Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсень Скаруліс


Уладзімер Арлоў, Менск 3.8.1971, Маладэчна — 19.3.2005, гара Блюмэнштайн, Швайцарыя. Пахаваны на могілках м.Ватэнвіль, Швайцарыя

Гісторыя майго знаёмства з Арсенем даволі пакручастая.

На пачатку 1970-х мы зь сябрамі заснавалі ў нас на гістарычным факультэце БДУ франдзёрскі Клюб аматараў піва. Створаная намі філязофская плынь піваізму ня надта стасавалася з задачамі выхаваньня байцоў ідэалягічнага фронту, а таму піваісты зазналі перасьлед і рэпрэсіі. Але нашая справа не прапала. Праз дваццаць гадоў, на досьвітку гісторыі сувэрэннай Беларусі, утварылася Беларуская партыя аматараў піва, якая ў сярэдзіне 1990-х, як і ўсе здаровыя нацыянальныя сілы, апынулася ў апазыцыі да палітыкі Лукашэнкі. Мне пакуль не ўдалося высьветліць, ці быў малады адвакат Арсень Скаруліс сябрам партыі, але абсалютна дакладна вядома, што ён бараніў інтарэсы яе старшыні Андрэя Рымашэўскага.

Журналістка Ціна Клыкоўская згадвае сваё знаёмства з Арсенем на “Чарнобыльскім шляху-1996” як адну з самых уразьлівых падзеяў жыцьця. Ейнага сябра, аднаго з тагачасных кіраўнікоў маладых “грамадоўцаў” Паўла Карназыцкага, на Нямізе брутальна “павінцілі” прафэсіяналы ў цывільным. Ціне падалося, што Паўла зараз проста заб’юць. Ёй на дапамогу кінуўся вялікі мажны чалавек з насоўкаю ў руках і ўтульнай цёплай аўрай. Потым менавіта Ціна з Паўлам пазнаёмілі Скаруліса з будучай жонкаю Элай.

Сярод Арсеневых падабаронных апрача Карназыцкага, былі затрыманыя на тым самым “Чарнобыльскім шляху” актывісты ўкраінскай арганізацыі УНА-УНСО, а таксама славуты графітыст Аляксей Шыдлоўскі. Такі выбар кліентаў быў адзначаны ў адпаведных інстанцыях, і Скаруліс неўзабаве мусіў зарабляць на хлеб ужо не ў адвакатуры, а ў яшчэ не забытай удзячнымі і няўдзячнымі чытачамі вясёлай газэце “Навінкі”, пагатоў пачуцьцё гумару ў Арсеня заўсёды было вышэй сярэдняга. Аднак уладу раздражнялі ня толькі незалежныя “Навіны”, але й “Навінкі”...

Усьлед за галоўным аматарам піва Андрэем Рымашэўскім у эміграцыі апынуўся і Арсень Скаруліс. Аднойчы мы ўтрох і сустрэліся ў праскай кавярні, дзе мне, як вэтэрану, што яшчэ ў юнацтве пасьпеў выпіць нечалавечую колькасьць піва, калегі дазволілі абмежавацца пляшкай чырвоненькага. Падвесьці вынікі той сустрэчы можна сакрамэнтальным выслоўем: “Невялікая інтэлектуальная кампанія мэлянхалічна зьела кабана”. Арсень аказаўся чалавекам надзвычай камфортным, і мне мроілася, што зьедзены намі “кабан” — не апошні. Але ў наступны мой прыезд у Чэхію, Скаруліса там ужо не было: разам з Элаю і малой Агатай ён рушыў далей на захад — у Швайцарыю.

Летась у сакавіку Арсень сабраўся ў горы, якія, зрэшты, пачыналіся проста за вакном. Перад Днём волі ён хацеў усталяваць на гары Блюмэнштайн бел-чырвона-белы сьцяг. Эла згадвае, што перад самым адыходам Арсеню захацелася яшчэ раз патрымаць на руках народжанага ўжо ў Швайцарыі сына Альгерда.

Празь некалькі гадзін здарылася трагедыя: Арсень сарваўся на стромым схіле...

Яго хавалі 25 сакавіка.

Адшукаць ягоны апошні прыстанак, калі вы трапіце ў мястэчка Ватэнвіль, будзе нескладана: на тамтэйшых могілках есьць адзіны крыж з кірылічным надпісам па-беларуску. З могілак адкрываецца непаўторны від на горы, якія Скаруліс бясконца любіў, бо яны былі для яго выхадам ў неба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG