Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Секунцы з Цэнтральнага камітэту


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У дзяцінстве я страшэнна любіў слухаць радыёкропку. Прычым, слухаў усё без разбору. Асабліва імпанавала перадача, у якой надыктоўваліся тэксты перадавіцаў для раённых газэт. Ад трэцяй да чацьвертай гадзіны на рэспубліканскім радыё быў перапынак, гэтым часам з радыёкропкі і гучала: “Савецкі народ пад мудрым кіраўніцтвам Камуністычнай партыі дасягнуў вялікіх посьпехаў у асваеньні касьмічнай прасторы (кропка-а)”. Дыктарка чытала паволі, зь вялікімі паўзамі, і мяне апаноўвала сонная замарач. Салодкі голас аддаляўся, глухнуў і я засынаў, кульнуўшыся ўпоперак ложку.

Ну а работнікам раённых газэт было не да сну. Яны ад рукі перапісвалі тэкст і назаўтра давалі яго на першай паласе. Калі ж у Маскве ладзіліся партыйныя зьезды, тэксты інфармацыйных паведамленьняў даводзілася перапісваць з тэлефону, прычым сярод начы, і ў рэдакцыях арганізоўвалі начныя чуваньні. Наваполацкі журналіст Юрась Касьцюк распавядаў, што дзеля гэтай мэты ў ягоным кабінэце, за шафай, стаяў скручаны сяньнік. На ім спалі пад час такіх дзяжурстваў, прымасьціўшы каля вуха рэдакцыйны тэлефон.

Наагул, партыйныя зьезды, якія, як вядома, былі скрозь гістарычнымі, дадавалі раённым журналістамі працы. Перш ад усяго трэба было сабраць водгукі на гістарычную падзею. Пісалі іх, ад імя паважаных людзей, сярод якіх абавязкова мусіў быць Герой сацыялістычнай працы, самі журналісты. Апрача таго ў кожнай газэце зьмяшчаўся здымак, на якім перадавая комплексная брыгада знаёмілася з матэрыяламі партыйнага форуму. На здымку брыгадзір трымаў разгорнутую газэту “Правда”, а яму на сьпіну лезьлі, выцягнуўшы шыі, сябры брыгады. Усім не цярпелася азнаёміцца з рашэньнямі зьезду. Праўда, калі добра прыгледзецца, можна было ўбачыць, што сёй-той з рабацягаў падступна пасьміхаўся. Былі выпадкі, што па недагляду друкаваліся здымкі, на якіх газэту трымалі дагары нагамі.

Рэдактары мусілі сачыць, каб у нумары з інфармацыйным паведамленьнем суседнічалі палітычна вытрыманыя матэрыялы. Аднойчы наваполацкая газэта “Химик”, поруч з паведамленьнем пра абраньне новага складу Цэнтральнага камітэту, надрукавала аповед згаданага ўжо Юрася Касьцюка пад назвай “Секунцы”. У гаркаме палічылі гэта палітычнай правакацыяй і выклікалі, як тады казалі, “на дыван” рэдактара і аўтара твору. Аўтар потым доўга тлумачыў, што “секунцы” гэта ня члены ЦК, а катлеты, якія еў герой апавяданьня. У выніку рэдактар, за прытупленьне пільнасьці, атрымаў партыйнае спагнаньне. Цяпер ён на пэнсіі, але й дагэтуль хмурыць бровы, калі яму нагадваюць гісторыю пра секунцоў з Цэнтральнага камітэту.
XS
SM
MD
LG