Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту за 2 кастрычніка

На форумах парталуTUT.by абмяркоўваюць артыкул “Справа прынцыпа” зробленая: Віка Мароз вярнулася ў Беларусь”. Вось адзін з водгукаў: “Рытарычнае пытаньне аўтара артыкула: што адчуваюць беларускія чыноўнікі, калі глядзяць у вочы гэтай дзяўчынкі? А што адчувалі амонаўцы, аглядаючы заплечнікі й торбы людзей, што ішлі ў бок Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 году, калі там знаходзіліся намёты зь людзьмі, якія пратэставалі супраць вынікаў “выбараў” прэзыдэнта, супраць беззаконьня, аглядаючы заплечнікі й торбы ў пошуках ежы, пітва, спрабуючы пры дапамозе голаду й смагі змусіць пратэстоўцаў пакінуць плошчу?.. Паслугуючы Злу, гэтыя нелюдзі стараюцца пераканаць сябе, што служаць Дабру – у іхных галовах хлусьлівай прапагандай перакуленыя паняткі дабра й зла, іх прывучылі слухаць не сумленьне, а загад камандыра”.

На сайце Indymedia разьмешчаны тэкст звароту праваабаронцы Мікалая Калініна да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў. У сваім лісьце праваабаронца выказвае занепакоенасьць з нагоды актывізацыіі ў Беларусі руху “Белая воля”. Гэты рух, як сьцьвярджае спадар Калінін, распаўсюджвае фашыстоўскія ідэі, вельмі падобным чынам падзеі разьвіваліся ў суседняй Расеі. (цытую) “Апошнім часам я быў сьведкам актывізацыі дзейнасьці нацыяналістычнай арганізацыі “Белая воля”. Зь вясны 2006 году зьявілася рознага кшталту інфармацыя ў Інтэрнэце з заклікамі да гвалту супраць цыганоў ды іншых нацыянальнасьцяў. Аднак цяпер дзейнасьць вышэйпамянёнай арганізацыі выйшла зь віртуальнага поля. Так я неаднойчы бачыў на сьценах будынкаў надпісы, якія прапагандуюць гвалт у дачыненьні цыганоў, лёзунгі, якія зьневажаюць нацыянальную годнасьць прадстаўнікоў цыганскага народу”.

На сайце Радзіма майго духу зноў зьмешчаныя новыя фотаздымкі малавядомых беларускіх славутасьцяў – касьцёл Сьв. Юр’я ў вёсцы Восава Воранаўскага раёну, касьцёл Зьвеставаньня Паньне Марыі ў вёсцы Альковічы Вялейскага раёну.

На форумах сайту Maryjka_ напаткала ў сеціве абвестку пра новую паслугу апэратара мабільнай сувязі МТС. “Мамы і таты! – гаворыцца ў абвестцы. – Клапатлівыя ды ўважлівыя бацькі, што турбуюцца пра сваіх дзяцей. Хочаце ведаць, дзе зараз знаходзіцца вашае дзіця, куды яно скіравалася пагуляць, калі прыйшло са школы і ці не прагульвае заняткі ў музычнай школе?.. Магчымасьці сэрвісу “Мабільнае дзіця”: вызначэньне ўласнага месцазнаходжаньня, вызначэньне месцазнаходжаньня чальцоў сям’і, атрыманьне інфармацыі пра перасоўваньні чальцоў сям’і з заданым інтэрвалам часу”. “Нешта мне падказвае, – камэнтуе maryjka_, – што падабцасныя абанэнты МТС стануць яшчэ больш падабцаснымі. Паважаны абанэнт! Ваш сужэнец пайшоў налева 2 кастрычніка 2006 году а 17.35. Даведка па тэлефоне. Дзякуй”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG