Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Міколы Астрэйкі спадзяецца, што ён ведае пра нараджэньне дачкі (фота)


Радыё Свабода Палітзьняволены Мікола Астрэйка даслаў сваім родны новы ліст з папраўчай калёніі ў Шклове. Ён ня піша пра нараджэньне дачкі, хаця маці Яўгенія Астрэйка накіравала сыну адмысловую тэлеграму. Жанчына спадзяецца, што Міколу ўсё ж пра гэта паведамілі й ён таксама цешыцца з нараджэньня Лізы, якой ужо два дні.

Яўгенія Астрэйка штодня прыходзіць у радзільнае аддзяленьне 6-га менскага шпіталю да нявесткі з унучкай. Сёньня Яўгенія прынесла Паліне і Лізе харчовую перадачу, неабходныя рэчы й ліст ад Міколы.

Пакунак забіраюць у прыёмным пакоі, і мы пераходзім пад вокны чацьвёртага паверху, дзе знаходзіцца маладая маці з дачкой. Неўзабаве яны зьяўляюцца ў акне: Паліна адной рукой трымае Лізу, а другой вітае нас. І толькі завярнуўшыся, заўважаем малады клён з начэпленымі каляровымі балёнікамі. Сваякі Паліны й Міколы гэтак упрыгожылі дрэўца, каб павіншаваць маці з дачкой у дзень нараджэньня, кажа спадарыня Астрэйка.

(Астрэйка: ) “Хацелі неяк Паліну парадаваць. Прынесьлі балёнікі, навесілі на дрэва, каб яна ўсьміхнулася, каб яна ня думала пры дрэннае. Дзякуй усім, што нас вось так падтрымліваюць. Я нават не чакала, што нараджэньне такога маленькага чалавечка выкліча гэтулькі эмоцыяў. Нам тэлефанавалі Поліны сябры, сябры нашай сям’і, іншыя родзічы і нават незнаёмыя людзі. І гэта вельмі важна”.

Яўгенія Астрэйка і сьмяецца і плача: яна цешыцца нараджэньню ўнучкі й шкадуе сына. У лісьце са шклоўскай калёніі Мікола паведаміў, што ўпершыню за сем месяцаў пабачыў дрэвы й нават паляжаў на траве. У Шклоў яго адправілі 29 верасьня, дзе мусіць адбываць рэшту ад прысуджаных двух гадоў турмы, кажа спадарыня Астрэйка.

(Астрэйка: ) “Вельмі цяжка, што Коля ня можа радавацца з намі, ня можа адведваць Паліну і Лізу, ня можа забраць сваё дзіця з радзільні. Усё гэта вельмі цяжка. І я лічу, што мой сын не злачынца, а ён гэтулькі часу за кратамі — гэта несправядліва”.

Сёньня ж Паліну Астрэйку і яе дачку адведала сям’я Алеся Шалайкі.

Нагадаем, што актывістаў “Партнэрства” Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку затрымалі 21 лютага. 4 жніўня іх асудзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Мікалай Астрэйка быў асуджаны на 2 гады, Цімафей Дранчук — на 1 год, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка — на 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Суд прызнаў іх вінаватымі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.


Корпус радзільні


Яўгенія Астрэйка ў чарзе ў прыёмны пакой


Ліст ад Міколы


У вакне радзільні - Паліна і Ліза Астрэйкі


Яўгенія Астрэйка каля ўпрыгожанага сваякамі дрэва
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG