Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла новая чытанка для беларускіх дзетак


Валянціна Аксак, Менск Што чытаюць ці хочуць чытаць сёньня беларускія дзеткі? Адказаць на гэтае пытаньне паспрабавала недзяржаўнае выдавецтва “Радыёла-плюс”, выпусьціўшы літаратурную хрэстаматыю для малодшых школьнікаў пад назовам “Крынічка”. Новую беларускую чытанку для беларускіх дзетак адрозьнівае ад папярэдніх вялікая колькасьць твораў маладзейшых літаратараў і больш выразная ўрбаністычная тэматыка.

З закрыцьцём чатыры гады таму спэцыялізаванага выдавецтва “Юнацтва” колькасьць дзіцячай і падлеткавай беларускай літаратуры ў кнігарнях краіны рэзка скарацілася. Але маладыя бацькі, якія выхоўваюць сваіх дзяцей беларусамі, хочуць чытаць ім беларускія казкі, а на ўроках роднае літаратуры настаўнікі задаюць школьнікам вучыць вершы беларускіх паэтаў. “Крынічка” мусіць ім дапамагчы. Гаворыць укладальніца новае чытанкі Раіса Шастак.

(Шастак: ) “Асноўная мэта, якую я перад сабой ставіла, дапамагчы і дзецям, і бацькам разабрацца ў вялікім моры беларускай літаратуры. Часта дзецям у якасьці пазакляснага чытаньня задаюць вывучыць нейкі верш або прачытаць нейкае апавяданьне менавіта па нейкай пэўнай па тэме. І таму гэта таксама ўлічвалася. Напрыклад, ёсьць тэматыка “Мая Радзіма”, таму я зрабіла адпаведны разьдзел”.

Спадарыня Раіса выбірала для “Крынічкі” найперш творы сваіх любімых аўтараў. Да прыкладу, “Пастушок” Анатоля Сыса.

“Хлопчык пасьвіць коз на касмадроме, быццам лес, высокая трава, у траве той хлопчык – чыста гномік, дзьмухаўцом пакрыта галава. Сьветлы мой, бялюткі ты мой хлопчык, не страсай да долу дзьмухаўцоў. Запарушыш сіненькія вочкі, хто ж загоніць козачак дамоў?

Ці верш “Яшчарка” Алеся Аркуша, які любілі дачушкі спадарыні Раісы, таму ўласны мацярынскі досьвед таксама ўлічыла.

“У яшчаркі свае шляхі, свае таемныя сьцяжынкі, жыцьцё схаванае ў імхі, пясок, каменьчыкі, сьцяблінкі. Лісты, жыцьцё ў якіх усё што раньня на пяску ля ганку, як іерогліфы Басё, як вершык хоку або танка”.

У “Крынічцы” шмат вершаў і апавяданьняў пра беларускія славутыя гарады і мястэчкі, ілюстрацыі да якіх паказваюць багатую архітэктурную спадчыну краіны. Мастачка Алена Карповіч аздобіла кнігу і сучаснымі атрыбутамі жыцьця дзяцей, увяла шмат матываў урбанізаванага іх сьветабачаньня. А выдавец Уладзімер Сіўчыкаў пастараўся, каб кніга была танная. Выданьне будзе каштаваць блізу 10 тысячаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG