Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Алесь Каралёў


Уладзімер Арлоў, Менск 8.8.1940, в. Старыя Цярэшкавічы, Гомельскі раён — 30.4.2001, Менск. Пахаваны ў в. Старыя Цярэшкавічы.

Мы — толькі нечая памяць пра нас.

Прысьвечаных Алесю Каралёву артыкулаў вы ня знойдзеце ў энцыкляпэдыях, але памятаюць пра яго многія.

Алесевы душа й розум прайшлі загартоўку ў Навабеліцкім дзіцячым доме, а потым у Ленінградзкім авіяпрыборабудаўнічым інстытуце. Займаючыся ў гэтай прэстыжнай і напалову засакрэчанай навучальнай установе, само паступленьне куды беларускага дзятдомаўца, няхай і з залатым школьным мэдалём, было своеасаблівым дзівам, Каралёў трапіў у багемна-дысыдэнцкае піцерскае асяродзьдзе, якое шмат у чым запраграмавала далейшае жыцьцё.

Безь невысокай падхорцістай постаці Алеся, заўсёды густоўна апранутага, усьмешлівага, гаваркога, зь нездымальным бел-чырвона-белым значком на штрыфэлі, немагчыма ўявіць ніводную нашу дэмакратычную акцыю — пачынаючы з гістарычных “Дзядоў-1988”. Гэтаксама яго нельга было не сустрэць на якой-кольвек больш-менш прыкметнай культурніцкай імпрэзе — вэрнісажы, прэзэнтацыі, канцэрце...

У 1990-м, падчас кампаніі па выбарах у Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, Каралёў быў у камандзе кандыдата ад БНФ доктара гісторыі Анатоля Грыцкевіча і праславіўся тым, што пры спробе людзей у цывільным разагнаць адну з сустрэчаў у мікрараёне, ужо скручаны бамбізам-прафэсіяналам, прымудрыўся як сьлед укусіць таго за нос, змусіўшы з ганьбаю адступіць усіх астатніх.

Пасьля першага “Маршу Свабоды” ён стаў знаходкаю для незалежных журналістаў, дасьціпна распавёўшы, як кіраўніцтва ягонага авіярэмзаводу палохала працоўных на палітінфармацыях вусьцішнымі гісторыямі пра адмарозкаў з БНФ, што пашыхтаваўшыся ў чэргі, нібыта гвалцілі ў спыненых трамваях маладзенькіх вагонаважатых.

Алесь Карпавіч умеў сябраваць. У ягоным інтэрнацкім пакоі, а потым у кавалерскай аднапакаёўцы ў “зялёным доме” на рагу вуліцы Мясьнікова перабывала добрая — і нягоршая — частка Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу мастакоў. Дзьве паліцы ў ягонай шыкоўнай бібліятэцы займалі кнігі з аўтографамі, а сьцены ганарыліся мастацкімі творамі жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Ўладзімера Сулкоўскага, ювэліра Міколы Кузьміча, графікаў Міколы Купавы і Яўгена Куліка...

Стасункі з Куліком у Алеся былі асаблівыя. Ён у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова падкормліваў нашага славутага мастака й грамадзкага дзеяча, які, ужо даўно й невылечна хворы, жыў як птушка нябесная ў сваёй майстэрні-гарышчы і адышоў у Вечнасьць зусім хутка пасьля Каралёва.

Дарэчы, Алесевы гасьцінныя застоліцы, ягоныя знакамітыя жульены, гароднінавыя торты й сочывы, былі вартыя ўвагі ня толькі нас, сяброў, але і спэцыялістаў-кулінараў. Каралёў перамог на Менскім гарадзкім конкурсе майстэрства гатаваньня кавы, і, паверце, гэта была заслужаная перамога.

А яшчэ Алеся лічылі адным з найлепшых няштатных супрацоўнікаў Менскага бюро падарожжаў. Удзячныя лісты пасьля праведзеных ім экскурсіяў у Нясьвіж, Мір, Наваградак, Горадню прыходзілі некалі ці не з усяго СССР — ад Уладзівастоку да Баку. “А мы раней думалі, што беларусы — гэта рускія”,— пісаў, памятаю, аўтар адной з такіх падзякаў з Ерэвану.

Алеся напаткала страшная сьмерць. Яго знайшлі забітым у ўласнай кватэры. Двое падонкаў перад адыходам у войска ўчынілі ў Гомелі й Менску сэрыю жудасных злачынстваў. У Каралёва, на целе якога яны пакінулі дзясяткі ранаў, забойцам удалося знайсьці пару сотняў марак...

Адзін з злачынцаў не дажыў да суду. Другі, якому дапамаглі ледзь не ўсё сьпісаць на саўдзельніка, атрымаў гады чатыры і ўжо даўно на волі. Адзін мой знаёмы мастак дагэтуль гаворыць, што сьмерць Каралёва і мяккі прысуд забойцу мелі палітычнае адценьне. Думаючы пра гэты прысуд, я згадваю пяць з паловаю гадоў, на якія асуджаны нядаўна Аляксандар Казулін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG