Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы пра Мікіту і Лёньку


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў быў палітыкам неадукаваным, але дарэшты экспансыўным. У палітыцы і наагул у жыцьці ён шмат імправізаваў, і ўрэшце стаў асноўным героем ананімнай паэтычнай творчасьць эпохі разгорнутага будаўніцтва камунізму. Зь дзяцінства памятаю вершык, які чыталі на расейска-беларускай трасянцы.

Ты Гагарин, ты могуч, Ты летаешь выше туч: Паляціш ты на арбіту, Прыхапі з сабой Мікіту. Калі будзе месца ззаду, Прыхапі яшчэ Загладу. И по просьбе всей страны Ты спусти его с Луны, Каб ён, лысы свінапас, Не муціў рабочы кляс.

Надзея Заглада, што згадваецца ў вершы, была зьвеньнявой аднаго з калгасаў Жытомірскай вобласьці. У 1961 годзе ёй далі Героя сацыялістычнай працы за рэкордныя паказьнікі ў вырошчваньні кукурузы – улюбёнай хрушчоўскай сельгаскультуры.

Асабліва шмат эпіграмаў ды прыпевак, прысьвечаных Хрушчову, зьявілася напярэдадні ягонага сыходу з палітычнай сцэны. Менавіта тады загучала эпіграма: “Жили-были три бандита: Гитлер, Сталин и Никита. Гитлер резал, Сталин бил, Никита голодом морил”. Ня выключана, што падобны фольк выдавала пэўнае ведамства з мэтаю канчатковай дыскрэдытацыі Мікіты ў вачох грамадзтва.

Пасьля таго, як Хрушчова зьнялі з пасады, па руках сталі хадзіць цэлыя вершаваныя паэмы, прысьвечаныя ягонаму жыцьцю і палітычнай дзейнасьці. Адна з паэмаў мела кампілятыўную назву “Кому на Руси жить хорошо?”, і ў яе фінале Мікіта Хрушчоў быў згаданы ў тандэме са сваім пераемнікам – Леанідам Брэжневым. На вынесенае ў загаловак пытаньне, аўтары адказалі: “Хрущёву и Брежневу, остальным – по-прежнему”.

Між тым, не пасьпеў Леанід Ільліч зачытаць, у якасьці кіраўніка партыі, сваё першае “інаўгурацыйнае” спавешчаньне, як нарадзілася трапная эпіграма: “Брови чёрные, густые; речи длинные, пустые”. Неўзабаве зьявілася і першая вершаваная паэма, прысьвечаная Леаніду Ільлічу. Стылізаваная яна была пад вершы вядомай дзіцячай паэткі Агніі Барто.

Это что за Бармалей лезет к нам на мавзолей? Он густые брови носит, внятно слов не произносит…

Зь цягам часу любая палітычная падзея ў краіне знаходзіла сваё адлюстраваньне ў паэтычным самвыдаце. Варта было абмяняць чылійскага камуніста Карвалана на расейскага антыкамуніста Букоўскага, як тут жа па курылках і піўніцах пачаў гуляць вершык:

Обменяли хулигана на Луиса Корвалана. Где б найти такую б.., чтоб на Лёньку обменять?

Да гонару беларускіх паэтаў, яны антысаветчынай не займаліся, і не пакінулі па сабе вершаў пра Мікіту і Лёньку.
XS
SM
MD
LG