Дэмакратычная Беларусь”.

У глыбокім тынэйджарстве, якое прапахла музыкай Кабэйна і “Нірванай”, я зь нейкай радасьці ўперыўся ў творчасьць групы Faith No More. Пірацкая касэта, якую надыбаў у шапіку ў раёне чыгуначнага вакзалу, называлася King for A Day... Fool for a Lifetime. Як казала мая выкладчыца па сучаснай літаратурнай белмове, гаваркая назва… Карацей, у адзін прыўкрасны момант, па гавалаўскай аналёгіі, я вырашыў: на трэція ж выходныя пасьля таго, як у краіне ўсё зьменіцца, на плошчы Незалежнасьці, перад сотнямі тысячаў беларусаў выступіць Майк Патан з бэндам. Прайшло 11 год, і ўсё, што з таго часу зьмянілася – гэта самі Faith No More, якія ў 1998-ым разваліліся. А я ўсё адно веру… Куба – можа, ня самае лепшае месца для вакацыяў. Я вось чамусьці веру, што трапіўшы на Выспу Свабоды, змагу лепей зразумець, што адбываецца тут, у Беларусі. Castro brothers, заняпалы глямур 60-ых, харчовыя карткі, амбасада ЗША, якая раздае мясцовым жыхарам міні-прыймачы. Прайдуся па вуліцах Гаваны і раптоўна сутыкнуся зь якім-небудзь мясцовым Серхіо Асукар. Пагамонім з чуваком за адной-трыма махітамі і мне адкрыюцца вочы на Беларусь. Можа быць... Карацей, ня важна – банальная кампаратывістыка заўжды спрыяла самарэфлексіі. Людзі. Хаця нешта мне падказвае, што гэта лішні пункт... Словазлучэньне “прыступы мізантропіі” я вычытаў у Караткевіча. Памятаю, яшчэ падзівіўся, як гэта цалкам станоўчы герой можа пакутаваць на такую фігню.

Насамрэч, мізантропія – далёка не фігня. Я і сам сабе часам ня веру, а што ўжо казаць пра іншых. “Няма вам, так бы мовіць, веры – па розных прычынах. Не заслужваеце вы, так бы мовіць, даверу”.

Хаця відавочна, што мізантропія падобная да акту павольнага самаспаленьня: калі ўявіць, што блізкія людзі будуць кіравацца тваёй жа лёгікай, робіцца непрыемна. Верце адно аднаму, людзі! *** Сяржук Сахараў нарадзіўся ў Менску ў 1979 годзе. Дасьледчык моладзевых культураў, капірайтэр, культуроляг. Каардынатар моладзевых сацыяльных кампаній “Рабі. Сябе. Сам” і “РСС-2: ЭКШН”. Працуе ў галіне інавацыйнага мэнэджмэнту.
XS
SM
MD
LG