Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Вольскі


Уладзімер Арлоў, Менск 23.9.1924, Койданава — 5.9.2002, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

Я не служыў на флёце, але добра ўяўляю, якая выбітная роля належыць на караблі боцману. А калі даць волю фантазіі і ўявіць маю верагодную марскую службу, я хацеў бы, каб нашага боцмана звалі Артурам Вольскім.

Частку сваіх дзесяці флёцкіх, у тым ліку і баявых, гадоў спадар Артур насамрэч выконваў боцманскія абавязкі, што, здаецца, зусім ня горшым чынам паўплывала на ягоны далейшы лёс — і літаратурны, і кар’ерны. А трапіў ён на Ціхі акіян у 1942-м. Артуру толькі што споўнілася васямнаццаць, і ён ужо лічыў сябе ня толькі мараком, але і пісьменьнікам, бо першае апавяданьне надрукаваў ажно ў 13 гадоў.

Найбольш поўна шматстайныя таленты Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігодзьдзя працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі і празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п’еса-казка “Сьцяпан — вялікі пан”, што — пакладзеная на музыку Юрыем Семянякам — сталася першай беларускай дзіцячай апэрэтай.

Поўны парадак панаваў на ўсіх палубах і тады, калі спадар Артур быў дырэктарам Дома літаратару.

Многім калегам жыцьцё Вольскага падавалася ўва ўсіх сэнсах камфортным і бясхмарным. Аднак пад ягоным нацельнікам, што почасту выглядваў з-пад моднай кашулі, білася вялікае вольналюбівае сэрца, якое прывяло пісьменьніка ў кастрычніку 1988-га ў шэрагі стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сьведкам таго, як на апазыцыйных акцыях сваім уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі гэтых званых “ахоўнікаў правапарадку”.

Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага “Несьцеркі”, пражыў 87 гадоў, маці — 94. Такі генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыцьцё. Аднак умяшаўся выпадак. Зрэшты, гэтае слова выглядае тут недарэчным, бо ўсё было занадта падобна да загадзя сплянаванай акцыі. Аднойчы пасьля вечаровага выступу ў школе Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго ня проста жорстка зьбілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку мэдыкаў, і справакаваў анкалягічнае захворваньне...

Адным з ягоных найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў шмат хто лічыць верш “Калі гучыць “Магутны Божа”.

Калі гучыць “Магутны Божа”, гатоў я ўпасьці на калені. Бог — толькі Бог! — нам дапаможа знайсьці шляхі да вызваленьня...

Каб у духоўным землятрусе, ў Хрысьце знайшоўшы ўратаваньне, прынесьці людзі Беларусі за ўсе правіны пакаяньне.

І слаўна пойдзе ўсё ды спраўна. І заквітнее Край наш гожа. І загучыць, як Гімн Дзяржаўны, сьпеў нашых душ — “Магутны Божа”.

Ну а самым лепшым творам Артура Вольскага стаў ягоны сын Лявон — культавая асоба ня толькі беларускай моладзі, але і ўсёй краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG