Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Захожая: “Галадоўка на “Белшыне” будзе масавай”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня дзевятыя суткі, як у Бабруйску работніца “Белшыны” Алена Захожая трымае галадоўку пратэсту супраць перасьледу незалежных прафсаюзаў. А ў Наваполацку ад 4 кастрычніка галадае сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Анатоль Кулік на знак салідарнасьці з асуджаным палітыкам Аляксандрам Казуліным.

Як паведаміла Радыё Свабода Алена Захожая, яе працоўнае месца па-ранейшаму кантралююць мэдыкі. Галадоўніца лічыць, што адміністрацыя “Белшыны” палохаецца яе заявы пра гатоўнасьць “памерці за праўду на працы”. Алена Захожая патрабуе зарэгістраваць першасную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) на прадпрыемстве і спыніць перасьлед ягоных сябраў. Ад траўня актывістам БНП не выплачвалі прэміяў і дапамогі на аздараўленьне. Са словаў Алены Захожай, пакрыўджаныя імкнуцца далучыцца да акцыі пратэсту:

(Захожая: ) “Мая праца фізычна не цяжкая. Я – тоўстая. Пакуль тоўсты ссохне, худы – здохне. А сярод іх людзі іншага фізычнага складу. Яны ня тоўстыя. У іх вельмі цяжкая праца. Ім нельга гэта рабіць! Але яны ірвуцца”.

Алена Захожая кажа, што першасная арганізацыя БНП на “Белшыне” аб’ядноўвае цяпер каля 40 чалавек.

У Наваполацку сёньня працягвае палітычную галадоўку Анатоль Кулік. Тэрмін акцыі ён вызначыў да 20 кастрычніка. Гаворыць, што здароўе пакуль не падводзіць:

(Кулік: ) “Адчуваньне? Ну, так – нармалёва. Галава ў норме, сэрца нібыта таксама. Мая праца за межамі гораду – раніцай зьяжджаю, вечарам – вяртаюся, таму з уладамі не бачуся. Калі моцныя палітычныя партыі, суполкі, то трэба рабіць больш буйныя акцыі. Пікеты, мітынгі, страйкі. Адзін чалавек, што можа? Галадаваць? Гэта так. Гэта ягоная справа. А разам трэба рабіць больш буйныя акцыі. Каб улада адчувала, што ёсьць гэтая палітычная сіла, а не адзінкі”.

Анатоль Кулік і Алена Захожая ня першы раз трымаюць галадоўкі. Яшчэ ў траўні 2001 году Радыё Свабода паведамляла пра галадоўку Алены Захожай. Акцыя пратэсту доўжылася 15 сутак, пасьля чаго адміністрацыя “Белшыны” мусіла дазволіць першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу арандаваць памяшканьне. Пасьля Бабруйскі гарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас арганізацыі.

Папярэдняя галадоўка Анатоля Куліка адбывалася сёлета ў час інагурацыі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Акцыя пратэсту тады доўжылася два тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG