Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся пастар В.Ганчарэнка з А.Праляскоўскім (абноўлены)


Альгерд Невяроўскі, Менск Паводле пастара Вячаслава Ганчарэнкі, Аляксандар Лукашэнка лічыць новаэвангельскую супольнасьць “Новае жыцьцё” нармальнай царквой і раіць чыноўнікам дапамагчы вернікам прызнаць іх будынак культавым. Пра гэта пастару паведаміў начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі. Праляскоўскі раіць вернікам падаць скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд і спыніць галадоўку. Пастар гаворыць, што пазоў будзе пададзены, але галадоўка спыніцца толькі пасьля пазытыўнага разьвязаньня справы ў судзе.

Сёньня ў будынку царквы “Новае жыцьцё”, дзе вось ужо 13 дзён трымаюць галадоўку пратэстанты, адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў гэтай новаэвангельскай супольнасьці. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка ўчора быў запрошаны на сустрэчу з начальнікам ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Вось што спадар Ганчарэнка распавёў пра яе вынікі:

(Ганчарэнка: ) “Сустрэча была непрацяглая і доўжылася толькі пятнаццаць хвілінаў. Праляскоўскі выказваў занепакоенасьць тым, што тут адбываецца, што людзі галадаюць, тым, што многія людзі пачалі рэагаваць на гэта. Пастары, людзі зь іншых гарадоў, грамадзкасьць… Ён патлумачыў, што інфармацыя пра галадоўку дайшла да прэзыдэнта. Алег Праляскоўскі асабіста сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, і той даў указаньне дапамагчы гэтай царкве, бо яна нармальная”.

Паводле Вячаслава Ганчарэнкі, Алег Праляскоўскі сказаў, што вырашыць пытаньне з уласнасьцю будынку царквы і яго перапрафіляваньнем у культавае памяшканьне трэба законным чынам. Ён параіў вернікам падаць пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд і спыніць галадоўку. Вячаслаў Ганчарэнка працягвае:

(Ганчарэнка: ) “Сёньня мы зьбіраемся падаць гэтую скаргу ў суд. Разам з тым, да таго часу, пакуль у нас ня будзе на руках дакумэнта, які задавальняе нашыя патрабаваньні, галадоўка будзе працягвацца й нават павялічвацца”.

Цяпер у галадоўцы бяруць удзел 156 вернікаў-пратэстантаў розных цэркваў зь Менску ды іншых гарадоў Беларусі. 34 яе ўдзельнікі знаходзяцца непасрэдна ў будынку царквы. Мінулае начы ў царкве заставаліся 133 вернікі. Гаворыць удзельнік галадоўкі Ўладзімер Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Настрой добры, узьнёслы — з поўнай упэўненасьцю, што мы пераможам. Сур’ёзны, сталы настрой. Першы энтузіязм ужо скончыўся, і таму цяпер такая ўжо цьвярозая ўпэўненасьць”.

Думку спадара Мацкевіча падзяляюць і іншыя ўдзельнікі галадоўкі. Але лекар Арцём Адаменка, які сочыць за станам здароўя галадоўнікаў, не настолькі аптымістычны. Ён гаворыць, што ў некаторых павысіўся ціск, абвастрыліся старыя ці хранічныя захворваньні. Тры асобы патрабуюць павышанага мэдычнага кантролю. Але вернікі зьбіраюцца галадаваць, пакуль іхныя патрабаваньні цалкам не задаволяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG