Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь -- Расея: на цукровым і піўным франтах восеньскае абвастрэньне


Міхал Стэльмак, Менск Беларусь і Расея працягваюць канфліктаваць з-за ўзаемных паставак цукру й піва. Масква настойвае на захаваньні абмежаваньняў на ўвоз беларускага цукру, а Менск ня хоча спрашчаць правілаў імпарту расейскага піва.

Беларусь плянуе экспартаваць сёлета ў Расею 400 тысяч тон цукру. Масква ставіцца да гэтай лічбы падазрона — лічыць, што рэальна беларускі імпарт значна большы. Вось што заявіў сёньня Радыё Свабода старшыня праўленьня Саюзу вытворцаў цукру Расеі Юры Чумакоў:

(Чумакоў: ) “Нам пастаянна прывозяць цукру значна больш за той аб’ём, які вырабляецца ў Беларусі з цукровых буракоў. Калі ўзяць апошнія пяць гадоў, то я мяркую, што ў 1,4—1,5 разу больш цукру ўвезена ў Расею, чым яго было выраблена з буракоў. Гэта тая ж самая кантрабанда”.

Як патлумачыў спадар Чумакоў, расейскія вытворцы цукру падазраюць беларусаў ва ўвозе прадукту, вырабленага з імпартнага сырца. Паводле міждзяржаўных дамоўленасьцяў, за сырцовы цукар Беларусь павінна плаціць мыта — а гэтага не адбываецца.

Беларускі бок абвяргае абвінавачаньні расейцаў. Гаворыць начальнік упраўленьня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Валянцін Камандзіраў:

(Камандзіраў: ) “Вядома, беларускі цукар ім не патрэбен, калі яны больш як два мільёны ўвозяць сырцовага цукру. А мы ім увозім бураковы цукар, што не забаронена міжурадавымі пагадненьнямі. Ёсьць Фэдэральная мытная служба, наша пракуратура. Калі б была кантрабанда, то яны б выявілі гэтыя факты. Гэтых фактаў ня выяўлена афіцыйна”.

Цяпер бакі вядуць актыўныя перамовы наконт умоваў паставак беларускага цукру. Масква, як паведаміў кіраўнік “Союзроссахара” спадар Чумакоў, накіравала беларускім уладам свой варыянт правілаў цукровага гандлю, аднак адказу пакуль не атрымала.

Чакаюць адказу зь Менску і расейскія півавары. 25 верасьня прадстаўнікі Беларусі на перамовах у Маскве паабяцалі расейцам, што спросьцяць для іх правілы ўвозу піва на беларускі рынак. Вось што паведаміў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік Саюзу расейскіх півавараў Уладзімер Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “На мінулым тыдні насамрэч праходзіла паседжаньне камісіі ў тарыфным і нетарыфным рэгуляваньні пры савеце міністраў саюзнай дзяржавы. Было прынятае рашэньне аб адмене шэрагу абмежаваньняў, у тым ліку і датычных імпарту расейскага піва. І што 1 кастрычніка павінна быць адпаведная пастанова савету міністраў Рэспублікі Беларусь дзеля зьняцьця гэтых абмежаваньняў”.

Між тым, паводле спадара Кузняцова, расейскім піваварам невядома пра дзеяньні беларускага боку: зьняў урад а,межаваньні на ўвоз расейскага піва альбо не? Нагадаю, гэтыя абмежаваньні былі ўведзеныя ў 2003 годзе. Тады ўрад вырашыў ліцэнзаваць расейскае піва. Кошт адной ліцэнзіі — 11 тысяч даляраў. У “Белдзяржхарчпраме” піўной галіной апякуецца начальнік упраўленьня Гэнрых Чарняк. Ці выйшла ўрадавая пастанова пра скасаваньне абмежаваньняў для расейскага піва? Спадар Чарняк адказаў:

(Чарняк: ) “Не, ня ведаю. Нічога афіцыйнага пра гэтыя зьмены ня ведаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG