Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гару Дзявочую прапануюць зрабіць беларускім Алімпам? (фота)


Вячаслаў Кулік, Дуброва – Менск Гару пад назваю Дзявочая, што ў Валожынскім раёне, называюць загадкавай. Роўна 20 гадоў таму там упершыню былі праведзеныя археалягічныя раскопкі. Навукоўцы выявілі тады вялікую колькасьць курганоў з пахаваньнямі і рэчамі ІХ – XII стагодзьдзяў. Жыхары найбліжэйшай вёскі Дуброва даводзяць, што да нядаўняга часу на вышынным плято адбываліся язычніцкія абрады. На загадкавай гары пабываў наш карэспандэнт.

Гару Дзявочую і вёску Дуброва падзяліла мяжа Валожынскага раёну і Маладэчанскага. У двух гаспадароў, як зазначаюць мясцовыя жыхары, не даходзяць рукі да шанаваньня сьвятыняў.

Кожны з 25 курганоў быў абкладзены камянямі

Са словаў мясцовага настаўніка Віктара Корсака, ля падножжа гары занядбаныя цяпер вытокі рэкаў Вяльлі, Ушы і Заходняй Бярэзіны, а верхавіна заваленая бураломам ды хмызьняком:

(Корсак: ) “Гады тры-чатыры таму яшчэ былі відаць надмагільныя камяні. І ў восеньскую пару на гэтым месцы хадзілі зь вянкамі, вадзілі карагоды”.

Гара Дзявочая ўзвышаецца на 300 мэтраў і мае пляскатую паверхню памерамі 200 на 200 мэтраў.

Беларускі краязнаўца Аляксей Дуброўскі, зь якім мы аглядалі там курганы, гаворыць пра іх дахрысьціянскае паходжаньне:

(Дуброўскі: ) “Археолягі Інстытуту гісторыі вялі тут раскопкі. Тыя рэчы, што былі знойдзеныя ў курганах – бранзалеты, каралі, – можна аднесьці да плямёнаў яцьвягаў. Гэта – паўтары тысячы гадоў таму”.

Аляксей Дуброўскі ля дахрысьціянскага кургана

Аляксей Дуброўскі даводзіць, што яшчэ ў 1986 годзе беларускія археолягі прапаноўвалі добраўпарадкаваць язычніцкае капішча і вярнуць яму спрадвечную назву:

(Дуброўскі: ) “Гара называецца Дзявочая. Але ня таму, што гэта зьвязана неяк зь дзяўчатамі.Фактычна гэта балтыйскае слова dziva, якім у нас шмат чаго названа. На Палесьсі, да прыкладу, ёсьць гарадок Дзівін. Дзівін – па-літоўску Бог. Дзявочая гара па сваім першасным назове – гэта гара багоў. Я лічу, што на сёньня яе можна было б назваць беларускім Алімпам”.

Месца барбарскага раскопу кургана

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў ухваляе прапанову Аляксея Дуброўскага. Ён даводзіць, што на гары паганскіх пахаваньняў трэба добраўпарадкаваць турыстычныя сьцяжыны, зрабіць пляцоўкі для назіраньняў. Алег Трусаў лічыць, што курганы забытай культуры прашчураў могуць стаць месцам паломніцтва:

(Трусаў: ) “Пахаваньні на высокай гары – зьява даволі рэдкая. Памяць трэба ўшаноўваць. Больш за тое, за 15 гадоў незалежнасьці, па маіх падліках, зьявілася больш як сто ўнікальных помнікаў. У савецкі час пра іх нават гаварыць было немагчыма”.

Цяпер на гары Дзявочай расьце лес
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG