Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манастыр у Віцебску можа застацца без дадатковага памяшканьня

Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнага беларускага друку за 19 кастрычніка.

У Віцебску разгараецца канфлікт між ААТ “Віцебскі камбінат шоўкавых тканінаў” і Сьвята-Траецкім Маркавым мужчынскім манастыром, піша “Наша ніва”. Кіраўніцтва камбінату выставіла настаяцелю храму ўльтыматум: альбо манастыр выкупляе будынак, які яму быў перададзены прадпрыемствам у часовае карыстаньне, альбо высяляецца. Пусты пяціпавярховы корпус фарбавальна-аздабляльнага камбінату шоўкавых тканінаў у 2002 годзе акцыянэры вырашылі даць манастыру ў часовае карыстаньне. Камбінат абавязваўся не спаганяць арэнднай платы, а вернікі мусілі былі кампэнсаваць яму толькі камунальныя выдаткі. Абмяркоўвалася магчымасьць перадачы манастыру ў пэрспэктыве будынку ва ўласнасьць. Аднак неўзабаве памянялася заканадаўства: будынак дазвалялася толькі прадаваць, прычым не таньней за яго ацэначны кошт – 500 мільёнаў рублёў.

Дзяржаўныя мэдыі, што асьвятлялі сытуацыю зь Вікай Мароз, паводзіліся б іначай, калі б ведалі пра тую працу, якую ўвесь час вядуць для беларускіх дзяцей валянтэры-італьянцы. Такое меркаваньне на старонках “Народнай волі” выказвае прафэсар Яўген Іваноў, які быў дырэктарам навукова-дасьледчага інстытуту гематалёгіі і пераліваньня крыві ў 1988 – 1999 гадох. Ён прыгадвае, што італьянцы дапамагалі беларусам у справе пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай аварыі з 1988 году. Так, напрыклад, менавіта ў Італіі пацыенту зь Беларусі ўпершыню перасадзілі касьцяны мозг. Гэтая краіна прыняла на аздараўленьне найбольшую колькасьць беларускіх дзяцей.

У газэце “Вечерний Брест” можна прачытаць пра тое, наколькі выгадна цяпер здаваць кватэру на суткі. У эканамічным сэнсе гэта прыбытковы бізнэс. Памер месячнай арэнднай платы за аднапакаёвую кватэру ў Берасьці цяпер сягае 100 даляраў, але на суткі такую кватэру можна здаць за 25 даляраў. Аднак у гаспадароў жытла здараюцца іншыя непрыемнасьці. Жытло могуць засьмеціць, мэблю паламаць. А гаспадыня адной з такіх кватэраў знайшла там цела забітага мужчыны, пасьля таго як здала жытло прыстойнага выгляду людзям.
XS
SM
MD
LG