Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Навум Кісьлік


Уладзімер Арлоў, Менск 26.9.1925, Масква — 27.12.1998, Менск. Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Калі сям’я Кісьлікаў вярнулася ў 30-я гады з Масквы ў родны Віцебск, Навума аддалі ў беларускую школу. На адным зь першых урокаў малы разрумзаўся, бо анічога не разумеў. Дзякуючы таму выпадку Кісьлік потым усё жыцьцё ня мог спакойна слухаць разважаньні, што беларускай мовы, маўляў, не існуе, а беларусы й расейцы — адзін народ. “Чушь, голубчик!” — чулі ягоныя апанэнты, а потым зазвычай бывалі разьбітыя неабвержнымі аргумэнтамі расейскамоўнага паэта.

Спадар Навум меў амаль сьляпое левае вока — вынік цяжкага раненьня ў Курскай бітве, але ягоны паэтычны зрок быў надзвычай вострым і дакладным. Сябар Кісьліка і аўтар дасьціпных успамінаў пра яго Валянцін Тарас, называючы галоўным матывам творчасьці паэта вайну, дакладней, чалавека на вайне, падкрэсьлівае ягоную вернасьць той самай “акопнай праўдзе”, якой быў адданы Васіль Быкаў.

В мать и в душу, в бога и отца! — ускользает доля, что обмылок. Нету нормы только для свинца: в лоб — чужого, своего — в затылок,—

пісаў Кісьлік у вершы пра створаныя на загад Сталіна “заградатрады”.

Ён быў ня толькі арыгінальным паэтам, але і таленавітым перакладчыкам на расейскую твораў Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Караткевіча, які называў Кісьлікава пераўвасабленьне свайго раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” “проста бліскучым”. Спэцыялісты лічаць, што найлепшы пераклад Мележавых “Людзей на балоце” таксама зрабіў спадар Навум.

Амаль чвэрць стагодзьдзя ён жыў у Менску на першым паверсе дому № 3 па вуліцы Фрунзэ. У наступным будынку № 5 месьціўся Дом літаратара (цяпер ужо захоплены ўпраўленьнем справамі прэзыдэнта). Ці трэба казаць, што такая “геаграфія” прыводзіла ў гасьцінную кватэру Кісьлікаў квецень нашага прыгожага пісьменства. Калі-небудзь Дом літаратара вернецца законным уладальнікам, а на суседнім доме № 3, ня выключана, зьявяцца мэмарыяльныя шыльды зь імёнамі Навума Кісьліка і знакамітых асобаў, што завітвалі да яго. Праўда, Валянцін Тарас апасаецца, што месца на фасадзе можа не хапіць, бо тыя сьцены памятаюць галасы Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Янкі Брыля, рогат Рыгора Барадуліна і Ўладзімера Караткевіча, сьпевы Аляксандра Галіча... А яны — й дзясяткі іншых выдатных літаратараў, мастакоў, музыкаў — і тут, і ўжо ў іншым сьвеце згадваюць, магчыма, радкі гаспадара:

Ну что ж, покатимся, прокатимся и канем. А то, что на душе лежало камнем, внезапной птицей устремилось ввысь...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG