Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркадзь Смоліч


Уладзімер Арлоў, Менск 17.9.1891, в. Бацэвічы (цяпер Клічаўскі раён) — 17.6.1938, Омск, Расея.

Бываюць пісьменьнікі, кнігі якіх нагадваюць сумныя падручнікі, але бываюць і навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца зь ня меншай цікавасьцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так я чытаў перавыдадзеную на пачатку 1990-х “Геаграфію Беларусі” Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла сьвет ў 1919-м у Вільні, адкрываючыся актуальным і сёньня эпіграфам: “Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў”.

Мне ўяўляліся тысячы й тысячы іншых чытачоў ягонае “Геаграфіі”, якіх гэтая кніга ў 1920-я ня проста захапляла зьместам і зачароўвала моваю. Яна вяртала ім Радзіму. На ёй узгадоўваліся пакаленьні нацыянальна-сьвядомай моладзі. “Геаграфія” Смоліча й цяпер застаецца неперасягнутым узорам навукова-папулярнага апісаньня нашае зямлі. Варта разгарнуць гэты том наўздагад, і ўжо ня хочацца адрывацца: “...Перанясемся цяпер думкаю з нашага Чарнігаўскага лесастэпу на другі канец Беларусі, у Віцебшчыну... Едзеш па дарозе, дык усё або пад гару, або з гары. Каменьня тут усюдых як-бы насеяў хто: ляжыць яно і паасобку, і цэлымі грудамі-крушнямі. І лагодныя ўзгоркі, і зялёныя лясы робяць краявіды гэтае старонкі дужа прыгожымі. Але найлепш прыхарошуюць іх сьветлыя вазёры, што ляжаць між узгоркаў, і якіх тут ёсьць бязь ліку. Дарога іншы раз мусіць дзясятак вёрстаў круціцца паміж іх, каб выйсьці на другі бок возера, што ляжыць, можа, за якую вярсту...”

Але Смоліч быў ня толькі таленавітым навукоўцам. Ён застаўся ў гісторыі як ідэоляг і тэарэтык Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, адзін зь ініцыятараў абвяшчэньня БНР, міністар асьветы ў яе першым урадзе...

Палітычная дзейнасьць вучонага прадвызначыла ягоны лёс. Пасьля пяцігадовае высылкі па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” яго ў 1937-м зноў арыштавалі. Перад расстрэлам у Омскай турме НКВД Смоліч, напэўна, бачыў з такой любасьцю й веданьнем апісаныя ім беларускія краявіды, да якіх, разлучыўшыся зь целам, памкнулася ягоная душа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG