Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канфэсіі ня маюць роўных правоў... Перавагу мае праваслаўная царква”


Галіна Абакунчык, Менск Ці ўсе рэлігійныя канфэсіі маюць у Беларусі роўныя магчымасьці, каб будаваць і адкрываць свае храмы? Апытаньне на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “На мой погляд, усе канфэсіі маюць роўныя правы й магчымасьці — як праваслаўныя, так і каталікі, так і іншыя вернікі. Я ня бачу нейкага антаганізму”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ня ўсе маюць магчымасьць будаваць свае храмы, хоць так павінна было б быць. Бо, я так разумею, ніхто ня мае права забараняць мусульманам будаваць свае мячэты, габрэям — сынагогі, праваслаўным — цэрквы і каталікам — касьцёлы”.

(Спадарыня: ) “Усе рэлігіі роўныя. Дзяржава цалкам падтрымлівае ўсе рэлігіі й нічога не забараняе”.

(Спадар: ) “Ну, канечне, ніякіх роўных магчымасьцяў няма. Калі, да прыкладу, за доўгі час у Менску была пабудаваная толькі адна капліца ў Серабранцы, то пра якія роўныя магчымасьці можа ісьці гаворка? Ведаю, што і ў пратэстантаў ёсьць праблемы, але ня ведаю дакладна, якія”.

(Спадар: ) “Вядома, усе роўныя. Таму, што ўсе людзі перад Богам і перад дзяржавай роўныя. Я думаю так”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ўсе рэлігійныя канфэсіі маюць у Беларусі роўныя магчымасьці будаваць і адкрываць свае храмы?”

(Юнак: ) “Ня ведаю, але думаю, што так. Я ня бачу ніякіх падставаў, каб яны не маглі гэтага рабіць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што кожная рэлігія мае права на існаваньне і павінна існаваць і будавацца. Я лічу, што ў нашай краіне нейкая такая роўнасьць ёсьць”.

(Спадар: ) “Мяркуючы з выказваньняў у прэсе, у нас свабода даецца ўсім. А вось як яно насамрэч, праўду сказаць, гэтага ня ведаю”.

(Юначка: ) “Я думаю, што ня ўсе канфэсіі маюць роўныя правы. Праваслаўная царква, да прыкладу, вызваленая ад падатку на разьвіцьцё інфраструктуры гораду. І паўсюль яны будуюць свае храмы. А іншыя храмы пабудаваць вельмі цяжка, бо гэты падатак ня вельмі малы, яго вельмі цяжка сплаціць”.

(Спадар: ) “Безумоўна, розныя канфэсіі ня маюць роўных правоў. Відавочную перавагу мае праваслаўная расейская царква. Нават праваслаўнай беларускай аўтакефаліі няма права на існаваньне ў гэтай краіне. Ёсьць таксама вядомыя прыклады, калі была забароненая каталіцкая радыёперадача. Таксама апошнія падзеі з пратэстантамі, безумоўна. Ужо ня кажучы пра этнічныя канфэсіі — як, да прыкладу, паганства. А гэта і ёсьць карэнная рэлігійная сыстэма нашага народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG