Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: Кангрэс павінен абраць лідэра, якому лідэры партый будуць падпарадкоўвацца


Радыё Свабода Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што новы Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сіл будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі кіраўнікі палітычных партый заявяць аб поўным падпарадкаваньні новаабранаму лідэру палітычнай кааліцыі.

“Гэты лідэр павінен атрымаць шырокія паўнамоцтвы, а палітычныя партыі павінны спыніць унутрыпартыйныя разборкі і публічна заявіць аб тым, што цалкам падпарадкуюцца рашэньням гэтага лідэра і яго штаба”, – заявіў Мілінкевіч на апошнім пасяджэньні Палітычнай Рады аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Ён лічыць, што крызыс кааліцыі і паўгадавая адсутнасьць дзейнасьці выклікана перш за ўсё тым, што некаторыя партыйныя кіраўнікі, імкнучыся рэалізаваць свае лідэрскія амбіцыі, спрабуюць скліканьнем Кангрэсу падмяніць працу з насельніцтвам.

Сваё бачаньне ролі лідэра апазыцыі Мілінкевіч выклаў наступным чынам: “Павінен быць прафэсійны штаб, якому будуць падпарадкоўвацца і які ня будзе сьціснуты партыйнымі рамкамі і квотамі. На кангрэсе мусіць быць абраны лідэр палітычнай кааліцыі. Абраны чалавек, якому лідэры партый будуць падпарадкоўвацца, а не перашкаджаць і блякаваць працу. І гэты лідэр павінен вырашыць, хто будзе кіраваць Штабам і Нацыянальным камітэтам”.

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька нязгодны з прапановай. "Так можна люстэркавы адбітак беларускай вэртыкалі, дзе ёсьць кіраўнік і астатнія, хто пад ім", – заявіў Лябедзька. “Гэта добра – загнаць усіх пад аднаго лідэра, але ў Беларусі няма кандыдата на гэтую пасаду, няма лідэра з аўтарытэтам Гаўла ці падтрымкай Пуціна”, – падкрэсьліў кіраўнік АГП. Ён дадаў, што сам не прэтэндуе на ролю паўнаўладнага лідэра, калі будзе прыняты такі падыход.

Супраць прапановы Аляксандра Мілінкевіча выказаўся і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч. “У нас ёсьць пэўныя людзі, якія вельмі хочуць быць лідэрамі, нягледзячы ні на што” – заўважыў Шушкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG