Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: фрэскі XVIII ст. пад пагрозай


Вячаслаў Кулік, Менск Падчас рэканструкцыі ўнутраных памяшканьняў касьцёлу кармэлітаў у Глыбокім, што на Віцебшчыне, выявіліся невядомыя раней фрэскі. Спэцыялісты мяркуюць, што росьпісы датаваныя пачаткам XVIII стагодзьдзя. Радыё Свабода стала вядома, што будаўнікі не перапынілі працы й сёньня, хаця гэта супярэчыць заканадаўству.

Будынак, які зьяўляецца першым узорам віленскага барока ў Беларусі, належыць цяпер праваслаўнаму прыходу сабору Раства Прасьвятой Багародзіцы. Мясцовыя жыхары зьвярнуліся на Радыё Свабода са скаргамі, што ў гістарычным помніку працуюць так званыя “шабашнікі”. Гаворыць Ірына Каліта:

(Каліта: ) “Яны пяскаструйкай пад вялікім ціскам прамываюць сьцены. У выніку пачалі зьяўляцца фрэскі. Але ніхто нікуды не паведаміў пра гэта”.

Ірына Каліта кажа, што на ўнутраную рэканструкцыю храму ў Глыбокім афіцыйнага дазволу не было. Пра гэта цьвердзіць і галоўны архітэктар прадпрыемства “Віцебскаблпраектрэстаўрацыя” Канстанцін Бражнік:

(Бражнік: ) “Яны пачынаюць пяскаструйным апаратам. А ўвогуле пяскаструйнік забаронены пры рэстаўрацыі помнікаў. Цалкам!”

Са словаў Канстанціна Бражніка, праваслаўны прыход мусіў папярэдне атрымаць дазвол на ўнутраную рэканструкцыю храму, пасьля — замовіць тэхнічны праект, а на выкананьне яго запрасіць менавіта рэстаўратараў. Суразмоўца кажа, што гэтага не зрабілі. Ён таксама наракае на вернікаў за замоўчваньне неспадзяванай знаходкі фрэсак.

(Бражнік: ) “Калі б гэта каталікі ўскрылі, то гэта быў бы зусім іншы падыход. Яны б самі адрэагавалі, выклікалі каго належыць. А так, як гэта праваслаўныя... Але рэч у іншым: навошта губіць гэта? Я зьвязваўся зь Менскам, але пакуль таксама маўчок”.

А вось што паведаміў Радыё Свабода намесьнік дэпартамэнту захаваньня гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Мы ведаем пра гэта й накіроўваем на адрас Глыбоцкага райвыканкаму ліст. Гаворка ў ім ідзе ня столькі пра фрэскі, колькі пра парушэньне парадку ў выкананьні працы”.

Як мусіць вырашыцца цяперашняя сытуацыя ў Глыбокім? Камэнтар кандыдата гістарычных навук Алега Трусава:

(Трусаў: ) “Ёсьць закон аб захаваньні гістарычна-культурнай спадчыны, прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі ў 1992 годзе. Там дакладна напісана, што калі падчас рамонту выявіліся фрагмэнты фрэсак, трэба ўсю працу спыняць. Выклікаюцца спэцыялісты, праводзіцца абсьледаваньне, і вырашаецца, што рабіць далей. Ні ў якім разе нельга гэтага рамонту працягваць”.



Глыбоцкі касьцёл і кляштар кармэлітаў да перабудовы пад праваслаўную царкву.



Глыбоцкі касьцёл і кляштар кармэлітаў — цяпер праваслаўны сабор Раства Прасьвятой Багародзіцы.



Глыбоцкі касьцёл і кляштар кармэлітаў — помнік архітэктуры Беларусі.





Глыбоцкі касьцёл, выяўленыя фрэскі: мальтыйскія крыжы — сымбалі дабрачыннасьці, асьветы і лекаваньня; выявы герба манахаў ордэну кармэлітаў і герб фундатара касьцёлу Язэпа Корсака.

Даведка Свабоды:

У XVIII стагодзьдзі ў Магілёве, Мядзелі, Вільні, Пінску, Горадні зьявіліся кляштары кармэлітаў, а ў Глыбокім за грошы мсьціслаўскага ваяводы Язэпа Корсака для іх быў узьведзены ў стылі сармацкага барока мураваны касьцёл Усьпеньня Маці Божай. У 1735 годзе паводле праекту вядомага дойліда Рэчы Паспалітай Яна Глаўбіца ў храме зьмянілі галоўны фасад і інтэр’ер. У гісторыю храм увайшоў як першы ўзор віленскага барока ў Беларусі.

“У касьцёле быў вялікі арган. Меліся вялікія хоры. Кармэліты ўтрымлівалі 40 музыкаў, якія ў сьвяты гралі ня толькі ў храме, але і на бальконе над уваходам. Сьцены і столь упрыгожвалі росьпісы, пра якія відавочцы казалі, як пра жывапіс “невыказнай прыгажосьці”, — пісаў вядомы дасьледчык беларускай даўніны Сапуноў.

Кармэліты бралі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага ў 1863—1864 гадах. У выніку цар забараніў дзейнасьць ордэну, а глыбоцкі касьцёл разам з кляштарам перарабілі ў праваслаўную царкву. Згодна зь некаторымі зьвесткамі, шыкоўныя фрэскі замазалі шэрай фарбай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG