Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія шахцёры могуць застацца без паліклінікі


Радыё Свабода Адна з прычын – лячэбная ўстанова ня зможа фінансавацца з прыбытку “Беларуськалія”. 1 верасьня галоўны лекар дзяржаўнай установы “Салігорскае раённае тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне” падпісаў загад №513 аб ліквідацыі паліклінікі “Беларуськалія” з наступнага году. Незалежны прафсаюз гарнякоў вырашыў змагацца за тое, каб загад адмянілі.

Паліклініка “Беларуськалія” абслуговае 20 тысяч працаўнікоў прадпрыемства і яшчэ каля 4-х тысяч пэнсіянэраў. Не сакрэт, што ў шахцёраў самая нізкая сярэдняя працягласьць жыцьця і цэлы букет хранічных захворваньнях. Паводле інфармацыі старшыні незалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалая Новіка, салігорскія шахцёры дажываюць у сярэднім да 46 гадоў. Гаворыць Мікалай Новік.

(Новік: ) “Пры такіх цяжкіх і шкодных умовах працы павінна быць і гарантаванае мэдычнае абслугоўваньне нашых працаўнікоў. Захаваньне паліклінікі – гэта захаваньне здароўя нашых работнікаў. Па-першае, вялікія сродкі былі затрачаныя 5 гадоў таму на закупку новага сучаснага абсталяваньня, дый зараз укладаюцца. Па-другое, вельмі важны накірунак працы – гэта рэабілітацыя людзей, якія згубілі здароўе на прадпрыемстве”.

Калі паліклініка “Беларуськалія” будзе ліквідаваная, яе пацыентам давядзецца зьвяртацца ў звычайныя бюджэтныя паліклінікі, дзе пастаянныя чэргі, дый абсталяваньне значна горшае. Асобнае пытаньне – лёс дзесяткаў высокакваліфікаваных лекараў, мэдпэрсаналу. Бо ў загадзе № 513 ёсьць канкрэтная фармулёўка “аб самастойным працаўладкаваньні ў іншых наймальнікаў”.

Галоўны лекар паліклінікі “Беларуськалія” Мікалай Дзенісевіч усё яшчэ спадзяецца на тое, што паліклініку ўдасцца захаваць.

(Дзенісевіч: ) “Калі вырашыцца пытаньне – будзе ці ня будзе паліклінікі, тады будзем размаўляць. А што зараз гаварыць? Пытаньне будзе вырашацца цягам бліжэйшых дзён”.

А тым часам прафсаюз гарнякоў накіраваў зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Пятра Калугіна, якога просіць зьвярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства па падатках і зборах, бо паліклініка пабудаваная і аснашчаная сучасным лячэбна-дыягнастычным абсталяваньнем менавіта за сродкі “Беларуськалія”. Незалежны прафсаюз накіраваў і свой ліст у Міністэрства па падатках і зборах з просьбай адмяніць сваё рашэньне па выплаце падаткаў на сумы, што пералічвае Салігорскае тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне на ўтрыманьне паліклінікі калійшчыкаў. Што да Міністэрства аховы здароўя, старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалай Новік выказаў такое меркаваньне.

(Новік: ) “Акрамя паліклінікі, якая фінансуецца за кошт сродкаў прадпрыемства, ёсьць і фінансаваньне Міністэрства аховы здароўя краіны. Штогод сума дадатковых адлічэньняў “Беларуськалія” нашаму міністэрству – 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў, гэта вялікія грошы. Чаму Міністэрства ня можа падтрымаць нашу паліклініку – для мяне таксама не зразумела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG