Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нянькамі усё часьцей становяцца мужчыны. Пакуль не ў Беларусі


Ігар Карней, Менск Сацыялягічныя дасьледаваньні ў шэрагу краінаў Заходняй Эўропы выявілі тэндэнцыю: хатнімі выхавацелямі, гувэрнэрамі і нянькамі ў сем’і ўсё часьцей запрашаюцца не толькі жанчын, але і мужчын. За мінулы год толькі ў Вялікай Брытаніі колькасьць “вусатых няняў” павысілася на 50% -- 12 500 мужчынаў супраць ранейшых 8 500. У цэлым жа 4% людзей, занятых у галіне хатняга выхаваньня,-- мужчыны. Ці характэрная гэтая тэндэнцыя для Беларусі?

У Беларусі досыць сьціплы попыт на мужчын-выхавацеляў. Спэцыялісты тлумачаць гэта так: заробкі не задавальняюць. Вось што гаворыць кіраўніца агенцтва ў падборы хатняга пэрсаналу “Анёл” Іна Шаравар.

(Шаравар: ) “Заказчыкі час ад часу выказваюць такія пажаданьні, але мы амаль што нікога ня можам прапанаваць. Няма гэтага рынку ў нас яшчэ, ня склаўся ён. Па-першае, сам па сабе невялікі попыт на мужчын-гувэрнэраў. І аплата ня вельмі высокая, каб мужчыны так ужо рваліся гэтую працу выконваць. І калі жанчына можа працаваць з-за любові да дзяцей, то мужчынам усё ж трэба карміць сем’і”.

(Карэспандэнт: ) “У якіх сфэрах увогуле могуць быць занятыя мужчыны?”.

(Шаравар: ) “У выхаваньні малодшых школьнікаў, дзетак старэйшага садкоўскага ўзросту. Для хлопцаў увогуле было б пажадана, каб зь імі займаліся мужчыны. Але цяпер больш распаўсюджаныя заяўкі на зусім малых дзяцей, гадавалага ўзросту. А там, вядома ж, патрэбныя здольнасьці і інтуіцыя жанчыны. Але час будзе ісьці, будуць прапановы і нешта ў гэтым кірунку будзе рухацца. Але пакуль што на гэтым рынку з мужчынамі туга”.

Маладая маці Тацяна Гацура –прыхільніца ўдзелу мужчыны ў выхаваньні дзяцей. Яна кажа, што для двух яе старэйшых сыноў гэта куды больш карысна выхаваньне мужчынам, чым жанчынай.

(Гацура: ) “Я лічу, што хлопцаў павінны выхоўваць мужыкі, а не нейкія бабы. Таму што ў садочку – бабы, у школе – настаўніцы, таксама жанчыны. Таму я б з задавальненьнем... Але, на жаль, знайсьці такога наўрад ці атрымаецца”.

Я пацікавіўся ў спадарыні Тацяны – ці сапраўды, на яе думку, ад такой працы мужчынаў адпужвае немагчымасьць адпаведным чынам зарабіць? А таму і бракуе ў кадравых агенцтвах такіх прапановаў?

(Гацура: ) “Але ж яны могуць падпрацоўваць. Напрыклад, па вечарох. Вось у мяне зараз старэйшыя хлопцы ходзяць на каратэ. Я з задавальненьнем бы згадзілася, каб хлопец якісьці іх вазіў на каратэ, потым забіраў. А на выходных, прыкладам, зь імі дзесьці гуляў. Каб гэта была проста для яго падпрацоўка, каб яны 2-3 гадзіны на дзень займаліся, так сказаць, мужчынскімі справамі. Таму што зараз усе мужчыны на працах занятыя, да ўласных дзяцей у іх папросту не даходзяць рукі, каб займацца імі. Таму я лічу, што такая альтэрнатыва была б вельмі добрай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG