Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква плянуе ўвесьці мыта на беларускі цукар


Радыё Свабода, Менск Расея абвясьціла пра чарговае расьсьледаваньне ў справе ўвозу беларускага цукру. Расейцы падазраюць партнэраў па так званай Саюзнай дзяржаве ў кантрабандным гандлі і нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Расьсьледаваньне праводзіць Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі. Яго прадстаўніца паведаміла Радыё Свабода:

(Прадстаўніца: ) “У нас цяпер вядуцца перамовы зь беларускім бокам, кансультацыі. Усе мэты і задачы я вам раскрываць ня буду”.

Масква й Менск канфліктуюць з-за цукру ня першы год. Нагадаю, справакавалі спрэчку пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак. Паводле беларускага боку, гэты прадукт экспартуецца ў адпаведнасьці з саюзнымі дамоўленасьцямі. А менавіта: у Расею пастаўляецца цукар, выраблены зь беларускіх буракоў. Расейцы лічаць інакш. На іх думку, беларусы гандлююць прадуктам іншаземнага паходжаньня, які выраблены з імпартнага сырцу, і што гэта нібыта шкодзіць расейскай цукровай прамысловасьці. Яе прадстаўнікі зьвярнуліся ва ўрад сваёй краіны, каб паставіць заслону беларускаму цукру:

(Іваноў: ) “Ды ніводнага кіляграму беларускага цукру Расеі не патрэбна. Чаму? Ды таму, што ў нас ёсьць 96 заводаў, якія можна, калі не буракамі дык бразыльскім сырцом загрузіць. Я падтрымліваю любыя захады ўсіх ведамстваў для таго, каб гэтую “ганьбу спыніць. Колькі можна?”

Гэтак мяркуе прадстаўнік маскоўскага Інстытуту кан’юнктуры аграрнага рынку Яўген Іваноў.

Ініцыятывы расейскіх цукравытворцаў былі пачутыя. Масква вырашыла кантраляваць беларускі экспарт. Ад лютага пачала дзейнічаць пастанова, паводле якой цукар зь Беларусі павінен пастаўляцца праз адзін мытны склад. Але, як мяркуе расейскі бок, гэты крок ня вырашыў праблемы. Беларуская прадукцыя, паводле іх зьвестак, па-ранейшаму рознымі шляхамі трапляе ў Расею. Напрыклад, на бранскім участку беларуска-расейскай мяжы расейскія мытнікі рэгулярна затрымліваюць вялікія партыі беларускага цукру. Гэта выклікае адмоўную рэакцыю беларускага боку. Гаворыць намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Ўладзімер Гошын:

(Гошын: ) “У Расеі ёсьць палажэньне, што ўвесь цукар павінен пастаўляцца на канкрэтны пункт афармленьня, які належыць расейскаму цукразаводчыку. Чаму бранская мытня канфіскоўвае гэты тавар? Мы накіравалі запыт расейскім калегам…”.

Расейцы апраўдваюць дзеяньні сваіх мытнікаў. Напрыклад, Яўген Іваноў лічыць, што тыя змагаюцца зь незаконнымі пастаўкамі:

(Іваноў: ) “Прыкладна палова беларускага цукру зьяўляецца кантрабандай. Бо гэта самы натуральны сырцовы цукар, за які павінна быць заплачана мыта, але яно ня плаціцца. У беларускіх чатырох заводаў ёсьць вялізная канкурэнтная перавага ў памеры незаплачанага мыта”.

Расейскае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю плянуе завяршыць расьсьледаваньне 20 кастрычніка. Паводле яго прадстаўнікоў, вынікам можа стаць увядзеньне мыта на пастаўкі беларускага цукру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG