Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя выданьні не трапляюць у каталёг “Белпошты” (абноўлены)


Вячаслаў Кулік, Менск Дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” завяршае ў кастрычніку працу над складаньнем падпіснога каталёгу на 2007 год. Ужо вядома, што недзяржаўныя газэты “Брестский курьер”, “Вестник культуры”, “Витебский курьер” атрымалі папярэджаньне аб немагчымасьці з боку “Белпошты” працягнуць дамовы на розьнічны гандаль і дастаўку ў рэгіёны ў 2007 годзе.

Сёньня рэдактар газэты “Брестский курьер” Мікалай Аляксандраў ад самага ранку быў у прыёмным пакоі кіраўніка абласной “вэртыкалі” Канстанціна Сумара. У рэдакцыі недзяржаўнага выданьня патлумачылі, што напярэдадні атрымалі ліст за подпісам дырэктара Берасьцейскай філіі дзяржпрадпрыемства “Белпошта” Генадзя Цітова. Чыноўнік папярэдзіў, што “Брестский курьер” будзе выключана з каталёгу падпіскі на 2007 год. Спадзяваньні журналістаў на сустрэчу рэдактара і кіраўніка вобласьці агучыў журналіст Зьміцер Паталятаў:

(Паталятаў: ) “Мяркую, што там пэўным чынам сытуацыя высьветліцца. Я буду чакаць, усе мы чакаем, рэдакцыя чакае”.

У гутарцы з дырэктарам берасьцейскай філіі “Белпошты” Генадзем Цітовым даведваюся, што яго трывожыць візыт рэдактара газэты да абласнога начальства. Паштавік нэрвуецца і адмаўляецца ўдакладняць, чаму загадзя скасоўвае дамоўленасьці на супрацоўніцтва з прыбытковым выданьнем:

(Цітоў: ) “У нас свае з імі ўзаемаадносіны. Як я магу пра іх паведамляць? Магчыма, што яны ня хочуць, каб я штосьці паведамляў. Усё, я спыняю з вамі гутарку!”

У бухгальтэрыі берасьцейскай філіі “Белпошты” наракаюць, што прадпрыемства губляе прыбытковых кліентаў. Вось што паведаміла супрацоўніца, якая папрасіла не называць яе прозьвішча:

(Спадарыня: ) “Якраз цяпер, сапраўды, у нас цякучка вялікая. Так атрымліваецца, бо з грашыма дрэнна”.

Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), сёлета прадпрыемства “Белпошта” адмовілася праводзіць падпіску на газэты “Народная воля”, “Товарищ”, “Салідарнасьць”, “Згода”, “Наша ніва” – разам 16 выданьняў.

Сытуацыю камэнтуе юрыст БАЖ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “У структурах “Белпошты” лічаць, што быццам бы сытуацыя тычыцца адносінаў між суб’ектамі гаспадараньня. Падкрэсьліваюць, што “Белпошта” можа заключаць дамовы з газэтамі па свайму жаданьню. Пры гэтым па-за ўвагай застаецца тое, што ёсьць яшчэ трэці бок – чытачы. “Белпошта” мусіць аказваць паслугі пошты кожнаму, хто зьвяртаецца. Гэта так званая публічная дамова. А калі ў каталёгу няма газэты і чытач ня можа яе выпісаць, то я лічу, што пасярэднік наўмысна разрывае сувязь між чытачом і выданьнем”.

Як стала вядома, рэдактар “Брестского курьера” Мікалай Аляксандраў не атрымаў сёньня аўдыенцыі ў кіраўніка абласной “вэртыкалі” Канстанціна Сумара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG