Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 8 месяцаў 2006 году жыхароў Беларусі паменела амаль на 30 тысяч


Іна Студзінская, Менск Насельніцтва Беларусі паводле стану на 1 верасьня гэтага году скарацілася да 9 мільёнаў 724 тысяч чалавек. Яшчэ 10 гадоў таму ў краіне жыло амаль 10 з паловай мільёнаў чалавек. Паводле працягласьці жыцьця Беларусь займае 139 месца ў сьвеце: беларусы жывуць у сярэднім 67 гадоў – на 10 гадоў менш, чым у разьвітых эўрапейскіх краінах. Дэмографы ў дачыненьні да Беларусі выкарыстоўваюць тэрмін дэпапуляцыя.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства статыстыкі і аналізу, сёлета толькі за 8 месяцаў насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на 30 тысяч. Можна сказаць, што з мапы зьнік невялікі горад маштабу Іванава альбо Шчучына. А да 2050 году, паводле прагнозаў ААН, беларусаў стане яшчэ на 3 мільёны менш. Навуковы рэдактар Нацыянальнай справаздачы па чалавечым разьвіцьці прафэсар Уладзімер Шымаў у гэтай сувязі нават выкарыстаў тэрмін дэпапуляцыя.

Начальнік упраўленьня дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі Стафанія Лукашэвіч адзначае, што сытуацыя ў краіне характарызуецца нізкай нараджальнасьцю і высокай сьмяротнасьцю. Але вельмі істотны фактар – лад жыцьця.

(Лукашэвіч: ) “Вядома, тэндэнцыі не найлепшыя ў нас, не найлепшыя. Самі губім сваё здароўе – пра гэта ніхто ня кажа. П’ём, палім, фізкультурай не займаемся, ня любім сябе”.

Ува ўсіх рэгіёнах краіны сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць. І толькі ў сталіцы сёлета адзначаны натуральны прырост насельніцтва – 0,4 чалавека на тысячу людзей.

І яшчэ адна вельмі трывожная лічба: штогод 17 тысяч чалавек – а гэта 13 % ад колькасьці памерлых – сыходзіць з жыцьця з так званых вонкавых прычынаў: у выніку атручваньня алькаголем, няшчасных здарэньняў, самагубстваў. Прычым кожны пяты мужчына-беларус памірае не сваёй сьмерцю, то бок не ад старасьці альбо хваробы. І часьцей за ўсё ў працаздольным узросьце.

А вось беларускія жанчыны на фоне мужчынаў выглядаюць больш прывабна: жывуць яны ў сярэднім на 10 гадоў даўжэй за мужчынаў. З 720 чалавек, якім больш за 100 гадоў, тры чвэрці – жанчыны.

Адна з найстарэйшых жанчын сьвету жыве менавіта ў нашай краіне: Ганна Адамаўна Барысевіч сёлета адзначыла 118-ы дзень нараджэньня, а летась ёй зрабілі апэрацыю на вока. Ганна Барысевіч падзялілася сваімі сакрэтамі даўгалецьця:

(Барысевіч: ) “Я ніколі не курыла. А гарэлку – толькі калі бяседа якая, а так не пілі. Я ніколі ў жыцьці п’янаю не была. Ня трэба нэрвавацца, ня трэба злавацца, дык і пражывеш доўга. А калі будзеш нэрвавацца, злавацца, дык хутка парыесься”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG