Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія археолягі “дакапаліся” да ХІ – ХІІ стагодзьдзяў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні закончыліся раскопкі непадалёк ад каралеўскіх замкаў – побач са старой пажарнай вежай. На гэтым месцы, парушыўшы заканадаўства, пачалі будоўлю, былі знойдзены чарапы і косткі, і толькі пасьля гэтага запрасілі археолягаў. У выніку раскапаны вельмі старыя могілкі, а таксама знойдзены сьляды гарадзкога жыцьця ХІ – ХІІ стагодзьдзяў, што зьяўляецца пэўным адкрыцьцём.

Супрацоўнікі службы ратаваньня зруйнавалі пажарнае дэпо, каб збудаваць новае. Але пры гэтым было парушана заканадаўства, якое датычыцца ахоўнай зоны гістарычнага цэнтру Горадні. Іх прымусілі спыніць работы, і толькі тады былі запрошаны археолягі, да якіх, дарэчы, некалькі соцень мэтраў, бо гістфак унівэрсытэту на адной вуліцы з пажарным дэпо.

Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі расказвае:

(Чарняўскі:) “Хаця гэта і пазьней збудаванае дэпо, але яно ўсё-ткі знаходзілася ў гістарычным цэнтры, форму новага дэпо яны павінны былі ўзгадніць. І другое – павінны былі атрымаць дазвол на выкананьне работ. А ў дазволе была б у абавязковым парадку прадпісана работа археолягаў. Потым, ужо ў працэсе, як пачаліся работы, яны выявілі ўсе гэтыя касьцякі – толькі праз гэта ўжо давялося паднаціснуць на іх і прымусіць усё зрабіць як трэба”.

Кіравала раскопкамі супрацоўніца Гарадзенскага ўнівэрсытэту Юлія Юркавец. Яна гаворыць, што было зроблена дзевяць шурфаў пераважна плошчай два на два мэтры або два на чатыры, у большасьці глыбінёй 2,7 мэтра. Капалі выбарачна – у тых месцах, якія будуць парушаны пры будаўніцтве. Спачатку працавалі студэнты, а потым самі прадстаўнікі службы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Што да знойдзеных шкілетаў, Юлія Юркавец гаворыць:

(Юркавец:) “Час пахаваньняў нельга вызначыць, бо не было інвэнтару. Адно можна сказаць пэўна: гэта хрысьціянскі могільнік, таму што пахаваньні ў трунах, у некаторых выпадках ямы прасочваліся, трапляліся цьвікі ад трунаў”.

Каля пажарнай вежы археолягі знайшлі некалькі дзясяткаў старых пахаваньняў. Магілы былі блізка адна ад адной, нават адна закранала другую. Чалавечыя косткі сабраны ў скрыні, і трэба будзе вырашаць, што зь імі рабіць у будучыні. Юлія Юркавец не выключае паўторнага пахаваньня.

(Юркавец:) “Музэй возьме кераміку, а косткі, думаю, што перапахаваем, калі антраполягі ня возьмуць, мы яшчэ не размаўлялі зь імі. Мы выкапалі, зафіксавалі, замалявалі і забралі ўсё да сябе. Зараз гэта будзе мыцца, апрацоўвацца. Калі іх зацікавіць наш матэрыял, мы ім аддамо. Калі не, будзе перапахаваньне. Але размаўляць пра гэта яшчэ рана”.

Юлія Юркавец зазначае, што знойдзены фрагмэнты керамікі, якія могуць сьведчыць аб наяўнасьці на гэтым месцы пасаду ў ХІ – ХІІ стагодзьдзях. Але каб сказаць нешта больш дакладна, патрэбны мэтадычныя раскопкі вялікай плошчы, зазначае археоляг. Аднак на гэтым месцы будзе пабудавана новае пажарнае дэпо.

Cправа ад каланчы неўзабаве пачнецца будаўніцтва новага пажарнага дэпо
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG