Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Мілінкевіч прапануе стварыць дэмакратычную вэртыкаль?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сябра Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Віктар Карнеенка і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

(Валер Карбалевіч: ) “Прапанова лідэра апазыцыйнай кааліцыі Аляксандра Мілінкевіча на Палітычнай радзе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў аб пабудове новай мадэлі кіраваньня апазыцыяй сталіся нечаканай для ўсіх яе суб’ектаў. Экс-кандыдат у прэзыдэнты заклікае стварыць такую сыстэму, якая будзе дзейнічаць на прынцыпу адзінаначальля, прызначэньня усіх кіраўнікоў вэртыкалі лідэрам, падпарадкаваньне яму ўсіх структур.

Нечаканасьць такой прапановы палягае ў тым, што, па-першае, яна з’явілася праз больш чым паўгады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Па-другое, дасюль Мілінкевіч прэзэнтаваў сябе як камандны гулец і не вызначаўся прэтэнзіямі на аднаасобнае лідэрства. Па-трэцяе, дасюль экс-кандыдат у прэзыдэнты даволі скептычна ставіўся да ідэі правядзеньня новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, цяпер жа ён падтрымаў яе з умовай, калі на кангрэсе будуць прынятыя ягоныя прапановы. У чым прычына з’яўленьня такой ініцыятывы?

(Віктар Карнеенка: ) “Яна ідзе ад практыкі. Праз паўгады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя ня можа вырашыць праблемныя пытаньні, якія існуюць у кааліцыі. Фактычна ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах (АДС) адсутнічае выканаўчы орган. Па гэтай прычыне не ідзе рэальная праца. Прадстаўнікі некаторых партыяў (АГП, ПКБ) фактычна не даюць сваіх членаў у выканаўчую структуру. У выніку дзейнасьць АДС заблякаваная. Таму паўстала пытаньне: што рабіць далей?

Цяпер разгортваюцца спрэчкі наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў (КДС). З нашага гледзішча, акрамя рэарганізацыі структур АДС, ён павінен вызначыць рэйтынгі палітыкаў. Калі КДС пацьвердзіць лідэрства Мілінкевіча, то гэта разьвяжа яму рукі для дзейнасьці на агульную карысьць.

Ніхто не выступае за дыктатарскія паўнамоцтвы Мілінкевіча, у тым ліку ён сам. Размова ідзе пра тое, што абраны на КДС лідэр будзе выконваць прадстаўнічыя функцыі і прызначаць кіраўніка выканаўчай структуры. І ўсё.

Мілінкевіч на справе паказаў, што ён чалавек камандны. Але не ў каго не павінна быць права вета на дзейнасьць. А сёньня некаторыя злоўжываюць гэтым. Таму Мілінкевіч і выйшаў з такой прапановай. Пазыцыя сп. Калякіна, што ня трэба на КДС вызначацца па лідэрству, вядзе да таго, што апазыцыя вернецца ў стан 2001 году, калі мы выйшлі з прэзыдэнцкіх выбараў бяз згоды, бяз лідэра. Фактычна такая пазыцыя ставіць мэты штучна ўраўняць у правах усіх палітыкаў. Гэта няправільна.

(Яраслаў Раманчук: ) “Сп. Мілінкевіч пачаў прэзыдэнцкую кампанію 2011 году. Хачу нагадаць, што на чале Палітрады АДС стаіць Мілінкевіч. Таму тое, што Палітрада не працавала, адхілілася ад вырашэньня многіх пытаньняў яшчэ ў сакавіку гэтага году, што кіраўнік гэтага органу не зрабіў сур’ёзных прапаноў па павышэньню эфэктыўнасьці дзейнасьці апазыцыі, то адказнасьць за гэта ляжыць на Мілінкевічы. Мілінкевіч ня змог рэалізаваць сябе ў якасьці лідэра. Яго выбралі на кангрэсе толькі як кандыдата ў прэзыдэнты ад АДС, а не як лідэра апазыцыі.

Цяпер існуе разрыў паміж партыямі, з аднаго боку, і рэсурснымі цэнтрамі, камандай Мілінкевіча, з другога боку. Замест кансалідацыі апазыцыі Мілінкевія цяпер думае найперш пра інтарэсы сваёй каманды”.

(Карбалевіч: ) “Зразумела, лідэр нясе адказнасьць за ўсё. І тое, што няма адзінства ў АДС, ёсьць віна Мілінкевіча. Але было б няправільна сьпіхваць на яго ўсе праблемы ў кааліцыі. І ўсё ж сп.Раманчук, як вы ставіцеся да самой ідэі дэмакратычнай вэртыкалі безадносна да прозьвішча лідэра?”

(Раманчук: ) “Гэтая прапанова нерэальная. Бо партыі павінны працаваць паводле сваіх статутаў. Дзеля выкананьня тых задач, якія стаяць перад дэмакратычнымі сіламі, такая вэртыкаль абсалютна непатрэбная. Для гэтага патрэбна кансалідацыя дзеля рэалізацыі адзінства мэтаў.

Людзі ня пойдуць пад гэтую вэртыкаль, ня будуць аб’ядноўвацца толькі пад прозьвішча Мілінкевіча, у ствараемы ім рух. Людзі могуць аб’яднацца вакол такой плятформы, да якой могуць далучыцца і прадпрымальнікі, і жаночыя арганізацыі, і праваабаронцы. Палітычныя партыі і НДА могуць аб’яднацца толькі на аснове дэцэнтралізацыі”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі рэалістычна рэалізацыя такой ініцыятывы Мілінкевіча ў сёньняшніх умовах, сп.Карніенка? Вось, партыі паставіліся да яе скептычна. А зь іншага боку, раптам, ідэя будзе падтрымана, але адначасова будзе выбраны іншы лідэр?”

(Карнеека: ) “Ну і нармальна, калі будзе іншы лідэр. У гэтым сутнасьць палітычнай канкурэнцыі. Сёньня дэмакратычная інфраструктура краіны нагадвае мне балота, дзе кожная партыя ўмацоўвае ўласную купіну. Гэта ня ёсьць шлях наперад.

Мілінкевіч можа аб’яднаць толькі тых, хто хоча аб’ядноўвацца. Безумоўна, усе апазыцыйныя сілы нельга будзе кансалідаваць, аб’яднаюцца толькі тыя, хто хоча працаваць. Вакол яго згуртуюцца людзі і структуры, якія лічаць, што трэба выкарыстаць патэнцыял Мілінкевіча, як самага пазнавальнага апазыцыйнага палітыка, пэрсаніфікаванай альтэрнатывы Лукашэнку. Нельга знаходзіцца далей у тым каматозным стане, у якім цяпер знаходзіцца АДС”.

(Карбалевіч: ) “Вы кажаце, хто аб’яднаецца вакол Мілінкевіча, добра, а хто не далучыцца да нас, то і ня трэба. Фактычна гэта азначае раскол АДС”.

(Карнеенка: ) “Справа ў тым, што цяпер кааліцыя ў рамках АДС існуе толькі на паперы, адзінства даўно няма. Палітрада ператварылася ў месца высьвятленьня канфліктаў. Проста ніхто ня хоча сказаць, як той хлопчык у казцы Андэрсана, што кароль голы. А менавіта так ёсьць. Таму сытуацыю трэба выпраўляць”.

(Карбалевіч: ) “Сп.Раманчук, Аб’яднаная грамадзянская партыя найбольш актыўна выступае за правядзеньня новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І вось уявім сытуацыю, што на кангрэсе Мілінкевіч зьвяртаецца да яго дэлегатаў з сваёй прапановай, і раптам яго падтрымаюць насуперак пярэчаньню лідэраў палітычных партый. І што тады? Вы хацелі кангрэс, дык вось вам кангрэс, які, як вышэйшы орган дэмакратычных сіл, забірае рэальную ўладу ў партый і перадае іх штабу лідэра апазыцыі. Вы выключаеце такое разьвіцьцё падзей?”

(Раманчук: ) “АГП у гэтым пытаньні займае вельмі пасьлядоўную пазыцыю. Калі быў першы КДС мінулым годам, мы падтрымалі пастанову з заўвагаю, што лічым кангрэс пастаянна дзеючым органам. Мы будзем выконваць усе рашэньні КДС, калі АГП будзе удзельнічаць у іх выпрацоўцы. Але гэтыя рашэньні павінны быць падрыхтаваны і ўзгоднены напярэдадні ў межах АДС. Так, як было пры падрыхтоўцы мінулага КДС.

Мы выступаем за тое, каб новы КДС не выбіраў толькі лідэра, а далучыў да АДС новых людзей і арганізацыі, а не адштурхваў. Мы ня хочам пэрсаніфікацыі дэмакратычнага руху”.

(Карбалевіч: ) “Калі ўсе рашэньні КДС будуць падрыхтаваны Палітрадай КДС, і ніякіх імправізацый на кангрэсе не павінна быць, то цяперашнія прапановы Мілінкевіча проста ня з’явяцца ў парадку дня КДС.

У кантэксьце гэтай ініцыятывы Мілінкевіча ня вельмі зразумела ягоная прапанова аб стварэньні Руху “За свабоду”. Наколькі рэальна стварэньне сапраўднага руху праз паўгады пасьля выбараў, калі патэнцыял майдану ўжо шмат расьцярушаны, на тле шматлікіх няўдалых спроб апошніх гадоў стварыць нейкія новыя структуры? І як гэта можа памяняць статус Мілінкевіча? Стаўшы лідэрам руху, ці ня зьменшыць ён свой статус да ўзроўню лідэра партыі?”

(Карнеенка: ) “Не да якой прэзыдэнцкай кампаніі 2011 году Мілінкевіч і яго каманда не рыхтуецца. Што тычыцца руху, то хачу нагадаць, што ініцыятыва па яго стварэньню паўстала на беларускім майдане яшчэ 19 сакавіка. Тады пачаўся запіс у гэты рух. Але і тады гэта выклікала адмоўную рэакцыю кіраўнікоў партый.

Дзеля захаваньня кааліцыі Мілінкевіч спыніў працэс фармаваньня гэтага руху. Але кааліцыя не працуе, таму Мілінкевіч вярнуўся да гэтай ідэі. Цяпер існуе шмат людзей неарганізаваных, якія хацелі б удзельнічаць у дэмакратычным працэсе. Але нельга ўдзельнічаць у тым, чаго няма.

Безумоўна, больш пажадана, каб Рух “За свабоду” дзейнічаў у рамках кааліцыі. Але ці захаваецца АДС? Вы кажаце, што спробы стварыць новы рух былі раней няўдалыя. Дык чаго тады хвалююцца лідэры партый? Дарэчы, у новы рух могуць уваходзіць і сябры дзейных партый.

Мінулы КДС ставіў задачы на кампанію 2006 году. І фармальна пасьля заканчэньня гэтага году Мілінкевіч губляе сваё месца. Ён ня мае свайго ўласнага палітычнага апірышча. Яго падтрымліваюць партыі. Але сёньня яны могуць падтрымаць, а заўтра – не падтрымаць. Сёньня Мілінкевіч фармальна кіраўнік Палітрады АДС. Але гэта роля сьпікера. Яна ня можа задаволіць не былога кандыдата ў прэзыдэнты, не ягоную каманду, не тых грамадзян, якія за яго прагаласавалі на выбарах”.

(Раманчук: ) “Стварэньне гэтага руху — гэта форма адыходу Мілінкевіча ад АДС, крок да разбурэньня кааліцыі, якая сталася вынікам цяжкай шматгадовай працы. Існуе каля 20% цьвёрдага дэмакратычнага электарату. І хто б ня быў бы адзіным кандыдатам, напрыклад, сп. Карнеенка, то і ён бы атрымаў тыя ж галасы. Калі Мілінкевіч створыць такі рух, то, безумоўна, ён губляе статус лідэра дэмакратычных сілаў. Гэта такі джэнтэльмэнскі зыход яго з палітычнай сцэны”.

(Карбалевіч: ) “Чаму стварэньне Руху “За свабоду” ёсьць разбурэньне кааліцыі АДС?”

(Раманчук: ) “Таму што новы рух будзе стварацца за кошт сябраў існуючых апазыцыйных партыяў і такім будзе разбураць іх”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам прапанова Мілінкевіча аб стварэньні дэмакратычнай вэртыкалі ёсьць спроба такім радыкальным чынам пераадолець крызыс у апазыцыйным асяродзьдзі. Але яе практычная рэалізацыя даволі праблематычная па цэламу шэрагу прычын”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG