Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскі сэнатар: справу Вікі Мароз павінен абмеркаваць Эўрапарлямэнт


Алена Струвэ, Менск Італьянскі сэнатар Эджыдыё Пэдрыні (на фота) перакананы, што справу беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз трэба неадкладна вынесьці на абмеркаваньне ў Эўрапарлямэнце. Заяву вядомага палітыка, прадстаўніка партыі “Італія каштоўнасьцяў”, цытуе "Іl Giornale" ды шэраг іншых італьянскіх выданьняў.

Эджыдыё Пэдрыні ёсьць адным з заснавальнікаў грамадзкага камітэту ў падтрымку беларускай дзяўчынкі. Гэта арганізацыя называецца “Дапаможам Марыі”( так многія італьянцы называюць Віку), і ў яе ўваходзяць вядомыя прадстаўнікі розных палітычных плыняў краіны, дэпутаты італьянскага ды Эўрапарлямэнту.

Паводле дэпутата Пэдрыні, гісторыя зь беларускай сіратой Вікай вырашылася на карысьць чарнобыльскага бізнэсу, то бок, вакацыйных паездак у Італію беларускіх дзяцей. У гэтым бізнэсе зацікаўленая як Беларусь, так і некаторыя італьянскія дзіцячыя асацыяцыі, якія арганізуюць падобнае аздараўленьне. За дзесяць апошніх год гэткі дзіцячы турызм прынёс некаторым велізарны прыбытак і адначасна пазбавіў няшчасных сірот надзеяў на усынаўленьне, перакананыя прадстаўнікі камітэту “Дапаможам Марыі”.

Адпаведную заяву зрабіла кіраўніцтва арганізацыі“Amici dei Bambini” ("Сябры дзяцей"), якая займацца пытаньнямі міжнароднага ўсынаўленьня.

Як заявіў яе старшыня Марка Графіні, у выпадку зь Вікай нельга захоўваць маўчаньне. Паводле Графіні, галоўнае права падобных дзяцей ёсьць права мець сям’ю. Гэтае права не было улічанае прадстаўнікамі Генуэскага суду па справах непаўналетніх, які вынес вэрдыкт адносна вяртаньня дзяўчынкі ў Беларусь.

“Amici dei Bambini” маюць намер правесьці бліжэйшым часам некалькі акцыяў у імя падтрымкі такіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG