Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі ўкраінскага гетмана, ураджэнца Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Учора ўвечары ў Менску прэзэнтавалі навукова-папулярную кнігу пра Піліпа Орліка, аднаго з самых выбітных украінскіх гетманаў і змагароў за незалежнасьць, які нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі роўна 334 гады таму.

Першая сучасная кніга пра гетмана Піліпа Орліка ў Менску выйшла раней, чым у Кіеве. Гэта адбылося, дзякуючы настойлівасьці аб’яднаньня ўкраінскай дыяспары ў Беларусі “Ватра” і асабліва актывісткі аб яднаньня Галіны Калюжнай.

(Калюжная: ) “Вось Вілейшчына, маці, дзіця, яно там навучылася хадзіць размаўляць. Як пісалі гісторыкі, на Літве хадзіў у школу, потым маці накіравала яго ў Вільню ў Езуіцкі калегіюм. І тады юнаком ён прыяжджаў дадому, у яго напэўна былі сябры. Беларуская зямля дала яму сталеньне”.

Будучы гетман Піліп Орлік нарадзіўся 11 кастрычніка 1672 году ў вёсцы Касута Вялейскага раёна Менскай вобласьці. Вёска Касута цяпер – з большага дачны пасёлак, гаворыць вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач, большая частка вёскі зьнікла пад вадой у сувязі з пабудовай Вілейскага вадасховішча.

(Рогач: ) “Калісьці тут быў маёнтак, пазьней вёска. Маёнтак разбурылі, засталіся толькі падмуркі і старыя векавыя дрэвы, таполі”.

У Беларусі дагэтуль мала ведаюць пра Піліпа Орліка, нават народны паэт Ніл Гілевіч прызнаўся, што ўпершыню пачуў ягонае імя 8 гадоў таму. Расейская, а пазьней савецкая гістарыяграфія адносілі яго да нэгатыўных гістарычных пэрсонаў. Cтаўшы паплечнікам Івана Мазэпы, Піліп Орлік вызначыўся як выбітны дзяржаўны дзяяч, дыплямат, змагар за незалежнасьць Украіны ад Расеі, пазьней ён стаў сам гетманам, аўтарам першай украінскай Канстытуцыі 1710 году – Канстытуцыі правоў і вольнасьці войска Запарожскага. Што апрача месца нараджэньня зьвязвала Піліпа Орліка з Беларусьсю? На думку аднаго з аўтараў кнігі, дырэктара кіеўскага Інстытута Казацтва Тараса Чухліба, Орлік зьвязаны з Беларусьсю і адукацыяй, і шчыльнымі сувязямі з беларускімі рэлігійнымі герархамі таго часу, у сваіх дзёньніках ён часта згадваў пра сваю радзіму.

(Чухліб: ) “У Орліка апрача украінскай такой мэнтальнасьці, казацкай мэнтальнасьці была й беларуская мэнтальнасьць, акрамя вытанчанай адукацыі быў вытанчаны погляд на рэчы. Як украінец я, шчыра кажучы, знаёмы з многімі беларусамі, у тым ліку навукоўцамі, гісторыкамі, то мне падаецца, што ў беларусаў больш вытанчаны погляд на пэўныя рэчы, чым ва ўкраінцаў ці расейцаў”.

Паводле рашэньня Менскага аблвыканкама, у вёсцы Касута праз год будзе ўсталяваны памятны знак Піліпу Орліку. А праз нейкі час, як спадзяюцца актывісты аб’яднаньня беларускіх ўкраінцаў, і музэй-капліца. Навечна прозьвішча Орліка ўшанаванае ў назьве парыскага аэрапотра Арлі, які быў збудаваны ў вёсцы, якую атрымаў ва ўладараньне сын Піліпа генэрал Рыгор Орлік за самаадданую службу францускаму каралю Людовіку XV.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG