Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Паліткоўскай зьвязваюць з чачэнскай тэмай


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У суботу 7 кастрычніка ў Маскве ў пад’езьдзе свайго дому была забітая вядомая журналістка, палітычная аглядальніца “Новой газеты” Ганна Паліткоўская. Многія расейскія журналісты, палітыкі, праваабаронцы зьвязваюць забойства Ганны Паліткоўскай зь ейнай прафэсійнай дзейнасьцю. Апошнім часам Ганна Паліткоўская займалася журналісцкімі расьсьледаваньнямі гучных справаў у Чачэніі.

Віталь Ярашэўскі -- намесьнік галоўнага рэдактара “Новой газеты”-- сказаў у інтэрвію нашаму радыё, што ў суботу ўвечары яна зьбіралася здаць свой чарговы артыкул, зьвязаны з Чачэніяй. Меркавалася, што яна пісала пра катаваньні палітычных апанэнтаў прэм’ер-міністра Рамзана Кадырава.

Рэдакцыя зьбіралася надрукаваць артыкул сёньня. Але сёньня выйдзе спэцыяльны нумар “Новой газеты”, прысьвечаны памяці журналісткі. “Новая газета” раскажа пра ўсё тое, чым займалася Паліткоўская апошнім часам. А літаральна некалькі дзён таму яна сама расказала ў інтэрвію расейскай службе нашага радыё пра свае апошнія праекты.

(Голас Паліткоўскай:) “Зараз на маім працоўным стале два фотаздымкі (я вяду расьследаваньне) – катаваньні ў кадыраўскіх засьценках сёньня і ўчора. Гэта людзі, якія былі скрадзеныя кадыраўцамі паводле зусім не зразумелай прычыны. І іх ня стала.”

Праваабаронцы і калегі адзначаюць, што ў Расеі ўжо даўно журналісты перасталі пісаць праўду пра парушэньні правоў чалавека ў Чачэніі, а Ганна Паліткоўская настойліва працягвала гаварыць праўду. Вось што сказаў муж Аляксандар. (Паліткоўскі:) “Яна -- прынцыповы чалавек, сумленны журналіст. Напэўна, яна зь іншага часу была...” Забойства журналістаў – не навіна для Расеі. Паводле Камітэту абароны журналістаў, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку, Паліткоўская стала 42-м забітым расейскім журналістам пасьля краху СССР. Яна ж стала 12-м забітым журналістам у Расеі Ўладзімера Пуціна.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які сьвяткаваў у суботу свой дзень нараджэньня, ніяк не пракамэнтаваў забойства. Міжнародная супольнасьць востра ўспрыняла гэтае забойства. Дзярждэпартамэнт ЗША, кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу, Рады Эўропы, АБСЭ заклікалі ўлады Расеі зрабіць усё, каб справа была дасканала расьсьледавана, а забойцы былі пакараныя.

А вось што сказаў нашаму радыё Ўпаўнаважаны ў правох чалавека Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Лукін. (Лукін:) “Праблема ня ў тым, якія погляды маюць у нашай краіне розныя людзі ці розныя журналісты, а праблема ў тым, што ў нашай краіне пэрыядычна забіваюць за гэтыя погляды. Я ня ведаю сапраўднай прычыны, тут можа быць шмат прычынаў. Але зразумела адно: проста сьвяты і прыярытэтны абавязак нашых уладаў раскрыць гэтае забойства. Таму што нераскрыцьцё гэтага забойства ляжа цяжкім грузам на плечы нашых уладаў і праваахоўных органаў”.
XS
SM
MD
LG