Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 27 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Тэма беларускай сіраты Вікі Мароз – адна з самых актыўных сярод тых, што абмяркоўваюць у беларускім інтэрнэце. На партале Tut.by дзесяцігадовай дзяўчынцы прысьвечаны не адзін, а некалькі форумаў. Вось некаторыя з водгукаў:

“Дзяўчынка мусіць вярнуцца ў Беларусь. І беларускія ўлады мусяць пайсьці насустрач сытуацыі, і дазволіць сям’і Джуста ўдачарыць дзіця. І паскорыць агульнае вырашэньне падобных пытаньняў”.

“Калі вы пішаце, што ўлады мусяць пайсьці насустрач сытуацыі, навошта пішаце, што дзяўчынка мусіць вяртацца ў Беларусь? Навошта дзяўчынцы лішні стрэс? Толькі не пішыце, што дзеля выкананьня законнасьці”.

А вось дыскусія ў блогу Андорак :

“Для мяне момант прававога боку гучыць забаўна (асабліва ў сьвятле новай ініцыятывы дзяржавы -- права пазбаўляць бацькоўскіх правоў без суду). Дзесяткі тысяч замежных сямей стаяць на чарзе, каб усынавіць беларускіх дзетак. А на год даюць дазвол на некалькіх”.

“Папросту інцыдэнт зь Вікай можа стаць зачэпкай для беларускіх уладаў, каб увогуле забараніць замежнікам усынаўляць беларускіх дзетак”.

“Няхай дзіцё будзе там, дзе яму добра, дзе яму шчасьліва :)”

На сайце “народных навінаў з усіх куткоў” ”Бюлетэнь Он-лайн” зьявілася інфармацыя пра тое, што салігорскае прадпрыемства “Беларуськалій” пазбаўляецца ад сацыяльна значных аб’ектаў. Аўтар навіны Дзяніс Талпенка піша, што сьледам за Палацам культуры і дзіцячымі садкамі чарга дайшла да паліклінікі. Пераход з-пад апекі “Белкалія” ў гарадзкі бюджэт азначае зьмяншэньне заробку і фінансаваньня. “Людзям, якія працуюць у паліклініцы, пагражаюць шматлікія скарачэньні, а ў выпадку захаваньня свайго працоўнага месца магчымая згуба ў заробку, – піша Дзяніс Талпенка, і цытуе пытаньне жыхароў Салігорску пытаньне: “А ці наважыцца хто-небудзь на пратэст?”

На сайце “Глобус Беларусі” можна паўдзельнічаць у конкурсе “Дзе гэта?” Сайт прысьвечаны архітэктурным ды іншым адметнасьцям Беларусі. Для аматараў архітэктуры прапануецца паводле фотафрагмэнту пэўнай архітэктурнай прыкметнасьці вызначыць, дзе канкрэтна месьціцца помнік. Дзеля арыенціру прапануецца 20 варыянтаў адказу. Таксама на сайце паведамляецца дзе можна набыць кампакт-дыск з фотаздымкамі і апісаньнямі архітэктурных помнікаў Беларусі.

На віцебскім сайце “Наш Дом” – напамін пра ўгодкі даўняй трагедыі, дзе сярод загінулых быў беларус зь Віцебшчыны Канстанцін Фралоў. Аўтар матэрыялу Уладзімер Жыгулаў піша пра гібель савецкага вайсковага лінкору “Наварасійск”, які выбухнуў і затануў у 1955 годзе: “Маці загінулага Ўльяна Фралова адно ў 1994 годзе атрымала за сьмерць сына “ўзнагароду”: ільготу на камунальныя паслугі”. На лінкоры былі іншыя беларусы. Уладзімер Жыгулаў піша: “Я нядаўна паспрабаваў атрымаць у гарадзкім ваенкамаце зьвесткі пра загінулых землякоў. Але ўцямнага адказу не дачакаўся. Сумна, але факт!”

Магілёўская блогерка Анка Ўпала піша :

“Па радыё толькі што сказалі, што за апошні час інтарэс беларускай моладзі да Кітаю вельмі ўзрос. У сувязі з гэтым кітайскі бок зьбіраецца рабіць нейкія там крокі насустрач гэтаму інтарэсу.

Асабіста мне цікава, як праходзіць вывучэньне гэтага інтарэсу да Кітаю. Вось я, моладзь, сяджу сёньня дома і адчуваю, што мой інтарэс да гэтай краіны за апошні час ані ўзрос, ані паменшыўся. Я ўвогуле пра Кітай мала думаю (можа і дарма, канешне). А ён ў мяне ўзрос, аказваецца.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG