Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Сяржук Бахун


Сяржук Бахун, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае Сяржук Бахун – сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.

25 верасьня, панядзелак

Раніцай прачнуўся вельмі рана. Наперадзе мяне чакае надзвычай насычаны справамі дзень. Ня ведаю, ці пасьпею зрабіць ўсё заплянаванае. Але нават мітусьня ня здольная прымусіць мяне запамятаваць сёньня самае галоўнае…

“Віншую, мая даражэнькая!” – сёньня першыя мае словы да Сьвятланы. Яна міла ўсьміхнулася і сказала “ўзаемна”. Сёньня спаўняецца месяц нашага шлюбу са Сьвятланай Завадзкай. Дзіўна, прайшоў месяц, а мы кожны дзень прымаем віншаваньні. Я нават і не здагадваўся, што наўкола столькі сапраўдных сяброў, хто шчыра жадае нам шчасьця. Вось і сёньня, калі я набываў кветкі для Сьветы, то сустрэў свайго даўняга сябра Алеся Стральцова-Карвацкага. У адказ на добрыя словы і пажаданьні з боку Алеся я сказаў, што пастараюся адпавядаць ягонаму прыкладу сямейнага жыцьця і паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі (у Алеся тры сыны).

Сёньня да нас у госьці прыяжджала Лера, шаснаццацігадовая журналістка зь Берасьця і галоўны рэдактар “Моладзевай Думкі”. Мне спадабалася яе прага да ведаў. Яна гатовая за свой кошт ехаць у Менск шэсьць гадзін у агульным вагоне, каб паслухаць лекцыю для журналістаў і на начным цягніку вярнуцца ў Берасьце, каб з раніцы пасьпець на заняткі.

Днём я здаваў іспыты ў магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту на аддзяленьне паліталёгіі. А вечарам атрымаў паведамленьне аб залічэньні.

Так што напрыканцы дня ў нас са Сьвятланай была падвойная нагода, каб выпіць па келіху францускага віна.

26 верасьня, аўторак

Як жа хутка ляціць прагрэс. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму лічылася мець раскошай кішэнны калькулятар, а цяпер без кампутару – нікуды. Вось ўжо пяты дзень, як мы аддалі ў рамонт ноўтбук, і справы пачалі вырашацца значна марудней.

Але ў кожным нэгатыве ёсьць і свой пазытыў. Той час, які я аддаваў працы на кампутары, сёньня з прыемнасьцю патраціў на кнігу. На паліцы я без ваганьняў выбраў “Сланы Ганібала” Ўладзімера Арлова, прачытаць якую марыў ужо даўно, але пастаянна бракавала часу. Спадар Арлоў падараваў нам са Сьвятланай на вясельле цэлы стос сваіх кніг, якія мы з задавальненьнем чытаем у вольную часіну. Цудоўна, што Беларусь мае такіх добрых пісьменьнікаў, як Арлоў, шчырыя словы такіх людзей заўсёды будуць абуджальнікам і арыенцірам для шматлікіх сэрцаў чытачоў. І той чалавек, у каго знаходзілася вольная часіна, каб пачытаць кніжку Уладзімера Арлова, ужо ніколі ня будзе скептычна ставіцца да беларускага нацыянальнага пытаньня.

27 верасьня, серада

Сёньня раніцай атрымаў прыемную навіну. Мой сябар зь Берасьця палымяны ўніят Ігар Бараноўскі даслаў электронны ліст з інфармацыяй аб тым, што ў Польскай акадэміі навук абараніла доктарскую дысэртацыю паважаная спадарыня Ірына Лаўроўская. Праца яе напісаная па тэме гісторыі і архітэктуры старажытнага Берасьця. Ніхто яшчэ не займаўся такім дасканалым вывучэньнем гісторыі Берасьця. Дзякуючы менавіта спадарыні Лаўроўскай мы зараз дакладна ведаем, што Берасьце – гэта ня толькі расейская крэпасьць, а значная частка беларускае гісторыі. Таксама мы ведаем, што Брэсцкая крэпасьць – гэта ня толькі сымбаль мужнасьці і адвагі, а яшчэ і сымбаль спаленага “братамі” з усходу горада Берасьця зь дзесяткамі культурных і гістарычных помнікаў, дзеля пабудовы самой крэпасьці. А яшчэ спадарыня Лаўроўская актыўны грамадзкі дзеяч, дзякуючы якой у Берасьці былі створаныя Беларускі Народны Фронт, а пазьней і Малады Фронт.

28 верасьня, чацьвер

Нарэшце сустрэўся са спадарыняй Інай Кулей. На жаль, пасьля таго як яна, а пазьней і я, пераехалі ў Менск, мы сталі рэдка бачыцца. А сёньня яна запрасіла нас са Сьвятланай у Камітэт абароны рэпрэсаваных, дзе мы, нарэшце, нікуды не сьпяшаючыся, размаўлялі аб жыцьці, пілі каву і паказвалі спадарыні Іне нашыя вясельныя фотаздымкі.

Удзень я атрымаў SMS-ку ад маёй сястры Алены, якая зараз знаходзіцца ў Чарнагорыі на адпачынку. Алена напісала, што сёньня на моры вялікія хвалі і яна цэлы дзень вывучае сэрбскую мову.

А ў нас зараз залатая восень. Дзіўна, мне ніколі не падабалася восень. А вось гэтая падабаецца. Напэўна сямейнае жыцьцё дорыць новыя і прыемныя фарбы і ўражаньні.

29 верасьня, пятніца

Сёньня хадзіў у банк, каб пералічыць грошы ў ахвяраваньне для "Нашай Нівы". Я перакананы, што падпісвацца на незалежную прэсу – абавязак кожнай беларускай сям’і, тады, можа, нешта й зьменіцца ў нашай краіне. А то бывае, сустрэнеш якога разумніка (альбо разумніцу), які вучыць усіх, разважае высокімі катэгорыямі, ведае, чаму ў нас у Беларусі дагэтуль дэмакраты перамагчы ня могуць, а сам нават палец аб палец ня ўдарыць. На жаль, шмат хто здольны толькі на адну дэмагогію, а не на канкрэтныя, нават дробныя справы.

Цэлы вечар набіраю мабільнік Севярынца. Нешта не магу датэлефанавацца. Паспрабую заўтра, бо ведаю, яго на выходныя павінны адпусьціць дадому ў Віцебск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG