Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партызанскую” Беларусь прэзэнтавалі ў Расеі


Радыё Свабода У Незалежным прэсавым цэнтры Масквы прэзэнтавалі кнігу “Партызанская рэспубліка”. Там сабраныя сьведчаньні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту 19—25 сакавіка на менскай Кастрычніцкай плошчы. Друкаваная хроніка сакавіцкіх падзеяў грунтуецца на інтэрнэт-дзёньніках адной з удзельніц намётавага мястэчка Дар’і Кастэнкі, якая першая пачала запісваць уражаньні Менскай вясны.

Кніга “Партызанская рэспубліка” накладам тысяча асобнікаў выйшла ў маскоўскім выдавецтве “Панарама” і прызначаная расейскую аўдыторыі. Спэцыяльна для Беларусі друкаваць дадатковы наклад не плянуецца. Як кажуць выдаўцы, у інтарэсах бясьпекі — перадусім, удзельнікаў намётавага лягеру. Іх дагэтуль перасьледуюць на працы і ў навучальных установах за перакананьні.

Рэдактарка праекту Кацярына Філіпава кажа, што яе на справу натхніў, як ні парадаксальна, скепсіс у расейскім грамадзтве адносна важнасьці тых падзеяў. Спадарыня Філіпава перакананая: чын беларускай моладзі ня страціць значнасьці ніколі.

(Філіпава: ) “Мне казалі: ну што там, тры чалавекі выйшлі на плошчу, маўляў, гэта не падзея. Мне стала вельмі крыўдна. Захацелася нешта зрабіць, каб людзі зразумелі, што гэта менавіта падзея! Негвалтоўны масавы пратэст — заўсёды падзея, а ня толькі тады, калі яго потым называюць рэвалюцыяй, калі ён прыводзіць да зьмены ўлады”.

Кніга грунтуецца на сьведчаньнях непасрэдных удзельнікаў палітычных падзеяў Менскай вясны — ад першай ночы на Кастрычніцкай плошчы да вызваленьня з камэраў менскіх і жодзінскіх ізалятараў.

Каля сотні старонак у кнізе занялі вядомыя многім “Сакавіцкія дзёньнікі” Дар’і Кастэнкі, выпускніцы журфаку БДУ. Сама дзяўчына называе свае нататкі ў нейкай ступені “жэстам адчаю”.

(Кастэнка: ) “Я не хачу прымаць правілаў тэатру абсурду... Калі мы гэтую кнігу пісалі, то ня думалі, што гэта ўсё будзе надрукавана. Гэта своеасаблівы жэст адчаю ў адказ на ўсю плыню хлусьні, на няроўнасьць у інфармацыйнай сфэры. Але так атрымалася, што кніга выйшла. І так атрымалася, што мы прастаялі на Плошчы чатыры дні, хоць я нават не чакала, што мы пратрымаемся так доўга”.

Дарэчы, пераўтварэньне электроннага дзёньніка ў папяровы сёньня ня рэдкасьць. Можна прыгадаць знакаміты дзёньнік “Багдадзкай блогеркі”, які надрукавалі ў Вялікабрытаніі — ён атрымаў літаратурную прэмію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG