Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія перадала АБСЭ расейскіх афіцэраў


Радыё Свабода Не затухае грузінска-расейскі канфлікт вакол затрыманьня ў Грузіі чатырох расейскіх афіцэраў, абвінавачаных у шпіянажы. Нягледзячы на тое, што Грузія перадала гэтых афіцэраў АБСЭ, прэзыдэнты дзьвюх краінаў абмяняліся крытычнымі выказваньнямі.

У нядзелю прэзыдэнт Расеі зрабіў шэраг жорсткіх заяваў. Уладзімер Пуцін абвінаваціў Грузію ў “дзяржаўным тэрарызьме” і параўнаў дзеяньні яе ўладаў з палітыкай паплечніка Сталіна, этнічнага грузіна Лаўрэнція Берыі.

(Пуцін:) “Нягледзячы на тое, што Расея пасьлядоўна выконвае ўсе дамоўленасьці па вываду сваіх вайсковых падразьдзяленьняў з тэрыторыі рэспублікі, як вядома, у Грузіі схопленыя і кінутыя ў турмы нашы вайскоўцы. Гэта такая прыкмета правапераемнасьці палітыкі Лаўрэнція Паўлавіча Берыі, як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.”

Таксама Пуцін абвінаваціў Грузію ў спробе з дапамогаю, як ён выказаўся, замежных апекуноў, справакаваць Маскву.

Сёньня ўначы прэзыдэнт Грузіі назваў заявы свайго расейскага калегі “занадта эмацыйнай рэакцыяй”. Міхаіл Саакашвілі заявіў, што Грузія сама правяла апэрацыю затрыманьня афіцэраў, абвінавачаных у шпіянажы, без дапамогі іншых дзяржаваў. Саакашвілі абазначыў і свае ідэалягічныя разыходжаньні з Пуціным.

(Саакашвілі:) “Пуцін назваў развал Савецкага Саюзу самай вялікай трагедыяй 20-га стагодзьдзя. А ў маім жыцьці гэта быў самы шчасьлівы дзень. Гэта тое, у чым мы не паразумеемся. Таксама я не магу пагадзіцца і з параўнаньнем нас са спадкаемцамі сталінскага мінулага тыпу КГБ.”

Пасьля арышту расейскіх вайскоўцаў Масква адклікала свайго пасла з Тбілісі і вярнула на радзіму амаль усіх супрацоўнікаў і іхныя сем’і. Сёньня расейскія мэдыі паведамляюць,што Расея прыпыняе паштовыя і транспартныя зносіны з Грузіяй. Тым часам, Грузія перадала прадстаўнікам АБСЭ затрыманых і абвінавачаных у шпіянажы расейскіх грамадзянаў. У гэтым зьвязку грузінскі лідэр заявіў пра пазыцыю Грузіі.

(Саакашвілі:) “Мы хочам быць з Расеяй, але мы ня хочам жыць у сьвеце, дзе пануе толькі запужваньне, шантаж і ціск. Мы хочам жыць у сьвеце, дзе паважаецца цывілізаваны дыялёг паміж дзяржавамі, а не істэрыя, жыць у сьвеце, дзе вялікія і маленькія дзяржавы роўныя, калі справа тычыцца закону. Што тычыцца выдачы Расеі яе афіцэраў, дык гэта – наш жэст добрай волі ў адносінах да нашых сяброў-дэмакратаў і саюзьнікаў. Гэта ні ў якім выпадку ня ёсьць рэакцыяй на ціск – мы ж да такіх рэчаў прывыклі. Мы гэтага не баімся і будзем рухацца наперад, нягледзячы на ціск.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG