Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: у Лунінецкім раёне “замінавалі” музычную школу


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнага беларускага друку за 17 кастрычніка.

На сайце інтэрнэт-газэты “Салідарнасць” зьмешчаны артыкул Аляксандра Старыкевіча “Ледніковы пэрыяд”. “Кожны год родная дзяржава ладзіць для нас адзін і той самы атракцыён. На колькі дзён беларусы абсалютна бясплатна атрымліваюць магчымасьць пачуцца чукчамі, – піша аўтар артыкулу. – Паводле адной з вэрсіяў, улады такім чынам сьвядома эканомяць на грамадзянах. Калі гэта так, дык эканомія атрымліваецца вельмі сумнеўная. Па-першае, узрастае спажываньне электраэнэргіі цераз практычна паўсюль уключаныя калярыфэры. Па-другое, узрастае колькасьць прастудных захворваньняў, і, як вынік, даводзіцца аплачваць бальнічныя”.

Газэта “Наша слова” друкуе ліст Міністэрства інфармацыі, які атрымала Таварыства беларускай мовы ў адказ на свой запыт наконт беларускамоўных календароў. Апавядае рэдактар газэты Станіслаў Суднік:

(Суднік: ) “Міністэрства інфармацыі піша, што яно нікому не забараняе друкаваць беларускія календары – хто колькі хоча, хай столькі й друкуе. Зь іншага боку, перакідны каляндар “Асьветнікі Беларусі”, які выходзіў летась, быў недзе на траціну не рэалізаваны. “Роднага краю” таксама было не рэалізавала каля паўтысячы асобнікаў. Яны самі, са свайго боку, плянуюць выданьне толькі адрыўнога календара “Родны край”.

“Камсамолка” сёньня папярэджвае: у часе першых замаразкаў колькасьць загінулых на дарозе вырастае на 20 адсоткаў. Супрацоўнікі ДАІ заклікаюць кіроўцаў “пераабуць” іхныя аўтамабілі ды засьцерагацца апалай лістоты – машына коўзае па ёй, як па лёдзе. Менавіта ў гэты час болей гінуць аўтамабілісты. Толькі ў суботу й нядзелю ў аварыях на дарозе пацярпела 16 чалавек, 6 зь іх загінула.

"Брестская газета" піша пра тое, як вучань музычнай школы з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну вырашыў пажартаваць з сваіх настаўнікаў. Ён патэлефанаваў дырэктару музычнай школы і паведаміў, што будынак замінаваны. Ніякага выбуховага прыстасаваньня, натуральна, не знайшлі, аднак жартаўніка вылічылі хутка. Цяпер ягоным бацькам давядзецца плаціць за лжывы выклік сапэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG