Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: кома. Частка трэцяя


Алена Струвэ, Менск Паводле ацэнак айчынных экспэртаў, у шпіталях Беларусі ў стане комы могуць адначасова знаходзіцца да 100 чалавек. Афіцыйнай статыстыкі гэтага захворваньня не вядзецца, паколькі ў Беларусі кома афіцыйна лічыцца камплікаваным вынікам такіх першасных захворваньняў, як чэрапна-мазгавая траўма, інсульт, дыябет, атручваньне і шэрагу іншых. Адрозна ад Захаду і Расеі, у Беларусі няма і вучоных-адмыслоўцаў, якія б глыбока займаліся гэтай праблемай. Найбольш дакладную кансультацыю па разьвіцьцю захворваньня і яе прагнозах можна атрымаць у нэйрарэаніматолягаў. Пра шанцы пацыентаў, падключаных да апаратаў штучнага дыханьня і пра мэтазгоднасьць такога падтрыманьня жыцьця – у спецыяльным дасьледваньні Свабоды.

Кандыдат мэдычных навук, нэйрарэаніматоляг з 15гадовым стажам зь пятай Менскай клінічнай бальніцы Марына выкліканая на кансультацыю ў Гомель. У чаканьні самалёту санавіяцыі Марына адкрывае ноўт-бук і паказвае мне малазразумелыя карцінкі – гэта вынікі кампутарнай тамаграфіі мозгу яе пацыенткі, якая цяпер знаходзіцца ў гомельскім абласным шпіталі пад апаратам штучнага дыханьня. Марына ўжо аглядала яе і раней.

(Марына: ) “Бачна, як пайшло разьмягчэньне мозгу, ёсьць зьмены ў біяэлектрычнай актыўнасьці. Калісьці мозг быў цэлым, а цяпер адзіныя плоскія хвалі праскокваюць. Карацей, мала што застаецца ў галаве”.

Паводле Марыны, гэта толькі ў кіно каматозны пацыент можа прачнуцца і раптам загаварыць, а потым, нават і пабегчы. У рэальнасьці ўсё куды больш складана.

Юрыдычная і этычная ўстаноўкі беларускай медыцыны ў дачыненьні да каматозных хворых адназначныя: за жыцьцё чалавека трэба змагацца да канца, незалежна ад наяўнасьці адпаведных сродкаў і ўмоваў.

Гісторыя адной хваробы

Абласны шпіталь у Гомелі. 24-гадовая Сьвятлана, пераведзеная сюды з райцэнтру. У коме знаходзіцца цягам двух месяцаў. Гэта – вынік складанай апэрацыі. Не прачнулася ад наркозу пасьля кесарава сячэньня. Хаця дзіцё нарадзілася жывым і здаровым.

У часе агляду менскі нэйрарэаніматоляг адзначае пэўны прагрэс:

(Марына: ) “Гэта жывы чалавек. Гаварыць яна ня можа, аднак на тых, хто побач, рэагуе. Яна рухае вачыма. Гэта дакладна”.

Тым ня менш , нейкіх аптымістычных прагнозаў адносна вяртаньня Сьвятланы да паўнавартаснага жыцьця лекар зь Менску ня робіць.

Марына ўзгадвае вядомы прыклад папулярнага маскоўскага кінаактора Мікалая Карачанцава. На ягонае выздараўленьне былі кінутыя самыя лепшыя расейскія і замежныя сілы – Сьвятлана ва ўмовах Гомеля не атрымае такога ніколі. Аднак нават у прывілеяванага расейскага пацыента згубленыя вышэйшыя мазгавыя функцыі: усё далейшае жыцьцё яму будзе цяжка хадзіць, размаўляць.

(Марына: ) “Нейкіх цудоўных зрухаў у гэтай галіне няма нідзе. Ну, ёсьць электра-магнітныя стымуляцыі, аднак можна стымуляваць колькі заўгодна, аднак калі чалавеку накаваны лёс, ён выйдзе з комы, калі не – не”.

Свае высновы беларускі нэйрарэаніматоляг робіць на падставе як айчыннага, так і замежнага досьведу. Марына не аднойчы брала ўдзел у Міжнародных сымпозіюмах, адсочвае навуковыя публікацыі спэцыялістаў зь вядучых нейралягічных клінікаў сьвету. Ці раіць яна сваякам сваіх пацыентаў актыўна размаўляць зь імі, паказваць фотаздымкі, круціць па магнітафоне галасы блізкіх, як гэта цяпер робяць бадай усе рэаніматолягі заходніх шпіталяў?

(Марына: ) “Вы ж разумееце, што толькі ў “Санта Барбары”, калі чалавек трапляе ў клініку, уся сям’я зьяжджаецца і кідаецца ў палату. А тут – дай Божа, да ўсіх сваякоў даклікацца, асабліва на раёне, калі яны бульбу капаюць, а хворы ляжыць у абласным шпіталі. У сваякоў няма аўтамабіляў, каб туды даехаць, паўстаюць пытаньні пражываньня. Безумоўна, сваякі стамляюцца. Гэта тое самае, што даглядаць старога чалавека альбо немаўлятку”.

Марына цалкам згодная са сваімі заходнімі калегамі: тэарэтычна ў стане комы хворы можа знаходзіцца вельмі доўга. Аднак пры гэтым падкрэсьлівае: усё залежыць ад стану галаўнога мозгу, мэдычнага назіраньня, абсталяваньня і дагляду. Апошняе ёсьць галоўнай праблемай для шпіталёў постсавецкай прасторы. Гэтак званы рэкорд жыцьця ў коме на тэрыторыі былога СССР быў зафіксаваны ў нэўралягічнай клініцы Навасібірску. Пацыент гэтага шпіталя знаходзіўся пад апаратам штучнага дыханьня каля шасьці год.

Найбольшая колькасьць доўгажыхароў-каматозьнікаў зарэгістраваная ў ЗША.

Наша дасье

Жыхарка Маямі Эдварда О’Бара правяла ў коме 36 год і нядаўна адсьвяткавала свой 52 дзень народзінаў. Дзяўчына трапіла ў кому ў 1970, калі ёй было 16 год, і яна не змагла своечасова прыняць лекі ад дыябету. З таго часу маці жанчыны штодня пераварочвае сваю дачку, сілкуе яе праз зонд, штодня чытае прэсу і ставіць яе любімыя касэты групы Бітлз.

(The Miami Herald, 21.03.06)

Майкл Уорэн трапіў у кому ва ўзросьце 23 год пасьля дарожнага здарэньня. Бацькі Майкла не пагадзіліся на адключэньне сына ад апарату і да самой ягонай сьмерці –хлопец пражыў 28 год – спадзяваліся на цуд.

(Tucson Citizen. 29.07.04)

Джой Адкінс. Трапіў у аварыю ва ўзросьце 22 год. Лекары параілі яму правесьці складаную апэрацыю на хрыбце. Яна працягвалася 12 гадзінаў, і лекары не змаглі вывесьці Джоя з наркозу. З таго часу ён знаходзіцца ў коме. Летась Джою споўнілася 50 год, але ён выглядае значна маладзейшым за свой узрост. Паводле ацэнак лекараў, можа дажыць да 70.

(Newhouse News Servise, 31.12.04)

Меркаваньні экспэртаў

Наколькі мэтазгоднае падобнае вэгетатыўнае жыцьцё – пытаньне, над якім гадамі спрачаюцца навукоўцы, практычныя лекары, філёзафы, псыхіятры, сваякі хворых. Паколькі пытаньне вельмі шчыльна перасякаецца з эўтаназіяй, яно са сфэры мэдычнай пераходзіць у маральна-этычную.

Як сьведчыць прафэсар Бэрлінскай клінікі Шарытэ Фэлікс Бэргер, галоўны аргумэнт на карысьць адключэньня апарату штучнага дыханьня – сьмерць мозгу. У практыцы большасьці краінаў, у тым ліку і ў беларускім законадаўстве, сьмерць мозгу эквівалентная сьмерці чалавека.

Ва ўсім сьвеце існуюць адпаведныя інструкцыі па канстатацыі сьмерці чалавека, дзе падрабязна апісаныя асноўныя клінічныя прызнакі, неабходныя дадзеныя лябараторных і клінічных дасьледваньняў. Апошнім часам, аднак, у шэрагу заходніх краінаў зьявіліся шляхі для спыненьня, гэтак мовіць, расьліннага жыцьця.

Прафэсар Бэргер мае на ўвазе Завяшчаньне пацыента, якое ўсё часьцей разам са сваімі натарыюсамі складаюць грамадзяне Нямеччыны.

(Бэргер: ) “Гэта юрыдычна аформленая воля грамадзяніна на выпадак няшчаснага задарэньня. Пры жыцьці, у поўнай сьвядомасьці, чалавек выказвае сваё жаданьне аб спыненьні магчымага штучнага працягу свайго існаваньня.

Што тычыць мяне, то я моцна сумняваюся ў тым, што хацеў бы для сябе такога працягу жыцьця, аднак я аддаю апошняе слова сваякам. Магчыма, ім неабходная такая мая прысутнасьць. Вядома, усё залежыць ад фінансавых магчымасьцяў сваякоў”.

У Беларусі практыкі падобнага складаньня падобных дакумэнтаў няма. І, як дадаюць беларускія адмыслоўцы, пры цяперашнім стане айчыннай медыцыны ў гэтым няма ніякай патрэбы.

(Марына: ) “Падобных прэцэдэнтаў, каб у нас хтосьці ляжаў доўга ў коме і паўстала б пытаньне пра адлючэньне пацыента ад апарату, я ня ведаю. Нашыя хворыя, паводле тэхнічных прычынаў, не дацягваюць да гэтага. Гэта на Захадзе апаратура, дагляд, а таму і чалавек доўга трымаецца. У нас альбо выжывае, альбо гіне. І яшчэ, ведаеце, колькі сутыкалася на практыцы: хворыя да апошняга моманту хочуць жыць. Гэта немцы жорсткія у гэтым пляне. А нашы людзі хочуць, каб ім давалі шанец. Любы чалавек – у сьвядомасьці і не ў сьвядомасьці хоча жыць. Любая жывая істота змагаецца за выжываньне”.

Паводле Марыны, каматозны хворы самім сваім жыцьцём пад апаратам даказвае жаданьне пажыць яшчэ.

Тым часам прадстаўнікі праваслаўнай царквы лічаць, што ў некаторых выпадках лекары і сваякі такіх пацыентаў маюць права на адключэньне апарату.

Пробашч менскага Сьвята-Духавага сабору, айцец Аляксандар Галавін, які да прыняцьця сьвятога сану быў лекарам, ня верыць у двухбаковы кантакт з такімі хворымі.

(Аляксандар: ) “Чалавек у коме – гэта той, у каго адсутнічае сьвядомасьць, адсутнічаюць рэфлексы. Гэта чалавек, у якога ажыцьцяўляюцца адны фізіялягічныя функцыі, сэрцабіеньне, дыханьне. Астатняе адсутнічае. У тым ліку рэфлексы на боль. Кантакт зь целам чалавека можа быць толькі аднабаковым. Самую дзейсную дапамогу, калі чалавек знаходзіцца ў каматозным стане ў стацыянары, могуць зрабіць толькі мэдыкі. Блізкія актыўна ўмяшацца ў гэта ня могуць”.

Паводле айца Аляксандра, кома ёсьць выпрабаваньнем, якое пасланае Богам неспарэдна чалавеку, а таксама ягоным блізкім.

(а.Аляксандар: ) “Усё, што мы можам зрабіць, калі хтосьці зь блізкіх у такім стане крытычным, гэта маліцца. Царква можа прысьці да такога чалавека, аднак, каб сабараваць яго, ён мусіць знаходзіцца ў стане, таму што там споведзь, актыўнае разуменьне чалавекам сваіх грахоў. Чалавек, які без сьвядомасьці, мы робім толькі малітваслоўі, просім, каб Госпад сцаліў яго альбо спыніў пакуты”.

Наша дасье:

Як вынікае з матэрыялаў, надрукаваных брытанскімі нэўролягамі ў часопісу "British Medical Journal", дасьледваньні 40 каматозных хворых паказалі, што прыблізна палове зь іх быў пастаўлены памылковы дыягназ. Насуперак прагнозам лекараў, 87% пацыентаў выйшлі з комы і толькі 13% не прачнуліся.
XS
SM
MD
LG