Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту “Corriere della Sera” дазволілі сустрэчу зь Вікай Мароз


Радыё Свабода З канца верасьня – ад часу вяртаньня дзесяцігадовай Вікі Мароз з Італіі на радзіму – беларускія чыноўнікі трымаюць у сакрэце месца знаходжаньня дзяўчынкі. Днямі ў размове зь беларускімі журналістамі намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва заявіла, што “няма ніякай патрэбы, каб журналісты зараблялі на лёсе Вікі: дзяўчынцы неабходны спакой, ёй трэба жыць нармальным жыцьцём”.

Тым часам некаторыя выключэньні ўсё ж зробленыя: у Барысаўскі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтар, дзе цяпер знаходзіцца колішняя выхаванка Вялейскага інтэрнату, афіцыйна дапушчаны першы журналіст – карэспандэнт італьянскай газэты “Corriere della Sera” Люіджы Афэду. У апошнім нумары выданьня зьмешчаны ягоны рэпартаж пра сустрэчу зь Вікай.

Як піша аўтар, перад ім былі пастаўленыя пэўныя ўмовы. Ён павінен улічваць псыхалягічны стан Вікі, а таму нічым не нагадваць ёй пра італьянскі пэрыяд. Ён ня можа наўпрост зьвяртацца да Вікі. Люіджы Афэду падкрэсьлівае, што ён ня мэдык і не псыхоляг, а таму ня можа рабіць кваліфікаваных высноваў што да стану дзяўчынкі.

Афэду крыху ведае расейскую мову і да таго ж мае перакладчыка. Кола ягоных кантактаў – дырэктар дзіцячага цэнтру, супрацоўнікі цэнтру, псыхолягі, лекары, сацыяльныя пэдагогі, прадстаўніца гарадзкіх уладаў. Барысаўскі цэнтар лічыцца адной з найлепшых дзіцячых сацыяльна-пэдагагічных установаў Беларусі.

Нарэшце вось яна, Віка – у чырвоным швэдры, зь вялікімі, поўнымі сьвятла вачыма. На яе талерцы – катлета і пюрэ. Дзяўчынка ды іншыя дзеці ўважліва глядзяць на госьця. Для іх ён нехта кшталту водаправодчыка.

Штодня зь Вікай працуюць псыхолягі і лягапэды. Ёсьць у раскладзе басэйн, заняткі на спартовай пляцоўцы, гульні, маляваньне. Паводле суразмоўцаў журналіста, на самым пачатку ў Барысаве дзяўчынка была вельмі закрытая, не ішла на кантакт зь іншымі. Аднак літаральна на другі дзень усё пайшло лепш. Віка ўзрадавалася таму, што вакол гаварылі на яе роднай беларускай мове, той, якую яна вывучала раней у школе. У сваёй публікацыі журналіст “Corriere della Sera” зазначае, што беларуская мова адрозьніваецца ад расейскай.

Разам зь Вікай у пакоі жывуць яшчэ 7 дзяўчынак. У Вікі ўжо ёсьць сяброўка – 11-гадовая Хрысьціна. Пасьля вяртаньня з Італіі Віка двойчы сустракалася з братам Сашам, які цяпер жыве ў прыёмнай сям’і ў суседнім Жодзіне. Па брату Віка сумуе.

Барысаўскія пэдагогі расказваюць журналісту, як разам зь іншымі дзецьмі Віка адсьвяткавала дзень маці. Дзяўчо сьпявала ў хоры, надзімала паветраныя шарыкі.

Супрацоўнікі Барысаўскага цэнтру называюць Віку нармальным і сацыяльным дзяўчом і лічаць, што яе праблема з затрымкай маўленьня паступова вырашыцца. Яны таксама кажуць добрыя словы пра супрацоўніцтва з італьянскімі калегамі. Пра тое, ці хоча дзяўчынка патэлефанаваць тым, каго звала мамай і татам, размова не вядзецца.
XS
SM
MD
LG