Лінкі ўнівэрсальнага доступу

a.Андрэй Сідаровіч: “І сёньня дыхаю паветрам сакавіка”


Радыё Свабода Айцец Андрэй Сідаровіч – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Веру ў Госпада Бога, у дабрыню і спагаду Ягоную для кожнага чалавека. У неабсяжную любоў да тых, хто прыносіць Яму плён пакаяньня. Веру Богу, што праведніку дабрашчасьіць, а шлях бязбожных загубіць. Веру ў справядлівасць Ягоную для ўсялякага чалавека, бо ад Яго пачатак наш і заканчэньне. Веру, што Бог мой з пакрыўджанымі плача і з засмучанымі смуткуе. Веру, што зьнямоглых абараняе ды ўласным целам захінае катаваных ад болю.

Веру, што сумленьню свайму ня можна здраджваць. Што ў сьвятынях, збудаваных коштам маўчаньня і згоды на зло, у будучыні ня будзе каму маліцца. Што сьвятыні Бога Жывога не паўстаюць пасярод нязаўважанага енку і сьлёзаў пакрыўджаных. Веру, што калі забіраюць усё, застаецца яшчэ ўласная годнасць і гонар, якія нікому аддаваць нягожа.

Веру, што надыйдзе час, калі ніхто не будзе шпурляць мне ў твар “бланком почтового перевода” толькі з тае прычыны, што я запоўніў яго па-беларуску. Што слова травень не будзе выклікаць у мытніка на Берасьцейскай мытні неўласьцівых асацыяцыяў.

Веру, што калі наступным разам буду ладзіць сустрэчу з Андрэем Хадановічам, паслухаць яго прыйдзе ўдвая больш народу, і сумневу не будзе ані ў кога, што гэта паэт, педагог, перакладчык, а не рэвалюцыянер і тэрарыст.

Веру, што Госпад вызваліць нас ад пракляцьця страху, і ніхто з маіх знаёмых ня будзе глядзець на факт адведзінаў рэдакцыі “Нашай Нівы”, як на акт апазыцыйнай дзейнасьці. Што ніхто не будзе жахацца і патрабаваць ад мяне тлумачэньняў, якім гэта правам кружэлка “Партызанскай школы” ляжыць на маім стале. Веру -- бацькі, якія даверылі мне сваіх дзяцей, каб вучыў іх добраму, сьветламу, вечнаму, ня будуць мяне падазраваць, што я занядбаў свае абавязкі.

Веру, што блізкі той час, калі я перастану задаваць сабе пытаньне: “Хто свой, а хто чужы?” Што не спазнаю смаку здрады Юды, які пацалункам супакою аддае свайго Настаўніка на катаваньне.

Веру, што захавае мяне Госпад ад небясьпекі стаць вырадкам – забыць адкуль мой род. Веру, што Госпад дасць мне дастаткова моцы, каб прыстасаванства не сталася крытэрам майго служэньня і жыцьця.

Веру, што і сёньня яшчэ дыхаю на ўсе грудзі шчымліва-марозным паветрам сакавіка - майго любімага месяца. І што варта было жыць, каб хоць раз гэтага паветра глынуць, не зважаючы на кошт і наступствы.

***

Андрэй Сідаровіч — сьвятар з Ордэну айцоў марыянаў, які служыць у рымска-каталіцкай і грэцка-каталіцкай парафіях гораду Воршы і які быў зь людзьмі ўвесь час пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і потым 10 сутак у Жодзінскай турме.

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: ПС 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 2 90 39 52

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі” Эла Мацьвіенка: “Я веру ў сваіх дзяцей Яню, Мільку ды Стася”
XS
SM
MD
LG