Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа за 12 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, пры мікрафоне Севярын Квяткоўскі. Вы чытаеце агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць намер ўраду ажыцьцявіць праграму вяртаньня ў Беларусь колішніх суайчыньнікаў. Для былых суайчыньнікаў прадугледжаныя ільготы ў падатках і працаўладкаваньні. Вось некаторыя водгукі:

“Жах нейкі, выяжджаюць тысячы 25-30-гадовых грамадзянаў, а прыяжджаюць сотні расейскіх пэнсіянэраў, якія настальгуюць ды адзінкі зь Ізраілю”.

“Сьмешна… Можа і наш бухгальтар перадумае ды вернецца з Швэйцарыі ў родную Беларусь, а ня будзе праз год грамадзянства атрымліваць”.

“Хочацца адказаць фразай рэжысэра Станіслаўскага – “Ня веру!”.

На сайце “Грамадзянскі форум” зьмешчаны артыкул пра дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі. Паводле сайту, у самым крытычным становішчы апынулася Гомельская вобласьць: дзеці да 15 гадоў складаюць менш за 20 працэнтаў, палова жыхароў – людзі да 49 гадоў, старэйшыя за 50 складаюць 30 працэнтаў. Сайт “Грамадзянскі форум” камэнтуе: “Прычыны сытуацыі простыя: нізкі ўзровень нараджальнасьці і высокі ўзровень сьмяротнасьці”. Таксама на сайце “Грамадзянскі форум” можна скарыстацца з новай паслугі – пошуку па незалежных сайтах Беларусі.

Блогер v_mariamna рэфлексуе з нагоды перамогі нацыянальнай зборнай ў футбольным матчы “Беларусь-Славенія”: “На прыпынку ўбачыла тралейбус, што ад’яжджаў, ззаду якога на ўсё шкло нейкія хлопцы й дзяўчаты разгарнулі чырвона-зялёны сьцяг. Першая думка: “БРСМаўцы”. Толькі пачуўшы гукі салюту з стадыёна “Дынама”, я зразумела, што гэта футбольныя фанаты. … І раптоўна закралася думка: бо мы такія ж фанаты, клюб па інтарэсах, які пасьля чарговай акцыі забіваецца ў тралейбус і на кожным прыпынку пужае людзей, якім пляваць на Беларусь і Адраджэньне. Хіба нас больш, чым футбольных фанатаў? Хіба мы сапраўды змагаемся, каб нас было больш?.. Чаго мы ўвогуле чакаем???…”

Зьявіўся сайт у афіцыйнага спадарожнікавага тэлеканалу “Беларусь-ТВ”. На старонцы можна паглядзець анонсы і назвы матэрыялаў, якія ідуць у дадзены момант. Паведамляецца, што ў мінулым месяцы было зафіксавана больш за 90 тысяч далучэньняў да сайту з 140 краінаў. У разьдзеле пра гісторыю Беларусі на сайце каротка паведамляюцца факты зь ІХ-ХІІ ст.ст.

Блогер Ausfald піша ў сваім дзёньніку пра пляны па стварэньні беларускамоўнай вэрсіі апэрацыйнай сыстэмы Windows XP: “Прадстаўнік кампаніі Microsoft у Беларусі Андрэй Баюшчанка заявіў, што да сакавіка 2007 года зьявіцца беларускамоўная вэрсія Windows XP. … Найбуйнейшая ў сьвеце ІТ-карпарацыя спадзяецца, што дзякуючы прызначэньню рэгіянальнага прадстаўніка ў справах разьвіцьця партнэрскай сеткі на працягу кароткага прамежку часу можна чакаць на падваеньня колькасьці сэртыфікаваных партнэраў ды рост продажу”. Наведнік konzist пытаецца: “Няўжо дачакаліся нечага вартаснага? А, цікава, калі такая цаца будзе каштаваць? Ды й хто спрычыніўся да беларускамоўнага перакладу?”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG