Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды адправяць сябраў “Партнэрства” М.Астрэйку і Ц.Дранчука?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр “Партнэрства” Мікола Астрэйка будзе адбываць пакараньне ў адной з калёніяў Магілёўскай вобласьці. Пра гэта нашаму карэспандэнту паведаміла маці асуджанага актывіста пасьля сустрэчы з сынам у сьледчым ізалятары.

Мінула два тыдні, як Менскі гарсуд пацьвердзіў прысуд актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку і Цімафею Дранчуку. Да гэтага часу не было вядома, дзе маладыя людзі будуць адбываць тэрміны зьняволеньня. Нагадаю, Міколу Астрэйку далі 2 гады калёніі, Цімафею Дранчуку — 1 год.

Сёньня, 27 верасьня, маці Міколы Астрэйкі Яўгеніі ўдалося атрымаць спатканьне з сынам. Падчас гэтага спатканьня жанчыне стала вядома, што яе сына адвязуць у адну з калёніяў Магілёўскай вобласьці, а Цімафея Дранчука — у калёнію ў Віцебску. Вось што паведаміла Яўгенія Астрэйка “Свабодзе” адразу пасьля спатканьня зь Міколам:

(Астрэйка: ) “Толькі вось скончылася маё апошняе спатканьне зь Міколам у ізалятары на Валадарскага. Адпраўляюць яго ў Магілёўскую вобласьць. Якая калёнія — пакуль ня ведаем, і калі адправяць дакладна — невядома. Ці заўтра, ці заўтра ў ноч. Цяпер ужо будзем чакаць лістоў адтуль, і тады буду ведаць дакладна.

Мікола адчувае сябе нармальна, пагаліў сваю бараду і кажа, што гатовы хутчэй ехаць у калёнію, бо спадзяецца, што там лепей. Хоць можна пагуляць, а тут жа толькі чатыры сьцяны, і ўсё. Адносна Цімафея Дранчука ёсьць зьвесткі, што яго накіруюць у Віцебск. А больш нічога ня кажуць. Кажуць, чакайце ліста адтуль”.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра накіраваньне Міколы Астрэйкі й Цімафея Дранчука ў калёніі Магілёўскай і Віцебскай абласьцей.



Нагадаем, “Партнэрства” плянавала наладзіць незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі, але сёлета ў лютым чатырох актывістаў “Партнэрства” арыштавалі. Пазьней іх асудзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Акрамя Міколы Астрэйкі й Цімафея Дранчука, на паўгоду зьняволеньня асудзілі Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую, якія ўжо выйшлі на волю.

Ніхто з актывістаў “Партнэрства” сябе вінаватымі не прызнаваў і тлумачыў перасьлед палітычнымі матывамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG