Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Лойка: “Сёньня настаўнік вымушаны працаваць у атмасфэры страху”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. (эфір 1 кастрычніка)



Генадзь Лойка – настаўнік вельмі рэдкай для Беларусі спэцыялізацыі. У сталічнай СШ № 185 з архітэктурна-мастацкім ухілам ён выкладае скульптуру, малюнак і кераміку. На хуткацечных летніх вакацыях ён вывозіць сваіх вучняў на пленэры ў пяшчаныя кар’еры – “адкопваць” схаваных пад зямлёй слаўных дзеячоў беларускай гісторыі. А цягам доўгага навучальнага году тлумачыць школьнікам сакрэты скульптурнага і керамічнага майстэрства. Мы сустрэліся з Генадзем напярэдадні Дня настаўніка, які ў нашай краіне адзначаецца 1 кастрычніка.

(Міхась Скобла: ) “Генадзь, на 1 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь прыпадаюць ня толькі Дзень настаўніка, але і Дзень пажылых людзей, і Міжнародны дзень музыкі. Цэлых тры Дні – ажно невядома, які адзначаць. Адсюль і першае пытаньне: ці прэстыжная ў нашай краіне прафэсія настаўніка?”

(Генадзь Лойка: ) “Пэўна што не прэстыжная. Напрыклад, я – настаўнік скульптуры і керамікі ў сярэдняй школе. Мае калегі-скульптары проста не ідуць у школу, ня робяцца настаўнікамі. І гэта, я думаю, – таксама паказчык таго, што настаўніцкая прафэсія непрэстыжная. Мужчынаў мала ў школах. Гадуюць, выхоўваюць і навучаюць нашых дзяцей пераважна жанчыны. Гэта таксама паказчык. Прэстыжная прафэсія ў нас – хіба міліцыянт, прадстаўнік сілавых структураў, які абараняе ідэалёгію, абараняе асновы дзяржавы”.

(Скобла: ) “А настаўнік – ён ідэалягічны работнік?”

(Лойка: ) “Сам па сабе настаўнік – не. З аднаго боку, мы традыцыйна ўспрымаем настаўніка як чалавека, які сее разумнае, добрае, вечнае. З другога боку, у нас настаўнікі падбіраюцца менавіта па ідэалягічных крытэрах. Настаўнікі ў нашай школе мусяць, як тыя міліцыянты, абараняць ідэалёгію дзяржавы, выхоўваць у дзецях законнапаслухмяных грамадзянаў з ідэалягічна правільнымі поглядамі. Самым строгім чынам у школе забаронена прышчапляць дзецям іншыя погляды”.

(Скобла: ) “Вы – прадстаўнік гуманітарнай галіны адукацыі. З гэтага году колькасьць гадзінаў, адведзеных у школьнай праграме на гуманітарныя дысцыпліны, скарочаная ўдвая. Міністэрства адукацыі лічыць, што ў стагодзьдзе высокіх тэхналёгій выпускнікі беларускіх школаў павінны ісьці, абазнаныя ў інфарматыцы, фізыцы, хіміі, іншых дакладных навуках, а не ў літаратуры, не ў мастацтве. Ці ёсьць тут рацыя?”

(Лойка: ) “Рацыі тут няма, але гэта для нашай дзяржавы заканамерна. Нашай дзяржаве цяпер вельмі патрэбныя фізкультурнікі і тэхнікі. Таму што гуманітарныя дысцыпліны выхоўваюць любоў. А філёзафы кажуць, што антонімам да слова “любоў” зьяўляецца не “нянавісьць”, ня “зло”, а “страх”. Беларуская дзяржаўная сыстэма сёньня прадукуе страх, ён у ёй вельмі лёгка вырастае, яна спрыяе страху. Я б нават сказаў, што сама сыстэма – страх. А любоў – як тая трава, якой вельмі няпроста прабіцца праз асфальт. Паглядзіце вакол – асфальт роўны паўсюль, толькі зрэдку траве ўдаецца прабіцца ўгару.

У мяне блізкія жывуць у Канадзе. Расказвалі, якая гэта спакойная краіна. І людзі там працуюць спакойна, без аўралаў і сэлектарных нарадаў. І ў іх атрымліваецца працаваць лепш, чым у нашых дюдзей пры нашым парадку. Канадцы працуюць творча, таму і вынікі лепшыя, чым у нас.

Памятаю, я служыў у савецкім яшчэ войску. Мне зразумелыя паводзіны камандзіра, які пашыхтуе салдатаў, і яны выканаюць пастаўленую перад імі задачу. Дысцыпліна – я разумею. Але нас там было сямёра мастакоў, і мы жылі асобна, намі асабліва не камандавалі. Дык мы выдавалі прадукцыі больш, чым паднявольныя салдаты. Бачыце – нават у сыстэме савецкага войска можна было стварыць творчы калектыў. Вельмі хацелася б, каб уся наша краіна была такой”.

(Скобла: ) “Як войска?”

(Лойка: ) “Не, як творчы калектыў. Пры свабодных умовах будзе больш плённы вынік, чым пры субардынацыі і парадку. А я адчуваю, што ў нас цяпер сыстэма ствараецца проста бяздушная. Яе нават не назавеш “хто”, а толькі “што”. Каму гэта прыемна? Пакажыце мне такога чалавека. А вось тых, каму гэта непрыемна, і настаўнікаў, і другіх людзей, – вельмі шмат”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што вы цьвёрда стаіцё на нацыянальных беларускіх пазыцыях. А школа ў вас не беларуская. Як вам удаецца не адступаць ад сваіх моўных прынцыпаў?”

(Лойка: ) “У школе я адразу сказаў, што буду весьці клясны журнал па-беларуску. Хоць усе настаўнікі робяць гэта па-расейску. Што цікава, сам журнал беларускі. “Прозьвішча вучня”, “Што зададзена на ўроку” – усё там па-беларуску. Завуч паглядзела і згадзілася з маёй пазыцыяй. Хоць і заўважыла, што ёй будзе наганяй. Чаму будзе наганяй? Ад каго? Хто не зразумее маіх запісаў? Знайдзіце мне дэбіла, які не зразумее беларускамоўных запісаў у клясным журнале! Але чамусьці весьці журнал па-беларуску “не паложана”. Вакол гэтага “не паложана” і будуецца ўся наша сыстэма адукацыі.

Як я прывучаю дзяцей да беларускай мовы? На самым пачатку яны ў мяне абавязкова пытаюцца: “А вы умеете разговаривать по-русски?”. Я кажу: “Не! Ня буду! Нават калі вы мяне будзеце біць, катаваць ці пад пазногці голкі заганяць! Я ня кіну беларускую мову! Буду гаварыць толькі па-беларуску. І гэта мае вялікі эфэкт і больш уплывае на вучняў, чым увесь курс беларускай мовы і літаратуры, які яны праходзяць. І вучні мае пачынаюць паступова пераходзіць на беларускую мову. І яшчэ: я ніколі не перакладаю на ўроку незразумелых словаў. Чакаю. І абавязкова знойдзецца вучань, які падкажа. І тут таксама моцны выхавальны момант”.

(Скобла: ) “Перад нашай гутаркай вы сказалі, што ў школу сёньня вяртаецца Савецкі Саюз. У чым гэта выяўляецца?”

(Лойка: ) “Найперш у ідэалёгіі. Усім настаўнікам загадана трымацца толькі адной – дзяржаўнай – ідэалёгіі. Хто ж я тады? Настаўнік зь вялікай літары? Ці – раб, і я гадую гэткіх жа рабоў, як і сам?..”.

(Скобла: ) “Нядаўна на Радыё Свабода даслала ліст настаўніца з Маладзечанскага раёну Алена Краўцэвіч. У яе ў школе ўзьнікла праблема. Вучань на ўроку запытаўся, які дзяржаўны сьцяг быў у Беларусі з 1991-га па 1995 год? Настаўніца расказала і паказала ілюстрацыю ў старым падручніку па гісторыі. Наступным днём яе выклікалі да дырэктара і папярэдзілі, каб больш такое не паўтарылася. А ў вас падобных праблемаў не ўзьнікае?”

(Лойка: ) “Узьнікаюць. Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі па горадзе вельмі шмат распаўсюдзілася значкаў “За Свабоду!”. Вучні прыносяць іх у школу, носяць іх на ранцах, на адзеньні. А зь іх гэтыя значкі зьдзіраюць. Я сам нашу значку “Размаўляй са мной па-беларуску!”, з выгляду яна падобная на значку “За Свабоду!”. І таму яшчэ здалёк адміністрацыя крычыць: “Здымі!”. А потым прыгледзіцца, прачытае: “Ну ладна, насі”. Праўда, па-беларуску са мной размаўляць не пачынае.

Дырэктарка школы Юрцэвіч Галіна Іванаўна аднойчы выклікала мяне на прафіляктычную гутарку. Як выявілася, яна ганарыцца тым, што ў мінулым была камсамольскай дзяячкай. А я кажу, што для мяне камсамольскі пэрыяд – самы чорны ў маёй біяграфіі. Я пагадзіўся з дырэктаркай наконт таго, што ў школе ня месца палітычнай дзейнасьці. Таму тут не павінна быць БРСМ, не павінна быць піянэраў – гэта палітычныя арганізацыі. А дырэктарка кажа: “Не, яны не палітычныя”. “Як так? А як вы вызначаеце мяжу – дзе палітыка, а дзе не палітыка?” І яна пагадзілася, што складана вызначыцца. Як і ў іншым выпадку – дзе сканчаецца эротыка і пачынаецца парнаграфія? І тут я зь ёю пагадзіўся”.

(Скобла: ) “Сёньня ва ўсіх сфэрах уводзіцца кантрактная сыстэма. Як адчувае сябе настаўнік-кантрактнік?”

(Лойка: ) “Я сам – ахвяра кантракту. Год таму я працаваў у іншай школе і паводле кантракту мяне звольнілі. Ня ўжыўся з завучам – Пятром Багданавым. Гэта наш калега, якога я вельмі добра і даўно ведаў. Ён прыйшоў, здавалася б, з-пад нашага бела-чырвона-белага сьцягу, з-пад Пагоні. І вось выйшаў у начальнікі. Здавалася б – тут і праводзь беларускую палітыку. Не! Гэты чалавек тут жа, зь першага дня, уводзіць кантрактную сыстэму. Яна адпавядае ягонай празе ўлады, гэта яму якраз падыходзіць. Ён узяў увесь калектыў сваім крыкам у абцугі страху. Усе настаўнікі баяцца пярэчыць яму. Што б ён ні рабіў – ніхто не пярэчыць. Таму і давялося сысьці”.

(Скобла: ) “А ці магчыма ў сучаснай Беларусі, працуючы ў дзяржаўных структурах (а школа – структура дзяржаўная), займаючы нейкія кіроўныя пасады, заставацца сумленным, патрыятычна настроеным чалавекам?”

(Лойка: ) “Тут адразу згадваецца прыклад Прыбалтыкі. У Літве нацыяналісты ішлі ў літоўскую кампартыю і вешалі ў свае кабінэты партрэты Леніна з подпісам: “Leninas”. І ніхто з Масквы ня мог да іх прычапіцца. Літоўскія камуністы знаходзілі магчымасьці зь бюджэту Савецкага Саюзу дастаць грошы на аднаўленьне Тракайскага замку, а беларускія камуністы ў той самы час у Беларусі ўзводзілі сьвінагадоўчыя комплексы. Так і з сыстэмай лукашэнкаўскай. Варта было б ісьці працаваць у яе, рабіцца завучамі і дырэктарамі. Але гэта немагчыма. Як у той кітайскай легендзе, памятаеце? Прыходзіць герой, перамагае Цмока і – тут жа сам становіцца Цмокам”.

(Скобла: ) “Адна мая знаёмая настаўніца, якая выкладае ў школе прадмет пад назвай “Айчынная і ўсясьветная мастацкая культура”, гаворыць: “Калі на ўроку не прысутнічае твор мастацтва, то яго лепш увогуле не праводзіць”. А якія наглядныя дапаможнікі выкарыстоўваеце вы?”

(Лойка: ) “У нас у клясе стаяць бюсты, гіпсавыя зьлепкі. Але я мінімаліст, я не прыхільнік мэтадычак. Я не разумею, навошта выдаткоўваць шалёныя грошы на выраб нейкіх сшыткаў па ангельскай мове, выдрукаваных на высокаякаснай паперы, размаляваных, дзе ўсё растлумачана-разжавана. І ўсё для таго, каб дзіця ў тым сшытку паставіла флямастарам адну рыску. А потым сшытак выкідаецца. Нават наступнаму дзіцяці не дастанецца, бо будзе другая праграма.

Я ў дзяцінстве гуляў у пяску з падковаю – і гэта быў мой конь. Не было ні хваста, ні грывы, ні галавы, але гэта быў конь! І мы гулялі такімі знакамі, і ў сваім уяўленьні дамалёўвалі сьвет, дастваралі яго далей. А цяпер дзецям усё разжоўваюць, а вынікі? Я проста інтуітыўна адчуваю, што мы тут вельмі многае страчваем”.

(Скобла: ) “Я збольшага разумею, як ацаніць веды па матэматыцы, па літаратуры. А як вызначыць: намаляваны вучнем краявід – геніяльны ці бяздарны?”

(Лойка: ) “Сапраўды, мяне вельмі бянтэжаць ацэнкі ў мастацтве. “Заданьне” ў нас павінна быць зьлепленае, аб’ёмнае, прапорцыі павінны быць выверанымі, дакладнымі. У нашай школе, як і паўсюль, выкарыстоўваецца дзесяцібальная сыстэма ацэнак ведаў. Я ведаю настаўніка фізыкі, які навучае дзяцей па двухбальнай сыстэме: “ведае – ня ведае”. І гэтага дастаткова. І сапраўды, выходзяць у яго выдатныя вучні. Другі мой знаёмы настаўнік, які працаваў, праўда, не ў дзяржаўнай, а ў прыватнай навучальнай установе, карыстаўся ўвогуле аднабальнай сыстэмай – ён усім ставіў “выдатна”. Нават невук, няздара ў яго атрымліваў выдатныя адзнакі, таму што ён зрабіў працу на сваім узроўні. І вундэркінд такую саму адзнаку атрымліваў. І ад яго ўсе дзеці выходзяць акрыленыя, натхнёныя! Вось гэтая аднабальная сыстэма мне найбольш імпануе. Апошнім часам я іду менавіта ў гэтым кірунку.

А мы сёньня што робім? Мы ацэньваем дзяцей – ты лепшы, ты горшы. Мы іх па палічках раскладваем. А далей – які наступны крок? Лепшаму – лепш жыць, горшаму – горш?!”

(Скобла: ) “Ці адлічваеце вы са школы вучняў, скажам так, неталенавітых, няздольных паказаць сябе ў мастацтве?”

(Лойка: ) “Такая практыка мае месца. Мы можам выгнаць вучня са школы, наставіўшы яму “двоек”. А ён паедзе куды-небудзь у Бэрлін і паступіць там у аналягічную школу. Што нам застаецца сказаць? Тое, што там нізкі ўзровень адукацыі, што там і двоечнікаў вучаць?.. Паўтараю, у мастацтвазнаўчых дысцыплінах вельмі цяжка даваць аб’ектыўныя ацэнкі”.

(Скобла: ) “Давайце вернемся да тэмы дапаможнікаў. Вось што сёлета прапануе школе выдавецтва “Народная асьвета” (я зрабіў падлік паводле “Настаўніцкай газэты”). Кнігі па матэматыцы і геамэтрыі – 23 найменьні; па заалёгіі і біялёгіі – 5 найменьняў; па хіміі – 3 найменьні; па гісторыі, экалёгіі, этыцы – па адным найменьні. І выдадзена Сьвятое Пісаньне для дзяцей. Ніякай “мастацкай культуры” і блізка няма. Але ж вучань мусіць мець пад рукой тое, пра што гаворыць настаўнік на ўроку. Іначай ён не засвоіць матэрыял. Дзе ж тут выйсьце?”

(Лойка: ) “Нам вельмі патрэбныя падручнікі па гісторыі мастацтва. А па самім мастацтве мы карыстаемся падручнікамі для прафэсійных установаў, для інстытутаў, акадэміяў. Адаптуем тэксты, перакладаем іх на даступную вучням мову. У бібліятэцы ёсьць кнігі “Мастацтва бачыць сьвет”, “Мастацтва ў школе”, “Юны мастак”. Асабіста мне прыкладной літаратуры хапае”.

(Скобла: ) “Апрача скульптуры вы выкладаеце таксама і кераміку ў малодшых клясах. Дзеці і гліна, першаматэрыял, зь якога Бог зьляпіў першага чалавека… А што вылепіць пяціклясьнік, калі яму не задаваць заданьня, не прымушаць, а пакінуць сам-насам з падрыхтаванай для лепкі глінай?”

(Лойка: ) “О, у такія моманты вельмі цікава назіраць за дзецьмі. У мяне нядаўна прайшлі першыя азнаямляльныя ўрокі, на якіх вучні ўпершыню ўбачылі падрыхтаваную для лепкі гліну. Упершыню ўсунулі рукі ў яе, разьміналі і тут жа нешта ляпілі. Хлопцы – фігуры людзей, аўтамабілі, танкі. Пакуль што вучні проста ў захапленьні ад майго прадмету. Праўда, пройдзе час, і пачнецца руцінная штодзённая праца, згубіцца пачуцьцё захапленьня. Але цяпер мае вучні вельмі натхнёныя. Хочуць быць скульптарамі, хочуць вучыцца. І мне вельмі прыемна зь імі працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG