Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Зянон Ломаць самастойнай палітычнай фігурай?


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі 62-гадовага Зянона Ломаця. Гэтая пасада была вакантная з 13 красавіка 2006 году, калі былы кіраўнік ведамства Анатоль Тозік быў прызначаны амбасадарам у Кітаі. Як ацэньваюць прызначэньне Зянона Ломаця палітыкі, якія яго добра ведаюць.

Аляксандар Ярашук дваццаць гадоў таму замяніў Зянона Ломаця на пасадзе першага сакратара Клецкага райкаму. Тады спадар Ломаць адбыў на аналягічную пасаду ў Слуцак. Спадар Ярашук запомніў Зянона Ломаця як чалавека, які ня мае асабістай пазыцыі, гатовы служыць уладзе. Ён мяркуе, што гэтае прызначэньне адпавядае лёгіцы ўмацаваньня аўтарытарнай сыстэмы:

(Ярашук: ) “Менавіта таму Аляксандар Лукашэнка спыніў свой выбар на гэтай кандыдатуры, таму што ён добра ведае адметную якасьць спадара Ломаця, якая заключаецца ў тым, каб цалкам падпарадкоўвацца і ня мець абсалютна ніякіх асабістых амбіцыяў”.

Спадар Ярашук згадвае прызначэньне Зянона Ломаця міністрам сельскай гаспадаркі на некалькі месяцаў у 2003 годзе, называючы яго недарэчным, бо той нават ня меў аграрнай адукацыі. Да станоўчых якасьцяў спадара Ломаця Аляксандар Ярашук аднес красамоўства:

(Ярашук: ) “Зьнешні эфэкт будзе відавочны, а што датычыць эфэктыўнасьці, то баюся, што шмат людзкіх лёсаў будзе зламана, з адпаведнымі нэгатыўнымі наступствамі для эканомікі краіны”.

Лявон Баршчэўскі, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету разам зь Зянонам Ломацем, таксама лічыць новага кіраўніка Камітэту дзяржкантролю несамастойнай фігурай:

(Баршчэўскі: ) “Трэба было беларусізацыю рабіць – ён па-беларуску гаварыў, беларускія школы адкрываў у Слуцку, калі ён там кіраваў. Калі палітыка зьмянілася — ён гэтыя школы ўсе закрыў. Спачатку ён галасаваў, як ЦК патрабавала, потым як Кебіч патрабаваў, а пазьней — як Лукашэнка”.

Лявон Баршчэўскі перакананы, што асаблівых пераўтварэньняў у Камітэце дзяржкантролю ад спадара Ломаця чакаць ня варта, гэта іншая фігура, чым ягоны папярэднік Анатоль Тозік.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі таксама ведае Зянона Ломаця зь Вярхоўнага Савету. Ён мяркуе, што спадар Ломаць мае дастатковы жыцьцёвы і кіраўнічы досьвед ды зьяўляецца ўзважаным чалавекам.

(Красуцкі: ) “Фігура дастаткова вытрыманая — гэта тое, што неабходна на дадзеным этапе разьвіцьця. Я ня думаю, што мэтай гэтага прызначэньня зьяўляецца мець нейкую самастойную палітычную фігуру”.

Паводле спадара Красуцкага, Зянон Ломаць здольны арганізаваць кантроль за выкананьнем бюджэту й рашэньняў кіраўніка дзяржавы і ўраду.
XS
SM
MD
LG